Рок-эксперыменты з аркестрам
Па 15 лістапада ў Беларусі пройдзе адзін з найбуйнейшых айчынных міжнародных музычных фестываляў "Беларуская музычная восень". Адметнасцю сёлетняга 38 фэсту стане тое, што разнастайную музыку ў якасным выкананні змогуць пачуць не толькі жыхары нашай сталіцы.
Пройдзе больш за 25 разнастайных канцэртаў у розных жанрах ад класічнай музыкі да джазу і фальклору. Фестываль заўжды каштоўны тым, што адкрывае вельмі шмат маладых перспектыўных айчынных музыкантаў. Сёлета ён нават пакажа іх у невялікіх беларускіх гарадах — у Пінску, Лідзе, Нясвіжы, Маладзечне, Беразіно, Жодзіне, Старых Дарогах...
Нягледзячы на тое, што сёлета ў фестывалі ўдзельнічае ўсяго 5 краін (Беларусь, Расія, Польшча, Італія, ЗША), а летась, напрыклад, удзельнічала 15, праграма гэтага года не менш цікавая і насычаная. Музыка Сяргея Пракоф'ева да 120-годдзя кампазітара прагучыць у выкананні Назара Джурына (Украіна — ЗША) і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Арганная музыка Баха, Мендэльсона, Рабава, Франка, Босі, Рэгера, Відора прагучыць у выкананні заслужанага артыста Расіі Аляксандра Фісейскага і Карла Тунэзі. Магічную дату 11.11.11 выбраў для свайго канцэрта таленавіты дырыжор, заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў. 11 лістапада 2011 года прагучыць праграма "Салют, Кармэн!" на музыку Жоржа Бізэ.
Кампазітар Уладзімір Гаркуша, вучань Яўгена Глебава, напісаў Сімфонію № 2, прысвечаную свайму вядомаму настаўніку. Першае выкананне сімфоніі — 4 лістапада.
Самая прыемная для аматараў музыкі навіна ў тым, што кошт квіткоў на "Беларускую музычную восень" застанецца такім жа, як і кошт на любыя канцэрты Белдзяржфілармоніі: ад 15 да 50 тысяч. Магчыма, таму, што квіткі не падаражэлі, нягледзячы на фінансавы крызіс, паспрыяла тое, што генеральным партнёрам фестывалю сёлета з'яўляецца "Белзнешэканамбанк". Будзем спадзявацца, што багатыя беларускія мецэнацкія традыцыі працягнуцца, і буйныя паспяховыя кампаніі і ўстановы будуць падтрымліваць культуру і надалей.
Наступны сезон для Белдзяржфілармоніі юбілейны — 75-ы. Таму і планы для "Беларускай музычнай восені" налета маштабныя. Галоўным чынам, арганізатары хочуць вярнуцца да каранёў — зрабіць вялікую праграму з удзелам беларускіх музыкантаў з усяго свету. Дапамагчы з іх пошукам Белдзяржфілармоніі паабяцалі амбасады Беларусі ў розных краінах. А Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава пойдзе, магчыма, на чарговы эксперымент. У кастрычніку аркестр вельмі паспяхова выступіў з вядомым украінскім рок-гуртом "Акіян Эльзы". Раней аркестр выступаў з гуртамі "Новы Іерусалім" і Sсоrріоns. У юбілейным 75-м сезоне сімфанічны аркестр не збіраецца адмаўляцца ад рок-эксперыментаў.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.