Расходаванне бюджэтных сродкаў — на кантролі
У Кіеве адбылася XІ сесія Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў-удзельніц СНД. Удзел у пасяджэнні прыняла і дэлегацыя дзяржаўнага кантролю Беларусі.
На пасяджэнні разглядалася пытанне кантролю за выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў, якія выдзяляюцца на папярэджанне і ліквідацыю наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф. Старшыня КДК Беларусі Аляксандр Якабсон адзначыў, што з 1990 года ў Беларусі рэалізаваны ўжо чатыры дзяржаўныя праграмы пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета пачата рэалізацыя пятай праграмы. Паводле яго слоў, пытанні мэтавага і эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў, выдзеленых на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай катастрофы, знаходзяцца на пастаянным кантролі КДК.
У межах сустрэчы старшыня КДК Беларусі і старшыня Падліковай камісіі Кыргызскай Рэспублікі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж вышэйшымі органамі фінансавага кантролю. Яно прадугледжвае абмен вопытам у вобласці метадалогіі і парадку ажыццяўлення дзяржаўнага аўдыту і фінансавага кантролю, узаемадзеянне ў сферы прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі кадраў, правядзенне сумесных даследаванняў.
У той жа дзень кіраўнікі кантрольных ведамстваў Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі мемарандум аб выніках трохбаковай паралельнай праверкі выканання мерапрыемстваў па фарміраванні Мытнага саюза, падрыхтоўцы і рэалізацыі дакументаў, якія рэгулююць узаемадзеянне паміж трыма краінамі.
Надзея ДРЫЛА.