Першая дэкада снежня чакаецца анамальна цёплай
Паводле разлікаў айчынных сіноптыкаў, сярэднедэкадная тэмпература першых 10 дзён зімы будзе прыкладна на 3—5 градусаў вышэй за норму. Аб гэтым рэдакцыі паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Людміла Парашчук.
Так, у гэтыя выхадныя, пад уплывам актыўных цыклонаў з Атлантыкі, чакаецца дажджлівае надвор'е. Тэмпература ў суботу 1—6 цяпла. У нядзелю надвор'е ўвогуле сапсуецца — узмацніцца вецер, стане даволі пахмурна, магчымы дождж. Тэмпература ўначы ад 0 да плюс 5, удзень — 1—8 цяпла.
Беларускія сіноптыкі прагназуюць, што панядзелак на наступным тыдні стане самым цёплым днём снежня. Тады зноў чакаюцца дажджы, а тэмпература паветра ўначы будзе ў межах плюс 1—6 градусаў, удзень — ажно 3—9 цяпла! Вось такі пачатак беларускай зімы...
Аднак ужо з аўторка да нас завітае больш халоднае паветра са Скандынавіі. Тады дождж зменіцца на мокры снег і дождж, а тэмпература паветра на працягу сутак чакаецца каля 0. Згодна з папярэднімі прагнозамі, у сераду і чацвер стане яшчэ халадней, калі ўначы будзе ад мінус 5 да плюс 1 градуса, удзень — каля 0.
Спецыялісты падлічылі, што пасля 1951 года сёлета назіраўся толькі другі выпадак такой сухой восені. А ўвогуле самым сухім месяцам восені стаў лістапад, калі ў краіне выпала ўсяго 14 міліметраў ападкаў (норма складае 49 мм). Гэтая восень была не толькі вельмі сухой, але і анамальна цёплай, што бывае раз у 5—6 гадоў. Самая цёплая восень была зафіксавана ў 1967 годзе, калі сярэдняя тэмпература трох месяцаў была плюс 9 градусаў (сёлета было плюс 7).
Што нас чакае гэтай зімой? Згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі гідраметцэнтра Беларусі, снежань будзе недзе на 1 градус цяплей за норму. Ападкаў у першы месяц зімы чакаецца дастаткова — не менш за норму. Сезонны холад завітае да нас толькі ў другой дэкадзе зімы. А вось сапраўды зімовае надвор'е ўсталюецца на тэрыторыі Беларусі ў трэцяй дэкадзе снежня, калі прагназуецца ўпэўнены пераход тэмпературы паветра праз 0 у бок маразоў.
Сяргей КУРКАЧ.