"Дзе Жукаў, там і Перамога"
У Беларусі адзначылі 115-годдзе з дня народзінаў Георгія Жукава
115-ю гадавіну з дня народзінаў маршала Перамогі, чатыры разы Героя Савецкага Саюза Георгія ЖУКАВА ў Мінску адзначылі правядзеннем урачыстага мітынгу, святочнага канцэрта, а таксама цэлага шэрагу сустрэч членаў беларускага аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Г.К. Жукава са школьнікамі і вайскоўцамі.
Што тычыцца ўрачыстага мітынгу, то гэтае мерапрыемства адбылося 1 снежня ў скверы імя Жукава, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Чыгуначнай і праспекта імя Жукава: да бюста палкаводца прадстаўнікі дзяржорганаў, замежных дзяржаў, Міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Жукава, ветэраны і школьнікі ўсклалі кветкі і вянкі.
Дарэчы, тут жа адбылося прыняцце некаторых школьнікаў у піянеры: маладым людзям піянерскія гальштукі завязалі ва ўрачыстай абстаноўцы.
Нагадаем, што лёс Георгія Жукава шчыльна звязаны з беларускай зямлёй — ён праслужыў у войсках Беларускай вайсковай акругі з 1922 па 1939 год: пачынаў камандзірам кавалерыйскага эскадрона, а скончыў — намеснікам камандуючага Беларускай ваеннай акругі. Але, бадай, асабліва ярка яго палкаводчы талент праявіўся падчас Вялікай Айчыннай вайны — ён быў членам Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, а пазней намеснікам Сталіна — на гэтай пасадзе ён каардынаваў дзеянні армій і франтоў на самых адказных участках баявых дзеянняў. У тым ліку Георгій Канстанцінавіч каардынаваў і дзеянні войскаў 1-га і 2-га Беларускага франтоў у славутай аперацыі "Баграціён" па разгроме варожай групоўкі "Цэнтр" на тэрыторыі Беларусі, камандаваў 1-м Беларускім фронтам пры ўзяцці Берліна.
"Дзе Жукаў, там перамога", — гаварылі салдаты, афіцэры і генералы на франтах. Гэтае прозвішча ўздымала баявы дух, надавала франтавікам і тылавікам дадатковую веру і надзею ў Перамогу. Так што Георгія Жукава невыпадкова называлі маршалам Перамогі.
Павел БЕРАСНЕЎ.