Падаражанне будаўніцтва жылля для чаргавікоў сёлета будзе нязначным, а потым — плаўным і эканамічна абгрунтаваным
Учора пра гэта ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў.
Сёлета ў пачатку года перад будаўнічай галіной была пастаўлена задача ўвесці ў эксплуатацыю 7,5 млн квадратных метраў жылля. Пэўныя падзеі на валютным рынку прымушаюць спецыялістаў крыху карэктаваць распрацаваныя раней планы.
Міністр адзначыў, што для асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў сёлета неабходна пабудаваць 3,1 млн квадратных метраў жылля. Гэтыя аб'ёмы жылля будуць абавязкова ўведзены ў эксплуатацыю. А вось што тычыцца ўзвядзення камерцыйнага жылля і індывідуальнага будаўніцтва, то на сітуацыю па гэтых напрамках міністэрства можа паўплываць толькі ўскосна. Так, за першае паўгоддзе сёлета ў краіне было ўведзена ў эксплуатацыю 2,6 млн кв. жылля, што адпавядае 70,5 працэнта ад задання на гэты перыяд. Аналіз вынікаў паўгоддзя паказвае, што рэальна ў краіне будзе пабудавана прыкладна каля 7 млн кв. жылля.
Так, у не вельмі простых эканамічных умовах будаўнічай галіне будзе, мабыць, складана вытрымліваць усе запланаваныя паказчыкі. Цяпер чаргавікоў турбуе галоўнае пытанне — кошт будаўніцтва.
Вядома, што сёлета на жыллёвае будаўніцтва запланавана патраціць 9,4 трлн рублёў крэдытных рэсурсаў, з якіх 8,6 трлн рублёў прыпадае на долю льготных крэдытаў. Зразумела, што павялічэння бюджэтнага фінансавання па лініі будаўніцтва жылля з дзяржпатрымкай не будзе. Гэта значыць, што будаўнікі вымушаны працаваць у даволі жорсткіх грашовых рамках. Каб стабілізаваць кошт будаўніцтва жылля, будаўнічым арганізацыям знізілі накладныя выдаткі, увялі абмежаванне рэнтабельнасці па выпуску будаўнічых матэрыялаў. За першае паўгоддзе рост індэкса будаўніча-мантажных работ склаў усяго 8—10 працэнтаў. Запланавана, што індэкс БМР будзе павялічвацца прыкладна такімі ж тэмпамі і ў другім паўгоддзі.
Спецыялісты падлічылі, што цяпер сярэдні кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля для чаргавіка складае 460 долараў у эквіваленце. Нагадаю, што напрыканцы года летась будаўніцтва жыллёвага квадрата каштавала прыкладна 601 USD, калі такое жыллё будавалася з дзяржаўнай падтрымкай.
Разглядаючы перспектывы на наступны год, Анатоль Нічкасаў адзначыў, што кошт будаўніцтва жылля нават для чаргавікоў у нацыянальнай валюце павялічыцца. Аднак такое падаражанне будзе абавязкова плаўным і ў межах эканамічна абгрунтаваных параметраў.
Пэўным чынам на кошт будаўніцтва камерцыйнага жылля паўплываюць змяненні на сталічным другасным рынку жыллёвай нерухомасці, дзе назіраецца ўпэўненае патанненне. Паводле інфармацыі міністра, летась сярэдні кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля па лініі долевага будаўніцтва складаў прыкладна 1500 долараў. Цяпер ён паменшыўся да 1000, а ў асобных рэгіёнах — нават да 600—700 долараў.
Разам з тым, далёка не ўсе камерцыйныя арганізацыі жыллёвай сферы цалкам падтрымалі ідэю стрымлівання павелічэння кошту будаўніцтва жылля. Яны падлічылі, што кошт замежных камплектуючых за апошні час павялічыўся ажно ў 2—3 разы, а імпартаёмістасць у камерцыйным будаўніцтве дасягае 20—30 працэнтаў. Менавіта таму асобныя арганізатары спрабуюць вызначыць кошт будаўніцтва жыллёвага квадрата не на ўзроўні 5—7 мільёнаў, а часам да 9—10 мільёнаў рублёў. Анатоль Нічкасаў упэўнены, што камерцыйныя структуры павінны ў сённяшніх умовах перагледзець долю свайго прыбытку ў бок памяншэння. Інакш спажывец пачне масава адмаўляцца ад дарагога будаўніцтва і рынак камерцыйнага жылля пачне звужацца.
Міністр адзначыў станоўчыя вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці будаўнічай галіны за першае паўгоддзе, бо экспарт паслуг павялічыўся на 13 працэнтаў і дасягнуў аб'ёму 11,7 млн долараў.
Кіраўнік галіны паведаміў, што летась у краіне было ўведзена ў эксплуатацыю 306 тысяч кв. метраў энергаэфектыўнага жылля, а сёлета запланавана пабудаваць ужо 600 тысяч такіх жыллёвых квадратаў. Згодна з комплекснай дзяржаўнай праграмай, да 2015 года аб'ём будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў павялічыцца да 6 млн кв. метраў жылля.
Асобна Анатоль Нічкасаў спыніўся на пытанні аб новых нормах для прыняцця грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Цяпер крытэрый патрэбнасці ў жыллі ў Мінску зніжаны да 10 квадратных метраў на чалавека. Адпаведным указам кіраўніка дзяржавы павялічваецца да 10 гадоў тэрмін, што абмяжоўвае пастаноўку на жыллёвы ўлік тых грамадзян, якія прыбылі ў сталіцу з іншых населеных пунктаў. На думку міністра, новыя крытэрыі патрэбнасці ў жыллі ў Мінску вызначаны дзеля таго, каб спыніць пераўшчыльненне галоўнага мегаполіса краіны і перанакіраваць працоўныя рэсурсы ў рэгіёны, дзе яны больш патрэбны. Пры будаўніцтве жылля для чаргавікоў у Мінску прыярытэт атрымаюць шматдзетныя сем'і і грамадзяне, якія не мелі і ўвогуле не маюць уласнага жылля. Добрыя ўмовы будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай будуць прапаноўвацца чаргавікам Мінска, якія вырашаць пераехаць жыць і працаваць у гарады-спадарожнікі сталіцы. Сёння актыўна распрацоўваецца пытанне аб стварэнні дзяржаўнага жыллёвага фонду, які будзе прадастаўляцца грамадзянам па камерцыйных дагаварах арэнды. У першую чаргу такі жыллёвы фонд разлічаны на забеспячэнне сучаснымі кватэрамі перспектыўных маладых спецыялістаў.
Сяргей КУРКАЧ.