РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Ветрана, а на выхадныя яшчэ і пахаладае

На гэтым тыдні на тэрыторыю Беларусі будуць паступаць паветраныя масы з боку Заходняй Еўропы, якія зацягнуць у краіну атлантычны цыклон і холад Нарвежскага мора, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.

У аўторак краіна трапіць у зону паніжанага ціску, таму месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Тэмпература паветра ад 17 на поўначы да 24 цяпла на поўдні краіны. У сераду і чацвер кароткачасовыя дажджы магчымыя толькі ў паўночным рэгіёне. Усталюецца парывісты паўднёва-заходні вецер. Тэмпература ўначы 7—13, удзень у сераду — 16—23, а ў чацвер стане крыху халадней — 14—21 градус.

Ужо ў пятніцу ў Беларусь завітае яшчэ халаднейшае паветра з боку Скандынаўскіх краін. Месцамі па поўначы чакаюцца невялікія дажджы. Тэмпература ўначы будзе 5—11, у пятніцу ўдзень усяго 12—18 градусаў.

Паводле папярэдніх падлікаў, у выхадныя атмасферны ціск пачне павялічвацца, аднак месцамі яшчэ магчымы невялікі дождж. Уначы будзе ўжо сапраўды холадна — 3—10 цяпла, а пры праясненнях на тарфяніках Палесся магчымы нават невялікія замаразкі да 0 — мінус 2 градусаў. Удзень будзе параўнальна камфортна — 12—18, у нядзелю ў Брэсцкай вобласці да 20 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ.

З 14 верасня стаўка рэфінансавання павялічваецца да 30 працэнтаў гадавых

Пра гэта паведамілі карэспандэнту "Звязды" ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.

"Гэты захад ажыццяўляецца напярэдадні адкрыцця дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы і з'яўляецца важным элементам агульнаэканамічнай палітыкі, накіраванай на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку і фінансавае аздараўленне эканомікі ў цэлым, — патлумачыў прадстаўнік упраўлення інфармацыі. — Паслядоўнае павышэнне кошту пазыковых грошай у эканоміцы будзе аказваць стрымальнае ўздзеянне на попыт банкаўскіх кліентаў на крэдытныя рэсурсы на перыяд выхаду на адзіны курс".

Акрамя таго, гэтае павелічэнне стане дадатковым фактарам стымулявання зберажэння ў беларускіх рублях і зніжэння ціску на абменны курс.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Пажар у "Дудутках". Прычыны высвятляюцца

РОЗГАЛАСУ суботу ў 20.38 у МНС патэлефанаваў вартаўнік музейнага комплексу "Дудуткі" і паведаміў, што ў будынку пажар.

Калі падраздзяленні пажарных-выратавальнікаў прыбылі на месца, будынак практычна цалкам быў ахоплены агнём. Работнікі музея паспелі эвакуяваць наведнікаў кавярні, вывезлі з гаража 10 аўтамабіляў. На гэтым пажары працавала 15 адзінак спецыяльнай тэхнікі, што дазволіла лакалізаваць яго і абмежаваць матэрыяльны ўрон. Пажар быў ліквідаваны ў 23.18. Пацярпелых не было, аднак агонь знішчыў дах і драўлянае столевае перакрыццё на плошчы каля 600 квадратных метраў. Памяшканні, якія знаходзіліся на першым паверсе, выгаралі знутры, як і этнаграфічная галерэя на другім. Зараз высвятляюцца прычыны пажару.

Так сцісла пра здарэнне паведамляе сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Рэдакцыя паспрабавала ўдакладніць інфармацыю пра пажар у музейным комплексе, тым больш што ў інтэрнэце пачалі гаварыць пра версіі яго ўзнікнення.

Як паведаміў нам галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання пры Мінскім абласным упраўленні МНС Аляксей РАК, матэрыяльны ўрон, нанесены будынку музея, складае каля 200 мільёнаў рублёў, прычым матэрыяльных каштоўнасцяў было выратавана на 213 мільёнаў. Улічваючы месца здарэння, суразмоўца заклікаў не спяшацца з высновамі адносна прычыны пажару. Паводле яго слоў, матэрыялы накіраваныя на экспертызу, што некалькі пазней дазволіць дакладна расказаць пра іх. Зараз таксама працуе спецыяльная камісія, якая ўдакладняе памеры нанесенага агнём урону.

Гарэў дах царквы

Пра тое, што гарыць дах царквы ў вёсцы Ніўкі Добрушскага раёна, пажарным-выратавальнікам паведаміў відавочца. Здарэнне адбылося ў нядзелю ў 14.35.

На шчасце, людзей у гэты момант у будынку не было: ранішняя служба праводзілася з дзевяці раніцы да апоўдня. Пажар лакалізавалі ў 15.15, а праз дваццаць хвілін — ліквідавалі. Агонь паспеў знішчыць дах на плошчы 30 квадратных метраў і 50 квадратных метраў драўлянай абрашоткі. Сам будынак і большую частку матэрыяльных каштоўнасцяў выратавалі. Прычына пажару высвятляецца. Мяркуецца, што адбылося кароткае замыканне электраправодкі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Детский конкурс листовок по профилактике противоправного поведения стартовал в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика