Прыгожае шоу для прыгожага горада!

Источник материала:  

Да Сусветнага дня прыгажосці сталіца прымеркавала для сваіх жыхароў выдатны падарунак — фінальнае шоу " Міс Мінск-2011". Сёлета выбар для журы быў такім складаным, што замест 25 канкурсантак, якія павінны былі змагацца за галоўны тытул, у фінал вышлі ўсе 28 удзельніц.

Сумненні тых, каму на працягу шоу "Міс Мінск" давялося стаць экспертамі прыгажосці, зразумелыя: кожная з канкурсантак па-свойму ўнікальная. Мініяцюрныя бландзінкі, эфектныя брунеткі, прадстаўніцы славянскай прыгажосці і змешвання "пяці крывей" прэтэндавалі на тое, каб звацца самай прыгожай мінчанкай. Узроставы цэнз удзельніц вагаўся ад 18 да 24 гадоў.

Перш чым паўстаць перад велізарнай аўдыторыяй, дзяўчат вучылі тонкасцям дэфіле, харэаграфіі і акцёрскаму майстэрству. Займаліся з псіхолагам і нават атрымалі індывідуальныя кансультацыі ў стыліста. Паспрабавалі сябе ў якасці тэлевядучых і пагаварылі з Мікалаем Ладуцькам аб тым, што яны могуць зрабіць для свайго горада. Дзяўчаты даказалі, што ўмеюць працаваць, пабываўшы на экскурсіі ў аграпрамысловым комплексе, і адпачываць, здзівіўшы ўсіх вакальнымі здольнасцямі ў караоке. Акрамя таго, пацвердзілі, што яны "на кані", прадэманстраваўшы адважныя трукі на цыркавой арэне.

А на подыуме Палаца спорту юныя мінчанкі з'явіліся як увасабленне запаветнай мары большасці дзяўчат — у белых вясельных сукенках пад гукі марша Мендэльсона. Пакуль канкурсанткі рыхтаваліся да наступнага выхаду, гледачам не давалі сумаваць бліскучыя пары — Антон Славін з Ірынай Ханунік-Рамбальскай і Аляксей Хлястоў з Ларысай Грыбалёвай. Першыя сцвярджалі, што яны на самой справе вядучыя "высокага класа", другія імкнуліся даказаць, што справа не ў росце.

Прыгожае шоу для прыгожага горада!

Не да жартаў стала падчас дэфіле ў купальніках. Пад іскрамётнае выступленне Сашы Нэма канкурсантка ўпэўнена выйшла на сцэну, грацыёзна прайшла па подыуме... і ўпала! Праўда, з гумарам выйшла з гэтай сітуацыі, пракаментаваўшы яе на прэс-канферэнцыі: "Я ведала, што са мной абавязкова здарыцца нешта неардынарнае. Спатыкнуўшыся, я падумала: вось яно, толькі што адбылося! І ад гэтага адчула неверагодны ўздым!"

Наступны выхад дзяўчат не мог не ўзрадаваць тых, хто адносіць сябе да патрыётаў і паслядоўнікаў апошніх модных тэндэнцый. Экстравагантныя ўборы, стыльныя дзелавыя касцюмы, элегантныя сукенкі ад маладых беларускіх куцюр'е былі прадстаўлены мінчанкамі.

Падтрымаць дзяўчат, якія хваляваліся за кулісамі, выходзілі Ганна Шаркунова, Ніна Багданава, Алеся, Галіна Шышкова, Леся Кодуш і Слава Нагорны, групы "Сябры", "Dа Vіnсі", "Lаs Vеgаs" і "Топлес".

Але атмасфера свята не перашкаджала духу спаборніцтва. Дэфіле ў вячэрніх сукенках прадэманстравалі ўжо 15 канкурсантак, якіх вылучыла строгае журы. Відэавізіткі пацвердзілі: канкурэнцыя будзе жорсткай. Філалагічныя навукі, бокс, графалогія, кулінарыя, мастацкая гімнастыка — нямногае з бясконцага спісу таго, што дэманстравалі фіналісткі, — як тут выстаяць журы?

Аднак экспертам, сярод якіх былі вядомыя асобы — Юрый Казіятка, Ігар Карпенка, Сяргей Паляшчук, Руслан Саракавой, Юрый Каштанаў, Міхась Маруга, Аксана Бяляўская, Іван Айплатаў, Іна Афанасьева, Анатоль Ярмоленка, і "Міс Мінск 2009" Марыя Кубракова, удалося здзівіць дзяўчат нечаканымі пытаннямі падчас бліц-інтэрв'ю і раскрыць іх патэнцыял.

Пасля такіх смелых дыялогаў фіналісткам і гледачам нічога не заставалася, як чакаць развязку. Па выніках конкурсу шчасліўкамі сталі:

Вольга Канановіч — "Міс Дружба". Рашэнне, як аказалася, было аднадушным: дабрыня і прыязнасць гэтай дзяўчыны растапілі сэрцы ўсіх канкурсантак. І хоць Вольга лічыць гэта сваёй галоўнай перамогай, яна ўжо выйгравала на міжнародных алімпіядах па псіхалогіі, выпусціла некалькі зборнікаў вершаў, валодае тэхнікай чытання па Брайлю, самастойна распрацоўвае прыбор, які развівае скурнае бачанне. І, што самае цікавае, Вольга змагла адгадаць па руцэ, хто з дзяўчат атрымае галоўны тытул пераможцы.

Аляксандра Сокал — "Міс Спорт". Саша — мадэль модных глянцавых часопісаў і калекцыянер цацачных аўтамабіляў, што не перашкаджае ёй любіць ролікавыя канькі, быць гатовай прыняць удзел у футбольным матчы супраць мужчынскай каманды.

Кацярына Антонава — "Міс Фота". Магістр філалагічных навук, якая дасканала валодае італьянскай мовай і скончыла з чырвоным дыпломам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Акрамя таго, яна — прафесійная мадэль і шматразовая фіналістка конкурсаў прыгажосці. Па словах Каці, гэты тытул для яе даражэйшы за ўсе астатнія сведчыць аб тым, што ўсе яе крокі на шляхі да поспеху ў мадэльным бізнэсе былі не марныя.

Таццяна Давыдзенка — "Міс глядацкіх сімпатый" і "Міс Прэса". Таня, як назваў яе адзін з членаў журы, фотамастак Міхась Маруга, — гуляючы трэнер. Яна сумяшчае працу фатографа ў часопісе і фотамадэлі. Гледачы па абодва бакі экрана былі аднадушнымі ў стаўленні да гэтай абаяльнай дзяўчыны, і нездарма: кожны раз, калі на подыуме з'яўлялася Таццяна са сваёй шчырай і цёплай усмешкай, зала ўзрывалася апладысментамі.

Маліка Джумаева — другая "Віцэ-Міс". Адна з самых яркіх, жыццярадасных і неардынарных удзельніц. Яе экзатычная знешнасць — вынік змешвання беларускай, рускай, польскай, туркменскай і татарскай крывей. Маліка — дзяўчына моцная і самастойная, а яшчэ яна сапраўды ведае, што такое падаць і ўзлятаць. З сямнаццаці гадоў яна сумяшчае вучобу з працай, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, у вольны час бярэ ў рукі пейнтбольную стрэльбу і бясстрашна любіць роўп-джампінг.

Аксана Саўко — першая "Віцэ-Міс". Уладальніца славянскай знешнасці — русыя валасы, блакітныя вочы, сціплая ўсмешка. Аксану не палохае ні хуткасць матацыкла, ні цяжкасці рэпарцёрскай прафесіі. Яна марыць стаць сапраўдным прафесіяналам у журналістыцы, а таксама хоча паспрабаваць сябе ў якасці сцэнарыста і рэжысёра.

Ульяна Валахоўская — "Міс Мінск". Адна з самых юных (18 гадоў) і высокіх (181 сантыметр) удзельніц конкурсу, студэнтка Дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава, любіць баскетбол і бібліятэкі, села на трон каралевы прыгажосці. Менавіта яна прымерала залатую дыядэму, а таксама стала ўладальніцай трыццаці мільёнаў беларускіх рублёў. У разгубленасці дзяўчына сказала, што не ведае, на што патраціць грошы, і ўвесь час паўтарала словы падзякі ўдзельніцам, гледачам і журы, старшыня якога, Анатоль Ярмоленка, з усмешкай пракаментаваў вынік чацвёртага гарадскога конкурсу прыгажосці:

— Мінск — гэта светлы і чысты горад. Менавіта ў вачах, словах і дзеяннях Ульяны журы ўбачыла святло, чысціню, шчырасць, добрую энергетыку і моцны патэнцыял. Да 2013 года гэтая дзяўчына — твар нашай сталіцы!

Паліна Кузьміцкая.

←Детский конкурс листовок по профилактике противоправного поведения стартовал в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика