Дазвольце суседцы даглядаць суседа!
"У нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца састарэлым, інвалідам, адзінокім людзям. Пра гэта шмат распавядае і мая любімая "Звязда". Зразумела, інакш і быць не можа, бо гэта, бадай, самая неабароненая частка нашага насельніцтва. Сярод іх, на жаль, ёсць і адзінокія людзі, якія патрабуюць догляду, бо самастойна абслугоўваць сябе не могуць. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікла пытанне.
Урачэбная камісія зрабіла заключэнне, што адзінокі мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Дзяцей у яго няма, жыве адзін у вёсцы. Суседка, якая працуе на паўстаўкі, гатовая яго даглядаць. Але ж пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб такім доглядзе прадугледжана, што гэта можа рабіць толькі чалавек, які нідзе не працуе. Узровень жа беспрацоўя ў нашай краіне, як вядома, вельмі нізкі. Дзе ж узяць такога непрацуючага? У нашай вёсцы такіх няма. А калі і ёсць, то гэта так званыя бамжы, п'яніцы ды лайдакі. Яны за нейкія 350 тысяч рублёў будуць даглядаць старога? І нават калі той будзе аддаваць гэтаму лайдаку, п'яніцы сваю пенсію, можна ўявіць, які гэта будзе догляд.
Мне здаецца, што пастанова аб доглядзе састарэлых дыскрымінуе саміх састарэлых. Чамусьці пенсіянер мае права яшчэ дзесьці і працаваць, таму, хто працуе на стаўку, таксама дазваляецца падпрацоўваць у іншым месцы. А вось даглядаць адзінокага старога працуючым нельга. Нейкі нонсенс. Чаму? Можа, варта перагледзець гэтую пастанову і дазволіць рабіць догляд састарэлых не толькі непрацуючым, але і тым, хто працуе, або пенсіянерам?"
З павагай Васіль Пяшэвіч, Жыткавіцкі раён.
Па каментар мы звярнуліся да намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны.
Аляксандр РУМАК: "Расшырэння кола атрымальнікаў дапамогі па доглядзе не плануецца".
"Перш за ўсё адзначу, што згодна са шлюбна-сямейным заканадаўствам, клопат і дапамога непрацаздольным членам сям'і, у тым ліку інвалідам і састарэлым, — унутрысямейны абавязак. Такія абавязкі выконваюцца на бязвыплатнай аснове. Гэта адпавядае маральным устоям і традыцыям нашага грамадства.
Разам з тым, у мэтах дзяржаўнай матэрыяльнай падтрымкі працаздольных асоб, якія ў сувязі з неабходнасцю даглядаць інвалідаў першай групы або асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, вымушаны пакінуць сваё месца працы, прадугледжваецца магчымасць прызначэння ім дапамогі па доглядзе. Зыходзячы з гэтага, кола атрымальнікаў дапамогі абмяжоўваецца працаздольнымі асобамі, якія забяспечваюць інвалідам пастаянны догляд, і пры гэтым не маюць пастаяннай крыніцы даходу. Расшырэння кола атрымальнікаў дапамогі па доглядзе не плануецца.
Улічваючы акрэсленыя падыходы да прызначэння гэтай сацыяльнай дапамогі, асобам, якія ажыццяўляюць догляд інвалідаў альбо старых, але пры гэтым маюць пастаянны даход (у прыватнасці, зарплату, пенсію), дапамога не прызначаецца. У цэлым адзначу, што ў краіне шырока прадстаўлены такі інстытут сістэмы сацыяльнай абароны, як сацыяльнае абслугоўванне інвалідаў і пажылых грамадзян. Ва ўсіх адміністрацыйных раёнах краіны працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у якіх ёсць аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома, тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, дзённага знаходжання для інвалідаў і іншыя.
Па пытаннях прадастаўлення сацыяльных паслуг асобам, якія маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, у тым ліку дома, з улікам іх індывідуальных патрэб, неабходна звяртацца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства".
Падрыхтавала Надзея ДРЫЛА.