Янка ЛАЙКОЎ - ПАЛЯВАННЕ
Выехалі на паляванне тры вершнікі
бязлітасны час
міласэрны час
абыякавы час
гудзе паляўнічы рог
коні панура брыдуць
праз вечнасць
напяты слых
кропка ў небе
тры стрэлы
бязлітасны час параніў
міласэрны час забіў
абыякавы час
пусціў сабе кулю ў сэрца
на пустэльнай зямлі
сцякае крывёй
мёртвая памяць
* * *
Слухай ноч,
працятую аглушальнаю цішаю,
слухай, як напінаецца ціш,
выштурхоўвае нас з сябе, —
нараджаецца, вышае,
уздымаецца над прасцягамі,
уразаецца ў сэрца глыбей
нешта, што ёсць невымоўнае,
неспазнанае, поўнае
жуды, трымцення смяротнага,
прагі жыцця,
нешта таемнае, роспачнае,
малітоўнае,
даверлівае і кволае, святое, нібы дзіця...
Слухай ноч, слухай ноч,
ашалелую, агаломшаную
тысячамі нябачных маланак,
пасланых звыш.
Нешта вечнае — там, яно большае, большае,
захінае сабою Сусвет
і пераўтвараецца ў ціш.
ТОЙ БЕРАГ
Я памятаю, як Рака
гайдала ў водах цьмяных човен.
І нехта ў апранахах чорных
усіх, хто позніўся, гукаў.
І ў цемры нараджаўся стогн,
імкнуў да столі невідочнай.
Чакалі мы. І нашы вочы
пыталі марна: "Дзе ты, Бог?"
Шырэлі на вадзе кругі,шырэў
адчай на тварах шэрых.
І аддаляўся ў цемру бераг,
і набліжаўся той, другі.
Міналі хвілі, як гады,
трымцеў і нёсся ўгору пошчак.
І мы спыталі: "Перавозчык!
Куды вязеш ты нас, куды?"
І не пачулі мы адказ:
"У Небыццё вязу я вас!.."
ТАЙНА
Двое стаялі ля вышняй брамы,
насустрач Анёл ім выйшаў:
"Вы хто?" —
"Мы шукаем праўды,
але не зямной, а вышняй."
Тады Анёл Аднаго паклікаў:
"Ідзі, для цябе
адчыняю Браму!"
І той увайшоў у праём.
І знік ён.
І ўслед яму гучала:
"Абраны..."
"Чаму? — запытаўся пасля
нябога, —
За Брамай — якаясь тайна?"
Анёл прашаптаў:
"Там няма нічога..."
І зарыдаў адчайна.
* * *
Вятры нізеюць за смугой,
снягі валодаюць самотай,
сляза сцякае за слязой
нібы пакрыўджана, употай.
Няхай віруе злы мой лёс,
мне даспадобы гэта роспач,
бо ўласных я не бачу слёз —
паэзія мне засціць вочы.
ДЗЕІ
датыкаюся да вытокаў
блытаюся ў нябачнай сетцы
дранцвею атручаны чаканнем
абуджаюся прасветлены
цемраю
выкоўзваюся з абдымкаў сну
выкоўзваюся ў бяссонне
аддаю даніну бяссэнсіцы
гукаю ў пустой прасторы
змагаюся да знямогі
трымаю тайну
маю надзею на жыццё
* * *
<І>Крык
развінае крылы
на ўсе бакі небасхілу
і ападае, спрахлы,
у нетры страху.
А я,
непрытомны,
прымрою раптоўна:
то душа твая
беспрытульная
вусціш дратуе:
"Ратуй мяне!.."