Можа і адпомсціць...
У славянскай міфалогіі бусел звязаны з богам маланкі і грому — Перуном. Ствараецца ўражанне, што гэтая птушка знаходзілася пад своеасаблівай аховай галоўнага бога славянскага пантэона: "Дзе бусел гняздзіцца, там перуны не б'юць і град не падае".
У 1977 годзе жыхар в. Вялікі Рожын Салігорскага раёна Мікалай Коўчын (1910 г.н.), а потым і жыхарка з в.Чудзін Ганцавіцкага раёна Марыя Цалагус (1909 г.н.) расказалі нам пра тое, што буслы маглі прадказваць, ці будзе ўраджайным год. Калі бусел выкідваў са свайго гнязда яйка, лічылася, што год будзе неўраджайным, калі ж ён выкідваў з гнязда бусляня, то гэта прадказвала вельмі нешчаслівы год.
У вёсцы Згурск Чэрвеньскага раёна доўгі час жылі дзве пары буслоў. Аднойчы адна з іх так і не прыляцела ў сваё гняздо. У той год памёр гаспадар хаты, каля якой калісьці сяліліся буслы.
Паводле вераванняў нашых продкаў, калі вясной бусліная сям'я не вярталася ў сваё гняздо, то гэта прадказвала няшчасці: паморак, пажар, паводку або яшчэ якую бяду, якая магла здарыцца або ў гэтай хаце, або ў вёсцы.
Традыцыі стасункаў з райскай птушкай прадугледжвала не толькі максімальнае спрыянне буслінай сям'і, але і забарону чапаць (разбураць) яго гняздо: "Дрэва, на якім бусел гняздо сваё сцеле, нельга сячы, бо гэта можа выклікаць няшчасце ў гаспадарцы".
Шанавалі бусла як карыснае стварэнне, якое нішчыць жаб, змей і вужоў. Але буслоў таксама баяліся, калі яны праляталі паблізу вясковых сяліб, бо верылі, што яны могуць распаліць пажар, кінуўшы на дах хаты запаленую галавешку або нават уторкнуўшы яе пад страху.
Лічылася, што буслы вельмі помслівыя. Яны могуць нарабіць вялікую шкоду тым, хто парушыў буслінае гняздо. Аднойчы за тое, што гаспадар знішчыў буслінае гняздо, адна з птушак прынесла і паклала на комін вялікі кавалак шкла. Як толькі запальвалі ў печы, увесь дым "валіў" на хату.
Забіць бусла лічылася страшным грахом. Чалавека, які гэта зрабіў, маглі напаткаць самыя неверагодныя непрыемнасці.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.