Я — культура

Источник материала:  

Мінск патрапіў у лік 10 сусветных сталіц, дзе адбудзецца маштабная ўсебаковая прэзентацыя польскай культуры пад назвай "І, СULTURЕ" ("Я, КУЛЬТУРА"). Сярод іншых гарадоў: Токіа, Кіеў, Масква, Брусэль, Пекін, Берлін, Парыж, Мадрыд, Лондан. Такая вялікая культурная акцыя адбываецца з нагоды старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе ў 2011 годзе.

Днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася прэзентацыя праграмы "І, СULTURЕ" ў Мінску.

— Нас з Польшчай аб'ядноўвае шмат: агульная гісторыя, агульная культура. Кожны з нас — носьбіт культуры, таму культурны абмен паміж рознымі народамі надзвычайна важны, — перакананы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

А таму цягам некалькіх месяцаў на розных пляцоўках беларускай сталіцы і нават у абласных цэнтрах будуць праходзіць разнастайныя музычныя, тэатральныя, літаратурныя і кінематаграфічныя мерапрыемствы. Шэраг імпрэз прысвечана творчасці Чэслава Мілаша, пра якія "Звязда" нядаўна пісала. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудуцца канцэрты Караля Шыманоўскага, якога палякі называюць другім па значнасці, пасля Шапэна, польскім кампазітарам. Вялікі тэатральны перформанс "РLАNЕTА LЕM (РL)", прысвечаны вядомаму пісьменніку-фантасту Станіславу Лему, адбудзецца 11 лістапада ў Палацы спорту. Таксама ў рамках культурнага праекта пройдзе паказ дакументальных фільмаў пад агульнай назвай "Даведнік па паляках", якія мусяць падрабязней распавесці беларусам пра польскую рок-музыку, моду, народныя традыцыі і іншыя сферы культурнага жыцця. Выстава твораў беларускага мастака польскага паходжання Фердынанда Рушчыца пачне працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі з сярэдзіны лістапада. Гэта ўнікальная магчымасць для беларусаў пабачыць нарэшце шмат карцін Рушчыца ў беларускім музеі. Пакуль што Нацыянальны музей Беларусі мае ўсяго адну карціну Рушчыца "Ля касцёла".

Завяршыцца "І, СULTURЕ" стварэннем пазл-палатна з назвай праекта. Кожная з 10 сталіц-удзельніц павінна будзе стварыць свой фрагмент для гэтага пэчворк-твора.

Цікава, што "І, СULTURЕ" будзе гарманічна спалучацца і з падзеямі, якія плануюцца беларусамі ў культурным жыцці Мінска. Так, у пазаконкурсную праграму кінафестывалю "Лістапад", які адбудзецца 5-12 лістапада, будзе ўключана 9 польскіх карцін. Маладое польскае кіно сёння вельмі імкліва развіваецца, таму ў конкурснай праграме будуць удзельнічаць тры польскія фільмы. Дарэчы, штогод у Польшчы здымаецца каля 40 мастацкіх поўнаметражных фільмаў.

Вядомы польскі рэжысёр, амбасадар польскай культуры ў свеце Кшыштаф Занусі таксама прысутнічаў у Мінску на прэзентацыі праграмы "І, СULTURЕ". Мы маем цудоўную магчымасць пазнаёміцца з польскай культурай ва ўсіх праявах, але галоўным пытаннем да пана Кшыштафа было, што ён ведае пра беларускую культуру, пра беларускае кіно.

Я — культура

  — Безумоўна, я вельмі цікаўлюся беларускай культурай. Але што тычыцца кіно, то менавіта беларускага кіно я проста не бачу. Тое, што я бачу, усё на рускай мове — нават калі гэта знята на "Беларусьфільме", — распавядае Кшыштаф Занусі. — А беларускія партызанскія гісторыі ўжо ніхто не хоча глядзець. З камерцыйнага пункту гледжання ваша кіно не павінна быць паспяховым. Таму што Беларусь — краіна, дзе 10 мільёнаў насельніцтва. Паспяховым кіно можа быць у Індыі, Амерыцы, Расіі, у вялікіх краінах. Ну, можа быць, у Францыі ці Італіі, дзе яны вельмі любяць сваё кіно і дзе як мінімум 50 мільёнаў насельніцтва. Але калі ў Беларусі жыве ўсяго 10 мільёнаў, так, як у Венгрыі ці Чэхіі, кіно будзе стратным. Але гэта частка культуры. Оперны тэатр — гэта таксама заўжды стратна. Але важна, каб беларускае кіно гаварыла пра сучаснасць — без гэтага яно не зможа існаваць; гаварыла на сваёй роднай мове, здымала сваіх родных акцёраў, якіх людзі палюбяць, і паказвала тыповы беларускі характар, які адрозніваецца ад украінскага, польскага, рускага, літоўскага. Тады гэта будзе сапраўднае беларускае кіно, і такога кіно я чакаю і пайду яго глядзець.

Майстр-класы па дакументальным кіно "Drаgоn Fоrum" таксама пройдуць у Мінску падчас "Лістапада" пад эгідай Польскай акадэміі дакументальнага кіно.

Вельмі спадзяюся, што Беларусь таксама будзе імкнуцца шырока прэзентаваць сваю культуру ў свеце. Нам ёсць з каго браць прыклад у гэтым. А нядаўна створаны Інбелкульт будзе рабіць усё, каб пра нашую культуру за мяжой ведалі не менш, чым мы ведаем пра польскую ці шведскую.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Детский конкурс листовок по профилактике противоправного поведения стартовал в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика