Каліна-маліна
Фальклорны вобраз "каліна-маліна" прасвятляе змест аднайменнай песні. Каліна — вольналюбная расліна, прыгожая на выгляд — пышназялёная, квяцістая, з чырванню ягадных гронак увосень. Колькі даводзіцца ёй вытрымаць, каб у непагадзь, у спякоту зберагчы сваё хараство і прыўкрасіць ім наваколле. Лекавая сакавітасць каліны ўзмацняецца і спажываецца пасля першых замаразкаў, а маліна якраз страчвае сваю спакуслівую духмянасць пасля іх. Як у прыродзе ўсё ўзаемазвязана!
І каліна, і маліна атаясамліваюцца з абліччам і сутнасцю жанчыны. Выраз "каліна-маліна" нагадвае пра драматызм яе існавання, пра супярэчлівасць стасункаў і іх напружанае перапляценне і вырашэнне. Змест песні перадае тыповае разгортванне сямейных падзей, дзе любоў і каханне патанаюць у надзённых клопатах і турботах. І толькі яе мелодыя супакойвае і прасвятляе...
Гэтай песняй сябры і калегі віншуюць вядомага пісьменніка Віктара Гардзея з днём народзінаў, які адзначаецца на наступным тыдні. У вершаваных і празаічных творах ён тонка перадае душэўны стан чалавека, па-фальклорнаму мудра выяўляе яго духоўнае яднанне з навакольнай прасторай. Згадаем толькі па-філасофску разважлівыя радкі з верша "Калінавы мост":Зноў каліна цвіце, і з надрывам
Хтосьці плача ў зялёных лугах,
Дзе калінавы мост над абрывам
На іржавых рыпіць ланцугах.
Акварэльна яркімі фарбамі створаны сімвалічна-вобразны малюнак, які выклікае глыбокі роздум над нашым быццём і эмацыйна-духоўнай напоўненасцю пераклікаецца з песняй "Каліна-маліна".
Каліна-маліна
Беларуская народная песня
Каліна-маліна
Над вірам стаяла.*
Маці сваю дачку
Праз год не пазнала.
— Ці на цябе, дочка,
Тры журбы напала?
— Ой, першая журба —
Дзяціна малая.
Ой, другая журба —
Свякроўка ліхая.
А трэцяя журба —
Мілы не кахае.
Сам ён едзе ў поле —
Полюшка араці,
Ды бярэ ён мяне
Валы паганяці.
Я правай рукою
Валы паганяю,
Леваю рукою
Слёзы выціраю.
* Кожнае двухрадкоўе паўтараецца.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.