На ўпакоўках якіх тавараў прапісалася беларуская мова? (ФОТА !!!)

Источник материала:  

Гэта ўкраінскія і расійскія сокі, беларуская туалетная папера, пакеты для смецця, квас, алкагольныя напоі, будаўнічыя сумесі, кітайскія зарадныя прылады...

Але доля "беларускамоўных" упаковак на нашым спажывецкім рынку, на жаль, зусім нязначная. Адзінкавыя выпадкі з соцень ці нават тысяч. Тавары, на якіх прысутнічае родная мова, можна ўносіць у своеасаблівую "Чырвоную кнігу".

У гэтым матэрыяле апавядаецца пра беларускамоўныя этыкеткі на нашым рынку і пра тое, ці збіраюцца нашы заканадаўчыя органы выпраўляць сітуацыю.

З выхаду журналісцкага расследавання "Звязды" пра стан беларускай мовы ў спажывецкай сферы <І>("Бітва за роднае слова", нумары за 28, 29 і 30 снежня 2010 года) мінула амаль сем месяцаў. Каб праверыць, ці змянілася сітуацыя да лепшага, я ўзброіўся фотаапаратам і выправіўся на маніторынг сталічных гіпермаркетаў, супермаркетаў, крам.

Але каб знайсці ўпакоўкі з беларускамоўнай інструкцыяй ці складам, напісаным на роднай мове, трэба правесці сапраўднае аператыўна-вышуковае мерапрыемства. Бо добра, калі набярэцца дзясятак тавараў, аформленых у адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Аднак распавядзём пра тое, што ўсё ж такі было знойдзена. Напрыклад, гэта этыкеткі на бутэльках з квасам, марак "Хатні" і "Старажытны". Тавары аформлены адроджанай беларускай мовай. "Як і сотні год таму, квас гатуецца па метадзе браджэння. Таму няма ў ім ані старонніх пахаў, ані прымешак", — пазначана на этыкетцы аднаго з напояў.

Як ні дзіўна, беларусізацыя адлюстравана і на бутэльках з некаторымі моцнаалкагольнымі напоямі. На этыкетцы той жа "Крамбамбулі" ўся інфармацыя складзена па-беларуску.

На ўпакоўках якіх тавараў прапісалася беларуская мова? (ФОТА !!!)

  Ці чулі вы калі-небудзь пра туалетную паперу, аформленую нацыянальнай мовай? Такая ёсць. Рулоны ад беларускай фірмы Sірtо запакаваны ў цэлафан, на якім напісана па-беларуску: "Папера туалетная, двухслойная, араматызаваная".

І па-руску, і па-беларуску пазначылі інфармацыю на "Пакетах для смецця", вытворчасць якіх наладзілі ў Мастах Гродзенскай вобласці. "Пакеты з палімерных матэрыялаў. Памер 450х500 мм, таўшчыня 0,015 мм", — напісана на чорна-жоўтай этыкетцы.

Інфармацыя на роднай мове прысутнічае на будаўнічых сумесях маркі Сеrеsіt, што вырабляюцца ў Заслаўі: "Саманівялёўная сумесь для выроўнавання паверхні падлогі пад укладанне пакрыццяў".

Дадамо да гэтага беларускамоўныя ўпакоўкі з-пад расійскіх цыгарэт і кітайскіх зарадных прылад, бразільскія цукеркі-смактулькі і кансерваваныя памідоры з Украіны. Вось на якіх упакоўках нам удалося адшукаць сляды роднай мовы. І шчыра прызнаёмся, што гэта драбнюткая кропля ў моры іншых тавараў на нашым рынку. І з іх можна складаць своеасаблівую "Чырвоную кнігу спажывецкіх тавараў".

Правінцыйны сіндром

Адзначым яшчэ адну паказальную тэндэнцыю. Часам, у адрозненне ад беларусаў, нашу мову актыўна выкарыстоўваюць замежнікі. Напрыклад, украінскія і расійскія сокі ("Добрый", Фруктовый сад, "Садочок" і інш.) маюць на ўпакоўках беларускамоўны склад. У той жа час на беларускіх соках — усё па-руску. Што гэта — абыякавасць ці правінцыйны сіндром?

Па-ранейшаму вы не пабачыце беларускамоўнага складу на ўпакоўках з-пад малака, смятаны, сыроў, марозіва, сасісак, каўбас, чыпсаў, кавы, гарбаты, круп, мукі, цукру, солі. Даходзіць да таго, што на той жа солі вялізнымі літарамі напісана па-ўкраінску — "Сіль", па беларуску ж — ні слова.

Чытаючы склад на малацэ, смятане, шакаладзе, праглядаючы інструкцыі на дзіцячых забаўках, вы знойдзеце рускую, азербайджанскую, казахскую, нідэрландскую, чэшскую, польскую мовы, але, каб пабачыць родную?..

На ўпакоўках якіх тавараў прапісалася беларуская мова? (ФОТА !!!)

Гэта ж тычыцца і бытавой тэхнікі. Абышоўшы шэраг крам і салонаў, я ўпэўніўся, што родная мова не прысутнічае ў інструкцыях. Гэта тычыцца як айчынных бытавых прылад, так і імпартных.

Толькі ў адным з салонаў сотавай сувязі карэспандэнту "Звязды" прапанавалі адну з недарагіх базавых мадэляў тэлефона, дзе магчыма выбраць беларускамоўнае меню.

У той жа час некаторыя крамы імкнуцца пазначаць сваю назву ў беларускамоўным варыянце.

Да прыкладу, у адным з салонаў бытавой тэхнікі, што на Плошчы Якуба Коласа ў сталіцы, назва ўстановы аформлена на дзвюх аднолькавых шыльдах — беларускамоўнай і рускамоўнай. Але падобныя выпадкі можна пералічыць па пальцах. Збольшага шматлікія беларускія крамы, супермаркеты, салоны і гіпермаркеты аформлены як установы такога ж тыпу ў Смаленску, Бранску, Маскве ці Урупінску.

Чаму я пра гэта пішу ў чарговы раз? У многім сёння вырашаецца, ці будзе наша краіна суверэннай, ці захавае яна самабытнасць.

А для гэтага беларус павінен разумець, што ён беларус, а не рускі, не азербайджанец, не казах. Ідэнтычнасць і менталітэт народа перш-наперш выяўляюцца ў яго мове. І калі роднае слова не прысутнічае ў той жа спажывецкай сферы, з якой сутыкаешся штодня, то што можна сказаць пра народ?

Беларускую мову, якую навукоўцы лічаць адной з самых меладычных, уключылі ў так званы "Атлас знікнення моў" ЮНЕСКА. А многія асобы, якія адказваюць за стан мовы, не праяўляюць ініцыятывы, каб выйсці з крытычнай сітуацыі. Пагаджаюцца, што праблема ёсць, а належных захадаў не робяць.

Не раз заяўлялася пра тое, што "Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" будзе дапрацаваны". Але калі гэта здарыцца?

Як паведаміла журналісту "Звязды" кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Ірына Саветкіна, праблема дапрацоўкі "Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не ўнесена ў план заканадаўчай дзейнасці на 2011 год.

Беларуская мова практычна выціснута са спажывецкай сферы. Такую выснову я зрабіў у журналісцкім расследаванні "Бітва за роднае слова". Матэрыял быў падрыхтаваны пасля таго, як стала вядома: беларускую мову ўключылі ў "Атлас моў свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення", складзены ЮНЕСКА.

Нагадаем, што цягам падрыхтоўкі расследавання мы ў тым ліку выправіліся па сталічных гіпермаркетах і спажывецкіх крамах у пошуках тавараў, на ўпакоўках якіх прысутнічае нацыянальная мова. Аказалася, што зрабіць гэта так жа няпроста, як знайсці папараць-кветку ў купальскую ноч.

Малочныя і мясныя прадукты, касметыка, дзіцячыя забаўкі, аўтамабільныя тавары, вопратка беларускай і замежнай вытворчасці, галантарэя, латарэі і многае іншае. Гэта групы тавараў, на якіх вы не знойдзеце беларускамоўных інструкцый і не прачытаеце іх склад на роднай мове. Такой тэндэнцыі, лічу, не было нават у савецкую эпоху.

З соцень, а можа, і тысяч таварных пазіцый беларускія словы мы знайшлі толькі на адзінках.

Тады, адышоўшы ад абурэння, мы звярнуліся ў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі з пытаннем; чаму на ўпакоўках і этыкетках тавараў амаль не прысутнічае беларуская мова? На што быў атрыманы адказ за подпісам старшыні Камітэта Валерыя Карашкова: "Інфармаванне спажыўцоў аб айчынных або імпартных таварах (у тым ліку ў выглядзе маркіроўкі), на рускай мове, не з'яўляецца парушэннем заканадаўства рэспублікі".

Аўтарытэтныя эксперты (дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег ТРУСАЎ) у інтэрв'ю "Звяздзе" сышліся ў думцы, што наш "Закон аб мовах" выкладзены пакуль выкладзены пакуль не ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй. Закон дазваляе чыноўніку (вытворцу тавараў, службовай асобе) выбіраць або рускую, або беларускую мову. Натуральна, што людзі выбіраюць для сябе прасцейшы варыянт і ўвогуле адмаўляюцца ад беларускага слова.

Дарэчы, пасля публікацыі расследавання "Бітва за роднае слова" ніякіх грунтоўных абвяржэнняў у рэдакцыю не прыходзіла.

Яўген  ВАЛОШЫН.

←Помнік Грунвальду ў Ваўкавыску

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика