На абласных “Дажынках” у Бярозе пераможцам жніва ўручылі заслужаныя ўзнагароды
Мы ехалі да райцэнтра і любаваліся палеткамі — дагледжанымі і раўнюткімі, ужо засеянымі пад ураджай будучага года.
— Прымаць жаданых гасцей — заўжды прыемна і разам з тым надзвычай адказна. Мы стараліся парадаваць і здзівіць тых, хто прыедзе да нас, — гаворыць старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч.
— За ўсе гады правядзення “Дажынак” Бярозаўскі раён тройчы быў у лідарах: у 1998 годзе заняў першае месца ў абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых, потым стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу за высокую культуру земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, нарэшце, паказаў найлепшыя ў краіне вынікі ва ўборцы збажыны. Восем разоў бярозаўскія камбайнеры атрымлівалі самыя высокія ўзнагароды з рук Прэзідэнта Беларусі.
У вадзіцеля СВК “Нарутавічы” Дзмітрыя Карповіча ў гэтым сэнсе ўсё яшчэ наперадзе. 24-гадовы хлопец святкуе сваю, дарэчы, ужо не першую перамогу — летась ён стаў другім у вобласці, цяпер — лепшым у раёне маладым вадзіцелем на адвозцы збожжа.
— Пасля заканчэння Бярозаўскага ліцэя будаўнікоў я вярнуўся ў родную гаспадарку, працаваў па спецыяльнасці, але мяне заўжды прываблівала дарога, і я папрасіўся ў вадзіцелі, — расказвае Дзмітрый. — Калі ў поўнай ступені адчуваеш сваю адказнасць за ўборку таго, што выпеставана вялікім клопатам, стомленасці няма, хоць і выхадных не бывае. Вельмі прыемна, што такое свята для нас стварылі — са шчодрым кірмашом, урачыстым прыёмам. А жыхарам райцэнтра наогул пашанцавала: і без таго чыстая і дагледжаная Бяроза яшчэ больш папрыгажэла.
Для старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара на Брэстчыне гэта ўжо восьмае жніво. І ніводнае для хлебаробаў рэгіёна не было простым: былі і засухі, і працяглыя дажджы, сёлета пасля перазімоўкі загінула каля дзесяці працэнтаў азімых культур, якія давялося перасяваць вясною. Але рукі земляробаў робяць усё.
— Мы сабралі больш за мільён тон збожжа, на палетках выспеў цудоўны ўраджай цукровых буракоў, якія пачалі ўжо ўбіраць, бульбы, кукурузы на зерне. Словам, нашы людзі, берасцейцы, рабілі ўсё магчымае, каб сёлета каравай быў як мага больш важкім. Так, мы недабралі тысяч 60—70 тон збожжа, але ж калі падсумаваць вынік агульны, ён будзе лепшым за леташні. За многія гады аграрыіБрэстчыны выпрацавалі сваю тэхналогію, якая дазваляе атрымоўваць запланаваныя ўраджаі. Яна абыходзіцца нятанна, але земляробы сёння маюць усё для гэтага: і тэхніку, і выдатных спецыялістаў, і зямельку.
Але самае галоўнае, — адзначае губернатар, — працавіты народ. І гэта нам дазваляе зрабіць усё, што мы зрабіць хочам. Таму найвялікшай падзякі заслугоўвае праца кожнага: і таго, хто шчыраваў на палетках, і таго, хто прыводзіў у парадак горад. Няхай такое ж цудоўнае надвор’е, якое падаравала нам прырода сёння, заўжды пануе ў душах нашых людзей!
Нягледзячы на ўсе складанасці, ураджайнасць у вобласці склала 32 цэнтнеры з гектара. А хлебаробы Баранавіцкага і Брэсцкага раёнаў атрымалі на круг каля 40 цэнтнераў збожжа. Працаўнікі ААТ “Птушкафабрыка”Дружба” Баранавіцкага і “Палеская ніва” Столінскага раёнаў з гектара намалацілі звыш 60 цэнтнераў. 128 экіпажаў камбайнераў сабралі больш за тысячу тон збожжа.Падняць сцяг першых абласных “Дажынак” новай пяцігодкі даверылі лепшым хлебаробам Брэстчыны, пераможцам абласнога спаборніцтва старшыні Драгічынскага аблвыканкама Васілю Хваціку, дырэктару прадпрыемства “Моладава-Агра” Іванаўскага раёна Сцяпану Халько, старшаму камбайнеру ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” Віталю Цівунчыку.