У сасудзе — без прасвету
На пытанні карэспандэнтаў, чытачоў і слухачоў адказала загадчыца Кардыялагічнага цэнтра Першамайскага раёна г. Мінска, урач-кардыёлаг вышэйшай катэгорыі Наталля ДАРАШЭВІЧ.
(Працяг. Пачатак у нумарах за 23, 24 снежня.)
"Звязда": Што можна сказаць аб сучасных прэпаратах для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі? Якія пабочныя эфекты яны маюць?
— Зараз да прэпаратаў для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі прад'яўляюцца новыя патрабаванні. Яны павінны не толькі зніжаць артэрыяльны ціск — як гэта было ў мінулым стагоддзі і як гэта рабілі адэльфан ці клафелін, а каб прэпараты абаранялі галаўны мозг, сэрца і ныркі. Да ліку такіх абаронцаў адносяцца, скажам, антаганісты кальцыю — амладзіпін. Прэпараты, якія не толькі зніжаюць ціск, але і максімальна захоўваюць сардэчную мышцу, — гэта інгібітары АПФ. Напрыклад, эналапрыл. Існуе і камбінаваная тэрапія для абароны адразу і сэрца, і галаўнога мозга — спалучэнне эналапрылу з амладзіпінам.
Паколькі мы вядзём размову пра хімічныя прэпараты, то маем на ўвазе, што ўсе яны даюць пэўныя пабочныя эфекты. Пры падборы прэпаратаў кардыёлагі заўсёды гэта ўлічваюць.
"Звязда": Ад чаго залежыць, якая колькасць гіпатэнзіўных сродкаў будзе прызначана пацыенту?
— Існуе ўмоўнае "правіла 20/10". Гэта калі да верхняга нармальнага ціску 140 мы дадаём 20, а да ніжняга 90 — 10 і атрымліваем 160/100. Гэта ціск, для лячэння якога патрэбна камбінаваная тэрапія, два і больш прэпараты. Аднак у сучаснай таблетцы можа быць і два, і болей прэпаратаў, прычым у меншай дазіроўцы, што дае меншы пабочны эфект і найбольшае гіпатэнзіўнае дзеянне. Акрамя таго, сучасны прэпарат павінен быць сутачнага дзеяння. Вось чаму мы ўсё часцей адыходзім ад эналапрылу, які дзейнічае ўсяго 12 гадзін і не так добра абараняе сардэчную мышцу, як нам хацелася б.
Калі ж чалавек перанёс інфаркт ці інсульт, то на нейкі тэрмін ціск у яго становіцца ніжэй. А значыць, для стабілізацыі ціску неабходна ўжо менш прэпаратаў, патрэбны прэпараты для лячэння глыбокіх змен у органах.
"Звязда": Што варта мець на ўвазе, калі чалавек перажыў некалькі інфарктаў ці інсультаў?
— Прэпараты, пра якія мы кажам, трэба піць пажыццёва, а гэта даволі цяжка. Чалавек можа проста не захацець гэта рабіць, а можа мець месца і матэрыяльны фактар. Ёсць пацыенты, якія думаюць, што прэпараты трэба піць да першага паляпшэння, а ёсць тыя, што самі сабе прызначаюць "курсы лячэння". З медыцынскага погляду, можа быць і "выслізганне" дозы. Прэпарат можа працаваць 2-4 гады, а потым эфект знізіцца, і трэба пераглядаць лячэнне, мяняць прэпарат ці павялічваць яго дозу. Нездарма ўсе нашы пацыенты знаходзяцца на дыспансэрным уліку і павінны рэгулярна звяртацца да ўрача.
"Звязда": Што акрамя прыхільнасці лячэнню павінны мець на ўвазе пацыенты пасля "ўдару"?
— Той жа інфаркт — гэта некроз і запаленне сэрца, а значыць, мы павінны пакрысе, з дапамогай інструктара аднавіць сардэчную мышцу. Па меры фарміравання рубца мы зможам дазволіць сабе большую фізічную нагрузку. Урач-рэабілітолаг вучыць правільнай фізічнай нагрузцы, паказвае спецыяльныя практыкаванні, навучае самакантролю за сваім станам.
— Мазырскі раён, Алена Васільеўна. У майго мужа павышаны ціск — 150/90. Як на такіх людзей дзейнічае алкаголь? Што з моцных напояў яму можна?
