Ад любові да нянавісці...
Бацькі і дзеці — тэма банальная, але спрадвечная. Калі ў сям'і адносіны паміж бацькамі і дзецьмі складваюцца спакойныя, то ўжо гэта можна лічыць шчасцем. На вялікі жаль, далёка не заўсёды так бывае.
Размова ў нас пойдзе не аб праблемных сем'ях, у якіх бацькі п'юць гарэлку, а дзеці кінутыя, а пра тыя, у якіх усё было добра і здавалася, што так заўсёды будзе.
За гэтымі гісторыямі стаяць рэальныя людзі, таму і называць іх прозвішчы няма сэнсу. Цяжка ў тым ці іншым выпадку знайсці вінаватых. Так і хочацца сказаць: "Не мы такія, а жыццё такое".
Гісторыя першая
Калі сын ажаніўся, то бацькі-пенсіянеры паехалі жыць у вёску — у родную хату гаспадыні. Прыязджалі маладыя і дапамагалі па гаспадарцы, бо бацькі трымалі жывёлу ды і агароду было за 30 сотак. Ніхто не крыўдаваў — ад гаспадаркі была аддача. Праблемы ўзніклі праз 15 гадоў, калі бацькі пачалі хварэць і вырашылі вярнуцца ў горад. Жыць у вёсцы, дзе няма ніякіх выгод, пажылым нялёгка, асабліва зімой. Але ж і ў двухпакаёвай кватэры, акрамя сына і нявесткі, двое ўнукаў — цесна. Хоць пенсіянеры і былі гаспадарамі кватэры, але і сям'я сына была там прапісана — усе мелі права на жыллё. Бацькі занялі меншы пакой і адчулі, што ад былой любові нічога не засталося. Нават унукі не ідуць на кантакт з дзедам і бабай, а нявестка — ні слова. Можна было б зачыніцца ў сваім пакоі і сядзець, але ж шляхі перасякаліся на кухні, у ваннай, ды і на балкон нявестка ішла праз пакой бацькоў. Штодня крыкі і скандалы, часта прыязджала "хуткая дапамога", бо ў састарэлых павышаўся ціск. Сямейную вайну выйгралі маладыя. Першай памерла гаспадыня, а неўзабаве ў лепшы свет адышоў і бацька.
Гісторыя другая
Яна адрозніваецца ад першай тым, што дзеці мелі сваё жыллё і жылі не бедна, але адносіны да бацькі рэзка перамяніліся, калі пасля смерці маці, праз нейкі год, ён паклікаў да сябе сына з дачкой і сказаў:
— Я, як сыч, адзін сяджу. Мо мне трэба жаніцца?
Пачуўшы такое, дачка пабялела, а твар сына наліўся крывёю.
— Колькі табе гадоў! Ты думаеш, прыйдзе нейкая там і будзе даглядаць цябе? Ёй кватэра патрэбна! — успыхнула дачка.
Кватэра была трохпакаёвая, і дзеці ўжо мелі наконт яе сваё меркаванне. Пасля гэтай размовы дзеці захваляваліся. Праз нейкі дзень дачка прапанавала падсяліць да дзеда ўнучку.
— Калі табе так адзінока, то няхай з табой жыве Аксана. Табе весялей будзе, ды і па кватэры яна дапаможа.
Пачуўшы пра такі варыянт, узбунтаваўся брат:
— А чаму б не маю Віку прапісаць? У мяне такія закіды не пройдуць.
Кожны баяўся ўпусціць кватэру, бо калі нехта будзе на жыл- плошчы зарэгістраваны, то шанцы на кватэру рэзка ўзрастуць.
Паміж дзецьмі пралёг цень недаверу, і да бацькі з'явілася насцярожанасць. Але нягледзячы на адгаворы, 63-гадовы пенсіянер ажаніўся і ўжо дзесяць гадоў жыве з другой жанчынай "душа ў душу". А вось дзеці да бацькі не прыязджаюць — як адрэзала.
Гісторыя трэцяя
Маці захварэла і аслабла. Хворай патрэбен догляд, а ніхто з чатырох дзяцей забіраць не хоча. Усе працуюць і ківаюць адно на аднаго. Напрыклад: "Табе будзе лепш: у цябе дзяцей менш..." — "А ў цябе кватэра большая..."
Старэйшая дачка заявіла, што яна не супраць узяць маці, але тады і кватэра маці павінна дастацца ёй.
— О-о, не! Ні ў якім разе, — падняліся "на дыбкі" астатнія дзеці, — кватэра на ўсіх.
Гэтая гісторыя яшчэ не закончылася, і што будзе са старой, калі яна зляжа?
А пакуль састарэлую наведваюць па чарзе.
Гісторый у розных варыяцыях можа быць шмат, і іншым разам цяжка сказаць, на чыім баку праўда.
У Ляснянскім доме для састарэлых мне давялося сустрэць хворага мужчыну з Брэста.
Калі чалавек захварэў, то жонка з дачкой рабілі ўсё, каб хворага выжыць з кватэры. А ён выстаяў у той барацьбе. Падзяліў кватэру, свой пакой прадаў, і тыя пяць тысяч долараў перадаў дому-інтэрнату, які выдзеліў яму асобны пакой. Чалавек аказаўся ў доглядзе, чысціні, урач кожны дзень наведвае, насупраць ложка — тэлевізар, і на прагулку вывозяць...
Дом-інтэрнат, безумоўна, не лепшы варыянт для састарэлых, бо там далёка не кожнаму даюць асобны пакой, ды і ўвогуле... Хоць, упэўнены, далёка не ўсіх састарэлых так даглядаюць дзеці.
Але ж бацькі часта да канца стаяць на сваім, шкадуюць дзяцей, якія ў хуткім часе самі будуць пенсіянерамі. "Няхай хоць заб'е мяне, але з хаты не выганю", — кажа іншым разам маці.
Дзеці думаюць, што заўсёды будуць маладымі, старасць іх не закране. І бацькі ўспрымаюцца часам як адпрацаваны матэрыял, які перашкаджае жыць маладым...
Жыццё ў чалавека адно, і кожны хацеў бы памерці ў сваім ложку пры дзецях і ўнуках, але рэчаіснасць часта дыктуе сваё.
Сымон Свістуновіч.