Сем цудаў нашай рэчаіснасці

Источник материала:  

І першы цуд, вядома, долар. То ён знік з канцамі, то з'явіўся: бяры — не хачу. Калі долараў не было ў абменніках, нам нярэдка казалі: "А навошта вам чужая зялёная валюта, усё ж можна купіць за свае?" Так, купіць можна амаль усё, а вось выехаць нават на тры кіламетры ад мяжы без гэтых злашчасных чужых — ні нагой. Ну як, седзячы, напрыклад, у Брэсце, не з'ездзіць у былы яго прыгарад — Цярэспаль альбо не наведацца ў суседнюю Украіну? За свае можна толькі білет купіць у адзін бок, ды і то ўкраінскі, а ў Польшчу візу за свае, як вядома, не адкрыеш.

Нам, многія памятаюць, казалі летам, што на замежныя паездкі можна набыць валюту ў банку, а на паездкі, звязаныя з лячэннем, зусім без праблем. На справе аказалася, мякка кажучы, больш складана. Ну вось летам, напрыклад, я купляла пуцёўку на тур па Еўропе. Некаторыя таварышы па групе, кліенты фірмы "Крыс", адразу пабеглі ў банк — там толькі пасмяяліся. З кліенткай гэтай жа фірмы, якая набывала пуцёўку на лячэнне ў санаторый "Сакі" гаварылі сур'ёзна, ветліва. А тэкст быў прыкладна такі: "Мы разумеем, мы спачуваем, мы б з дарагой душой, але валюты ў нас нямашака". Расповед гэтай дамы я чамусьці ўспомніла, калі Прэзідэнт на адной з нарад ўшчуваў чыноўнікаў: "Мы ведаем, хто і колькі валюты набраў пад шумок". Чаму ўспомніла, праніклівы чытач няхай здагадаецца сам.

Але нарэшце долар з'явіўся — здавалася б, праблема нейкім чынам вырашаецца. Бо без долара не толькі за мяжу не паедзеш, не купіш сёння кватэру, машыну, дачу, не збярэш патрэбную суму на драбнейшыя набыткі. Гэта ўсім зразумела, і не варта лішні раз абмяркоўваць. Дык вось цікавая рэч заўважана аўтарам на гэтым доларавым дастатку. Так, 21 верасня ранкам, у адным з аддзяленняў банка ў Брэсце долар куплялі па 7100 рублёў, прадавалі па 8050. Еўра адпаведна меў нажніцы прыкладна ў паўтары тысячы рублёў. Хіба не цуд? Пры гэтым нам кажуць, што долар стаў падаць. Відаць, банкі так разумеюць рынкавыя адносіны, што розніцу ў курсе можна ўстанаўліваць адвольна. У гэтай сувязі ўспамінаецца выказванне адваката Міхаіла Хадаркоўскага, які задаваў рытарычнае пытанне суду: "Чаму купля нафты па адной цане, а продаж яе па іншай аднаму залічваецца як бізнэс, а другому як крымінал?". Я гэта да таго, што калі ўявіць немагчымае — долар упадзе да адзнакі пяць тысяч, то гэта азначае, хутчэй за ўсё, што купляць яго будуць па пяць, а прадаваць... ніхто не ведае.

Ды ў рэшце рэшт пакінем долар у спакоі, тым больш, што ехаць нікуды не хочацца, калі спатыкнешся з іншым цудам нашага жыцця — адкрыццём візы. Каб адкрыць шэнгенскую візу, напрыклад, у польскім консульстве, патрэбна запрашэнне. Бярэцца да ўвагі нават запрашэнне для шопінгу ў крамах. Але каб яго атрымаць, трэба спачатку паехаць. Паехаць можна, адкрыўшы папярэдне візу. Ёсць, вядома, нейкія абыходныя шляхі. Чула, што знаёмыя бяруць запрашэнні знаёмым, купляюць гэтую паперу нейкім чынам за 20 долараў ці іншую суму. Нашы дыпламатычныя ўстановы дзейнічаюць, відаць, адпаведна. Такім чынам, законапаслухмянаму чалавеку трэба падмануць дзве дзяржавы, каб потым за свае грошы атрымаць жаданую адзнаку ў пашпарце. Вядома, такая працэдура адсейвае многіх ахвотных паехаць. Відаць, на тое і быў разлік, каб менш нас наведвала краіны Еўрасаюза.

