Дар'я Домрачава пачала сезон з перамогі
Беларуска выйграла індывідуальную гонку і зарабіла 11 тысяч еўра
У біятланістаў стартаваў новы сезон, прычым для беларускіх аматараў гэтага віду спорту ён пачынаецца з перамогі: Дар'я Домрачава на першай індывідуальнай гонцы на 15 км заваявала золата! І пачынае сезон з той прыступкі п'едэстала, на якой заканчвала леташні. Але ў мінулым годзе яе шлях да золата быў доўгім: дзесяць разоў Дар'я займала прызавыя месцы на этапах Кубка свету, але найвышэйшую прыступку заняла ў мас-старце толькі на апошнім этапе.
Зараз Домрачава дэманструе нядрэнную падрыхтоўку: яе вынік 47:15,6 з двума промахамі на чатырох агнявых рубяжах. Па хуткасці Дар'я апярэдзіла сваю найбліжэйшую пераследніцу Магдалену Нойнер на 41 секунду. Да таго ж немка, падышоўшы да апошняй стральбы з адным промахам, там двойчы не трапіла ў цэль. Таму Нойнер стала толькі трэцяй і растлумачыла такі вынік сваёй маруднай укаткай у сезон. Другой стала шведка Ганна-Марыя Нільсан — у яе адзін промах і адставанне ад Домрачавай на 1 хвіліну 18 секунд. Перамога Дар'і далася няпроста: адно надвор'е з парывістым ветрам і дробным дажджом і снегам чаго вартае. Біятланістка прызналася, што на другім крузе думала, што гонцы час заканчвацца:
— На мінулым тыдні, выступаючы на кубку ІBU, я дапусціла шэсць промахаў у спрынце. Таму сёння мне было ўжо нічога не страшна. Аднак на другім крузе я ледзь не перарвала гонку. Справа ў тым, што я вельмі хутка пачала спаборніцтвы, быццам бы гэта спрынт, і ў пэўны момант мне стала вельмі цяжка.
Спартсменка заўважыла, што вырашальную ролю адыграла стральба:
— Сёння я была цалкам сканцэнтраваная, да таго ж мне пашчасціла з умовамі на стрэльбішчы, бо часам падымаўся парывісты вецер, прычым рознай сілы. У цэлым я адчувала сябе больш упэўнена, бо побач быў Клаус Зіберт, гэтая перамога вельмі важная для яго і для каманды, — сказала Дар'я пасля гонкі.
У агульны залік Кубка свету Дар'я прынесла 60 ачкоў і заняла першае месца. Да таго ж за выйгрыш спартсменка зарабіла 11 тысяч еўра, што таксама нядрэнна.
Алена АЎЧЫННІКАВА.