"Поспех — гэта дзевяць разоў упасці, але дзесяць разоў падняцца"

Источник материала:  

Заўтра ў Германіі стартуе міжнародны музычны конкурс-фестываль для пачынаючых і паўпрафесійных гуртоў Еmеrgеnzа. Сярод удзельнікаў — канкурсанты з Еўропы, ЗША і Японіі. Пераможцы фестывалю атрымаюць магчымасць запісаць альбом і зладзіць канцэртны тур па Еўропе.

Беларусь на конкурсе прадставіць малады сталічны гурт "Nо Соmmеnt Bаnd", які, акрамя перамогі ў беларускім адборачным туры, быў названы лепшым і падчас адбору ў Расіі. Пра свой калектыў і пра планы, з якімі беларусы едуць на конкурс, карэспандэнту "Звязды" распавёў лідар гурта Мацвей Купер.

— Мацвей, раскажы, як узнік ваш калектыў?

— Адмысловай ідэі стварыць гурт не было. Аднойчы мы сабраліся і вырашылі: а чаму б нам і не пайграць? Практычна ва ўсіх жыццё ў нейкай ступені перапляталася з музыкай. У кагосьці быў свой гурт, хтосьці іграў адзін. Пачыналі з кавер-версій на вядомыя хіты — гэта каб трапіць на мінскую клубную сцэну. Атрымалася няблага — нас заўважылі, пачалі запрашаць на закрытыя мерапрыемствы. Мы сыграліся, а неўзабаве пачалі ствараць і ўласныя кампазіцыі.

— Навошта вы паехалі на расійскі адборачны тур, калі ўжо былі пераможцамі ў Беларусі?

"Поспех — гэта дзевяць разоў упасці, але дзесяць разоў падняцца"

— На адбор фестывалю мы трапілі зусім выпадкова. Пра беларускі этап нам расказалі знаёмыя. Мы падалі заяўку і... выйгралі. Згодна з правіламі Еmеrgеnzа, пераможцы нацыянальных тураў адразу едуць на міжнародны фінал у Германію. Але арганізатары амаль нічога не ведалі пра Беларусь, якая амаль ніяк не прадстаўлена на еўрапейскай сцэне, таму пабаяліся пускаць адразу ў фінал нікому не вядомую Беларусь. Вось мы і вымушаныя былі ехаць на адбор у Расію.

У расійскім адборы ўдзельнічала 12 калектываў, журы практычна цалкам складалася з расіян. Калі пераможцамі назвалі нас, мы былі трохі ў шоку: Расія выбрала беларусаў. Зараз на нас ляжыць двайная адказнасць: выступаем за сябе і "за таго хлопца".

— Як праходзіла сістэма галасавання?

— Галасаванне на мерапрыемстве вельмі цікавае. Арганізатары спрабуюць паказаць як мага больш груп за максімальна кароткі прамежак часу. Рэгламент жорсткі. У Мінску падчас выступлення ў нас было 30 хвілін, у Маскве — 25. За гэты час гурт павінен выйсці, падключыцца, настроіць тэхніку і выступіць. Калі выступ спадабаўся, арганізатары просяць публіку падымаць палец угору. Чым больш пальцаў — тым большая адзнака. Многія на гэтую сістэму крыўдзіліся. Але выступленне ў Маскве "Nо Соmmеnt Bаnd", дзе ў нас было толькі некалькі прыхільнікаў, такія папрокі цалкам абвергла.

— Колькі на сёння ў гурта "Nо Соmmеnt Bаnd" песень? 

— Музыкі вельмі шмат. У нас ёсць кавер-праграма. Але ад гэтага амплуа паціху адыходзім, бо гэта добра для старту, калі гурт толькі пачынае працаваць. Нельга адразу пачаць іграць, выдаючы крутыя арыгінальныя тэмы. Музыканты павінны ведаць адзін аднаго, ведаць свае магчымасці. Зараз мы рушым у бок сваёй арыгінальнай праграмы. Ужо запісалі і выдалі пяць трэкаў. Цяпер бліжэйшая задача — праца над паўнавартаснай канцэртнай праграмай.

— Як бы вы ахарактарызавалі беларускую музычную індустрыю?

— У нас ёсць добрыя музычныя пляцоўкі, але нашым людзям нецікавая музыка невядомых выканаўцаў. А няма попыту — няма і прапановы. Я зусім не ведаю, як у нас у Мінску можна выйсці 16-17-гадовым хлопцам, напісаць некалькі песень і праехацца турам па Беларусі?! Забаўляльнай муз-індустрыі, па вялікім рахунку, няма.

Мы ўсё павінны рабіць самі. Калі ўзяць краіны з развітой музычнай індустрыяй — Англію ці ЗША — то там ёсць цэлы пласт: кампаніі, якія раскручваюць невядомых, але перспектыўных выканаўцаў. Праца падзеленая: музыканты займаюцца творчасцю, а менеджары — усім астатнім. Добры гурт — гэта вельмі крутая кампанія з пункту гледжання арганізацыі.

Недастаткова пісаць геніяльную музыку, трэба мець добры менеджмент. У нас з гэтым складана. Музыканты ж у сваёй масе — народ неарганізаваны: прабівацца самастойна на музычны рынак у адзіночку для іх не пад сілу.

— Якія планы на выступленні ў фінале Еmеrgеnzа?

— Ніякіх канкрэтных мэтаў сабе не ставім. Мы едзем, каб прадставіць годна сваю краіну. Рэклама будзе немаленькай: конкурс Еmеrgеnzа (12-14 жніўня) адбываецца ў межах фестывалю Tаubеrtаl Fеstіvаl, які збірае за дзень да 30 тысяч чалавек.

— У выніку поспеху дзе плануеце працаваць далей: на радзіме ці за мяжой?

— Мы жывём у Беларусі. Ехаць адсюль мы нікуды не збіраемся. Гэта наш дом, і менавіта тут хочам займацца музыкай і надалей. А для тых музыкантаў, якія толькі збіраюцца пачынаць свой шлях, хачу сказаць: лепш паспрабаваць і не шкадаваць, чым не паспрабаваць і шкадаваць пасля. Як сказаў Бон Джові, "для мяне поспех — гэта дзевяць разоў упасці, але дзесяць разоў падняцца". Перамагае той, хто падымаецца і ідзе далей.

Гутарыў Ілья ЛАПАТО.

←Падаражанне будаўніцтва жылля для чаргавікоў сёлета будзе нязначным, а потым — плаўным і эканамічна абгрунтаваным

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика