Бульба

Источник материала:  

"Як не будзе на Макрэні (1 жніўня) дажджу, то не будзе бульба гнісці ў зямлі" — вялікую ўвагу ў гэты дзень надавалі бульбе.

Бульба адносна нядаўна з'явілася на тэрыторыі жыхарства ўсходніх славян, прыкладна ў ХVІІІ стагоддзі. Доўгі час яна лічылася "чужой", "д'ябальскай" раслінай. У стараверскіх тэкстах бульбу, чай і табак называлі "антыхрыставымі" раслінамі. І толькі ў ХІХ стагоддзі бульбу сталі ўжываць у ежу, спазнаўшы яе смакавыя і нават лекавыя якасці. З тых часоў бульба ва ўсходніх славян стала "другім хлебам": "Бульба хлебу дапамога", "Людзі на бульбе і капусце жывуць".

 У некаторых рэгіёнах пры заканчэнні збору бульбы пяклі бульбяныя бліны з морквай. На Палессі ў гэты дзень да святочнага стала абавязкова рэзалі пеўня.

 Паўсюдна было прынята крыху бульбы пакідаць на полі — каб задобрыць бульбянага бога — анчутку-бульбяніка.

 У народзе існавала строгае правіла: пачынаць капаць і есці бульбу неабходна ў той дзень тыдня, на які прыпала ў гэтым годзе Дабравешчанне.

  Акрамя гэтага, дапушчальным днём для пачатку капання бульбы лічылася субота — дзень ушанавання продкаў.

 Засыпаць бульбу ў склеп на доўгачасовае захоўванне раілі ў той дзень, калі памерлі бацька ці маці: "каб яны спрыялі з таго свету". Або ў той дзень тыдня, на які ў гэтым годзе прыпадала Дабравешчанне.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Журналісты адстойваюць прафесійнае права

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика