"Чаму ў мяне канфіскавалі 8 тон лому?", або Кіньце, людзі, "гінуць" за метал
У гісторыі, якую мы збіраемся расказаць чытачам, дапамагчы канкрэтнай заяўніцы ўжо немагчыма. Ды і чым рэдакцыя магла паспрыяць? Хіба толькі даць параду. Адбыўся суд, жанчына атрымала штраф. Калі пажадае, яна ў прыватным парадку можа абскардзіць вынесенае рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Хоць, па праўдзе, пакаранне не такое ўжо і вялікае. Аднак здарэнне павінна стаць навукай як для гэтага канкрэтнага чалавека, так і для іншых чытачоў. Уласна, з гэтай нагоды мы і звяртаемся да нашай гісторыі, паколькі аналагічныя пытанні па "гарачай лініі" ўжо паступалі ў рэдакцыю. Толькі тады яны былі агульнымі, тэарэтычнымі, маўляў: "а што будзе, калі...", — адпаведна, вымагалі такога ж адказу. Тут жа ўсё — на рэальным прыкладзе. Такім чынам, наша размова пойдзе пра збор і здачу насельніцтвам лому чорных і каляровых металаў. Аднак напачатку паслухаем заяўніцу — жыхарку адной з вёсак Стаўбцоўскага раёна. Імя, прозвішча, адрас — усё гэта ў рэдакцыі ёсць, але мы пакінем гэтую інфармацыю "за кадрам".
— Як вядома, нарыхтоўчыя арганізацыі прымаюць ад насельніцтва лом чорных і каляровых металаў. Мы назбіралі кучу, а прыехаў АБЭЗ і ўсё канфіскаваў. Сказалі, незаконная дзейнасць. А чаму? Той лом быў цалкам бытавога паходжання: старыя вёдры, бітоны, каструлькі і іншае таго ж кшталту. Так, гэтыя рэчы былі не толькі з нашага асабістага падворка. Побач з вёскай ёсць звалка бытавых адходаў, многія там метал збіраюць. Збіралі і мы, — што ў тым такога?.. А днямі ў абласным гаспадарчым судзе разгледзелі нашу справу і аштрафавалі на дзве "мінімалкі". Мінімальнага пакарання дабіўся адвакат. Дык скажыце ўсё ж: што мы такога парушылі? — распавяла пра сваю сітуацыю жанчына.
Падчас размовы мы неаднойчы ўдакладнялі: ці сапраўды ў той кучы быў толькі лом бытавога паходжання? Так, пацвярджала заяўніца. І не патрапіла ў "агульную скарбонку" ні рысора ад машыны, ні які карданны вал? Толькі старыя вёдры, бітоны, каструлькі. Напрыканцы неяк мімаходзь пацікавіліся (сама жанчына пра тое не згадвала) колькасцю сабранага і канфіскаванага металалому. 8 тон, прагучала ў адказ...
Трэба сказаць, што існуе пералік, устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, згодна з якім у выпадку збору лому і адходаў у выглядзе прадметаў, скупка якіх адбываецца нарыхтоўчымі арганізацыямі за наяўны разлік у фізічных асоб, такая дзейнасць не патрабуе рэгістрацыі, і даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі ад гэтай дзейнасці, вызваляюцца ад падаходнага падатку. Прасцей кажучы, чалавек на законных падставах можа здаць у якасці другаснай сыравіны стары халадзільнік, кузаў аўтамабіля, тое ж вядро і зарабіць на гэтым нейкую капейчыну. Але — калі рэчы з уласнага падворка, гаспадаркі. Нават калі ўявіць, што тыя 8 тон складаліся цалкам з прадметаў бытавога паходжання, гэта колькі ж там павінна было б быць, прабачце, тых вядзёр? А калі сур'ёзна, нават з улікам таго, што лом збіраўся на звалцы і няхай сабе выключна "патрэбнага" паходжання, гэтыя 8 тон "цягнуць" на незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
— 8 122 кілаграмы лому чорных металаў, — удакладнілі ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Мінаблвыканкама.
— І не толькі бытавога паходжання, але і прамысловага, — дадалі ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Стаўбцоўскага РАУС. — Напрыклад, там былі часткі электраабсталявання, рухавікоў. Здачай другаснай сыравіны такога кшталту маюць права займацца толькі юрыдычныя асобы, насельніцтва ж можа здаваць нарыхтоўчым арганізацыям толькі лом бытавога паходжання. І збіраўся ён на працягу года. Гаворка ж не пра 100 кілаграмаў. 8 тон сведчаць пра тое, што людзі пераўтварылі справу ў незаконную крыніцу атрымання даходаў.
— Прыватная асоба не можа атрымаць ліцэнзію або дазвол на збор лому металаў. Нават у індывідуальнага прадпрымальніка тое не атрымаецца. Ліцэнзія, якую выдае Міністэрства прамысловасці, можа атрымаць толькі арганізацыя, — распавялі рэдакцыі ўжо ў вытворчым аддзеле прадпрыемства "Белдругрэсурсы".
Дык ці ёсць выйсце для людзей, якія хацелі б займацца зборам другаснай сыравіны, прычым на цалкам законных падставах? Такая магчымасць існуе.
— Мы можам прыняць чалавека на працу няштатным нарыхтоўшчыкам макулатуры, рыззя, металалому. Калі гаварыць пра апошні, дазваляецца збіраць ад насельніцтва толькі лом бытавога паходжання. Прамысловыя адходы не маем права скупліваць. Чалавек, які пажадае працаваць няштатным нарыхтоўшчыкам, будзе атрымліваць заробак па здзельнай схеме — ад сабранай колькасці, — адказалі на наша пытанне ў аддзеле нарыхтовак Стаўбцоўскага раённага спажывецкага таварыства.
Безумоўна, даходы ахвотнага ў апошнім выпадку будуць далёка не тымі, на якія разлічваюць многія, калі спрабуюць заняцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але чым можа скончыцца такі бізнэс можна ўбачыць на прыкладзе нашай чытачкі. Якой, можна сказаць, яшчэ пашчасціла, што атрымала мінімальнае адміністрацыйнае пакаранне.
Сяргей РАСОЛЬКА.