— Алкаголь павышае артэрыяльны ціск. Асабліва моцнаградусныя напоі і напоі невысокай якасці. Ёсць два этапы дзеяння алкаголю на арганізм чалавека. Першы — расшырэнне каранарных артэрый, кароткачасовае заспакаенне нервовай сістэмы, можа быць нават некаторае зніжэнне ціску. Другі этап — рэзкае павышэнне ціску, боль у сэрцы, парушэнне сардэчнага рытму. Існуе паняцце бяспечнай для сардэчна-сасудзістай сістэмы дозы алкаголю. Гэта 20 г этанолу, або 50 г любога 40-градуснага напою, або 200 г віна. Як кардыёлаг я не раю перавышаць устаноўленую дозу, а таксама змешваць напоі падчас аднаго застолля.
Што непасрэдна да вашага мужа, то калі ў яго ёсць хоць бы невялікія праблемы з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы, то ідэальна было б наогул адмовіцца ад алкаголю, паколькі ён досыць інтэнсіўна выводзіць калій з мышцы сэрца, што прыводзіць як мінімум да парушэння рытму.
— Асіповічы, Вольга Мікалаеўна, пенсіянерка. Падкажыце, ці можна пажылым людзям ужываць малочныя прадукты высокай тлустасці? Якія прадукты павышаюць халестэрын?
— Калі ў вас ужо ёсць праблемы з халестэрынам, вам абавязкова трэба звяртаць увагу на тлустасць любых прадуктаў, у тым ліку і малочных. Ужыванне тлустага малака будзе правакаваць развіццё ішэміі, як і іншы тлушч у нашым рацыёне. Многіх хвалюе, ці будзе засвойвацца кальцый, калі мы будзем ужываць 1,5- ці нават 0,5-працэнтнае малако? Трэба заўважыць, што паміж тлустасцю і карысцю малочных прадуктаў няма ніякай сувязі. Разам з тым, дапускаецца ўжыванне пэўнай колькасці тлушчаў чалавекам з устаноўленым дыягназам астэапарозу. Але ж астэапароз ёсць далёка не ва ўсіх, а сардэчна-сасудзістая паталогія — амаль ва ўсіх. Так што кантралюйце свой халестэрын. Калі ён павышаны — значыць, тлустае малако ці сыр не для вас. Масла можна ўжываць не больш як 5 г у суткі — гэта будзе тонкі слой на лусце хлеба.
Дарэчы, калі мы сочым за халестэрынам, то павінны ведаць, што яго ўзровень павышаюць і чай, і кава, і нават нятлустае мяса, бо яны змяшчаюць у сваім складзе гомацыстэін — рэчыва, якое спрыяе павышэнню ўзроўню халестэрыну. Звычайна тыя ж тлустыя прадукты лепш ужываць з гароднінай, клятчаткай, якая спрыяе вывядзенню лішку халестэрыну з арганізма... Дарэчы, чаму многія людзі не надаюць такому простаму і важнаму моманту належнай увагі? Я думаю, у тым ліку і таму, што працэс развіцця артэрыяльнай гіпертаніі расцягнуты ў часе. Ад моманту пачатку адкладання бляшак да развіцця ішэмічнай хваробы сэрца праходзіць у сярэднім каля дзесяці гадоў...
— Мінск, Еўдакія Васільеўна. Пасля клімаксу ў мяне пачаў узнімацца ціск, прымаю прэпараты. Але ж мяне турбуе левая рука, якая ноччу, падчас сну, неяк нямее. А яшчэ апухаюць ногі. З чым гэта можа быць звязана?
— Тое, што нямее рука, можа ўказваць на праблему з шыйна-грудным аддзелам пазваночніка. Трэба абследавацца ў неўролага і высветліць, ці не спрыяе сасудзістай паталогіі астэахандроз. Што да ног, то тут можа быць праблема з венамі, а можа быць, гэта наступства сардэчнай слабасці. Адно з ускладненняў артэрыяльнай гіпертэнзіі — сардэчная недастатковасць. Вам проста неабходна сачыць за ладам жыцця, паказчыкамі халестэрыну і ціску.
— Гомельская вобласць, Кірыл. Пры якіх хваробах сэрца не бяруць у армію?
— У прызыўной камісіі ёсць спецыяльны загад, дзе пазначаны тыя ўскладненні, хваробы, пры якіх маладыя людзі не падлягаюць прызыву. Кардыёлагі гэтым пытаннем не займаюцца.
Святлана БАРЫСЕНКА.
(Працяг будзе.)