А то нядаўна здарыўся канфуз: у адным з супермаркетаў памежнага польскага горада брастаўчане набіралі надта многа харчовых тавараў. І адміністратар магазіна прыняў рашэнне тут жа ўвесці нормы продажу ў адны рукі. Потым пакрыўджаныя пакупнікі паскардзіліся на парушэнне іх правоў. Адміністрацыя гандлёвай кропкі выбачалася. Але прэцэдэнт сведчыць яшчэ аб адным цудзе цяперашняга жыцця: тавараў на паліцах нашых крам усё менш і менш, асартымент значна бяднейшы, хоць вытворчасць не скарачаецца.

Звычайна, як іду з працы вечарам, то ні ў адной з малых крамак, якія мне па дарозе, няма ні масла, ні тварагу, а часам і малака з кефірам. Нічога не застаецца, як шыбаваць у супермаркет, але і там выбар невялікі. А раней жа было так зручна.

Прадавачка адной з гэтых крам гаворыць, што тварагу і масла зараз даюць па адной упакоўцы, якія разыходзяцца ў першыя гадзіны. Кобрынскага сыру, які любяць брастаўчане, наогул не паступала за апошні месяц, мотальскіх каўбас больш не возяць, а раней — кожны чацвер.

У чэргах кажуць, што цяпер усё ідзе на Расію. Гэта выгадна вытворцам. Сябе ж можна забяспечваць па астаткавым прынцыпе, як было ў далёкія савецкія часы: свінакомплексы будавалі па ўсёй Брэсцкай вобласці — мяса ў магазінах не бачылі. Але тады ў пару дэфіцыту цэны стаялі на месцы. А цяпер вось цуд: цэны растуць кожны дзень, а дэфіцыт таксама паступова вымалёўваецца. Красамоўнай ілюстрацыяй да сказанага можа быць вітрына кіёска на прыпынку "28 Ліпеня", дзе я штодня чакаю тралейбус. Раней там ад усялякай драбязы вочы разбягаліся. Сёння гляджу: паліцы за шклом спрэс застаўлены пачкамі чаю на адлегласці сантыметраў 15 адзін ад аднаго і, даруйце, штодзённымі пракладкамі айчыннай вытворчасці.

Даўно прапалі з продажу аўсяныя шматкі, якія выпускала прадпрыемства ў Гомельскай вобласці. Свіныя галовы і ногі ў спецыялізаваных крамах мясакамбінатаў разбіраюць пенсіянеры, якія займаюць чаргу загадзя. Можа, у сталічным гандлі справы ідуць лепш, а ў нашай правінцыі на мяжы з Еўрасаюзам вось так.

І самы наш галоўнейшы цуд — цэны. Каб хто сказаў, калі яны нарэшце спыняцца, таму не шкада было б якую-небудзь спецыяльную прэмію прызначыць. Вядома, так супала, але як толькі аб'явілі, што большасці дарослага насельніцтва выплачваецца дапамога на закупку сельгаспрадукцыі, цэны "выстралілі" ў чарговы раз. Асабліва гэта хвалюе сем'і, дзе штодзень трэба карміць дваіх-траіх дзяцей, вучыць іх. Не лепшыя думкі ў гарадскіх адзінокіх пенсіянераў, якія павінны са сваёй пенсіі аплачваць камунальныя, лякарствы, а яшчэ ж трэба нешта з'есці. Ды і наогул чалавек, які працуе, павінен мець магчымасць больш-менш прыстойна ўтрымліваць сям'ю. Гэта альфа і амега, на якіх трымаецца любая дзяржава. Калі ж уявіць сёння, напрыклад, сям'ю маладых настаўніка і медсястры, якія маюць дваіх дзяцей і крэдыт за жыллё, у разрэзе сённяшніх цэн, то гэта цуд, калі іх дзеці не галодныя. Гэта азначае толькі адно, што сям'і дапамагаюць бацькі мужа і жонкі. А калі ў каго няма бацькоў, альбо яны па нейкіх прычынах не могуць дапамагчы?

Таму ўлада, чыноўнікі, міністры павінны варушыцца, прыцягваць свежыя маладыя сілы, ствараць нейкі мазгавы цэнтр, з дапамогай якога выдаць праграму выхаду з гэтай сітуацыі і стварыць цуд — найперш утаймаваць цэны. А далей дзейнічаць па праграме.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Гражданские права в Беларуси находятся под бременем закона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика