Найбольш кароткі шлях — да крамы і аптэкі
85,6 працэнта беларусаў маюць магчымасць максімум за 15 хвілін дабрацца пешшу да бліжэйшай харчовай крамы, а 70,5 працэнта — да бліжэйшай аптэкі. Пры гэтым, як паказала праведзенае Нацыянальным статыстычным камітэтам выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак краіны, за тыя ж 15 хвілін пешшу могуць дайсці да бліжэйшай цырульні 67,7, паштовага аддзялення — 65,5, бібліятэкі — 46,3, а да ўстановы аховы здароўя, якая аказвае амбулаторную дапамогу, — 41,5 працэнта рэспандэнтаў.
Тое ж абследаванне засведчыла: 72,6 працэнта насельніцтва засталося ў цэлым задаволеным якасцю паслуг у дзяржаўных, а 94,5 працэнта — у недзяржаўных установах аховы здароўя (як высветлілася, па дапамогу сюды звяртаўся амаль кожны трэці з удзельнікаў апытання). Пры гэтым прапанова даць ацэнкі якасці медабслугоўвання па чатырохбальнай шкале прынесла наступныя вынікі: у цэлым па краіне дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя атрымалі адзнаку 2,9, а недзяржаўныя — 3,4 пункта.
Праўда, адначасова апытанне паказала, што на працягу года 14,4 працэнта рэспандэнтаў мелі праблемы з набыццём неабходных лекаў і медыцынскіх тавараў з-за іх высокага кошту або адсутнасці ў аптэках, а 13,3 працэнта грамадзян так і не атрымалі неабходныя медыцынскія паслугі. Дарэчы, асноўнымі прычынамі недаступнасці медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя называліся вялікія чэргі (44,8 працэнта выпадкаў) і адсутнасць патрэбнага спецыяліста (36,6 працэнта), а ва ўстановах недзяржаўных — высокія кошты (85,2 працэнта).
Адначасова высветлілася, што 78,3 працэнта хатніх гаспадарак у той або іншай ступені задаволеныя работай камунальных службаў. Варыянт "хутчэй не задаволены" тут выбралі 18, а "зусім не задаволены" — 3,7 працэнта рэспандэнтаў.
Нарэшце, не менш цікавы момант: 66,5 працэнта хатніх гаспадарак краіны ў той ці іншай ступені задаволеныя ўласнымі жыллёвымі ўмовамі. Адказ "хутчэй не задаволены" ў гэтым выпадку далі 23,1, а "зусім не задаволены" — 10,4 працэнта рэспандэнтаў. Прычым доля "зусім не задаволеных" у гарадах і ў вёсках адрозніваецца больш чым удвая — 12,1 і 5,9 працэнта адпаведна.
Адрозніваюцца і самі прычыны незадавальнення. У прыватнасці, гараджане часцей за ўсё называюць малую плошчу або адсутнасць уласнага жылля, тады як вяскоўцы — адсутнасць камунальных выгодаў.
Сяргей ГРЫБ.