Іду па вуліцы шырокай....
Пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2010 года" ў намінацыі "Лепшая сялянская (фермерская) гаспадарка" стала гаспадарка "Версія" з вёскі Шчэпічы Клецкага раёна. А там самыя вядомыя фермеры ў раёне — браты Аўдзеі. Вось адзін з іх, самы малодшы, і выйшаў пераможцам.
З Аўдзеямі я ўжо сустракаўся, хоць удалося тады гэта зрабіць праз райвыканкам — фермеры аказаліся не дужа камунікабельныя. Але артыкул "Людзі зямлі" ("Звязда", 5.12.2002 года) усё ж з'явіўся.
Напачатку браты працавалі разам у гаспадарцы "Аўдзей", але пасля перарэгістрацыі кожны атрымаў сваю пячатку. У старэйшага, Мікалая, з'явілася гаспадарка "Бравароўшчына", сярэдні Іван застаўся ў "Аўдзеі", а Аляксандр стварыў "Версію". Але падзел той прайшоў найперш па дакументах, бо на зямлі браты працуюць разам. Прынамсі мяжы, за якую не ступала б братава нага, у іх няма.
З гаспадаром "Версіі" ў пятніцу сустрэцца не атрымалася. Не адбылася сустрэча і ў суботу. А калі фермер паабяцаў быць у нядзелю ў Баранавічах, то для мяне быў прымальным і такі варыянт. Але....
Я не стаў чакаць нядзелі і паехаў у Шчэпічы, каб паслухаць людзей. А што яны думаюць пра фермераў? Ды і другая была нагода. У Шчэпічах 56 падпісчыкаў "Звязды", а гэта болей, чым у некаторых раёнах. І чаму б не сустрэцца з Вячаславам Маліноўскім, які нашу газету выпісвае ўжо чацвёртае дзесяцігоддзе?
Першае, што прыцягнула ўвагу ў Шчэпічах — цэнтральная вуліца: шырокая і роўная, без адзінай ямкі і латкі. "Вось бы такія вуліцы былі ў Баранавічах", — падумалася тады. Пазіраючы на чысты асфальт, зрабіў выснову, што ў Шчэпічах кароў не трымаюць. І ўсё ж, нягледзячы на тое, што вёска вельмі зялёная і вадаём побач, у Шчэпічах праглядваецца запусценне. Многа пахіленых і паваленых платоў, недагледжаных хат... Вось хата пафарбаваная, а побач усё ў заняпадзе. Магчыма, там састарэлыя ці нямоглыя дажываюць свой век, ды і даходы не ва ўсіх аднолькавыя...
Але мяне цікавілі фермеры Аўдзеі. Каля хат людзі трапляліся часта, і я падыходзіў да некаторых, каб спытаць, як выйсці на братоў. Хоць ведаў, дзе яны жывуць, але ж з нечага трэба было пачынаць размову.
— А гэта на другім канцы — там на пагорку іх зямля, — махнуў рукой няголены пенсіянер.
— Зямлі ў Аўдзеяў шмат?
— Каб ім далі волю, то ўвесь калгас прыхапілі б. Вунь якія даміны ў рад паставілі.
Дамы ў фермераў я не сказаў бы, каб былі вельмі ўжо — сёння ўзводзяць катэджы куды большыя і мудрагелістыя, але ў параўнанні з хаткай пенсіянера глядзяцца палацамі.
— Фермер не пашкадуе, — разважаў ужо другі гаспадар. — Ён з чалавека ўсе жылы выцягне.
Тут мужчына спахапіўся: "А вы хто будзеце?"
— Я з газеты...
Не ведаю, што падумаў мой суразмоўца, але пачаў хваліць калгас.
— Вось некалі ў калгасе, то жылі! Сёння ўжо не тое, а раней плацілі. Людзі кароў трымалі, жылі... А фермер жыве, што яму...
Я крочыў вуліцай, якая выцягнулася на кіламетры, і калі са мной параўнялася павозка, спытаў, як трапіць на вуліцу Новую. Двое мужчын неакрэсленага ўзросту зацікавіліся мною.
— А хто вам патрэбны? — спытаў вазніца.
— Маліноўскі.
— Мы будзем каля яго хаты праязджаць. Сядайце.
Дошкі на возе былі ў падсохлым гноі, і я падумаў пра свае штаны, але адмаўляцца не выпадала. Прымасціўся ззаду павозкі.
— А чаму няма на кані падсядзёлка? — пацікавіўся. Аглоблі віселі на адным хамуце і гойдаліся ў такт руху каня.
— Ездзім на тым, што засталося. Усю збрую пакралі, — адказаў вазніца.
— Хто пакраў?
— Не мы, а тыя, хто калгас расцягнуў... начальнікі...
Неўзабаве павозка павярнула направа, і вазніца паведаміў: "А вунь і Маліноўскі каля хаты сядзіць, ён трактарыстам рабіў, а цяпер хварэе...".
Даўні прыхільнік "Звязды" сядзеў на лаўцы і чытаў сваю любімую газету. У яго аказалася праблема са слыхам, і напачатку даволі складана было весці размову. Але прызвычаіўся — пытанні пісаў ці браў голасам, а галоўнае, што Вячаслаў Іванавіч адразу ж сам пачаў весці аповед пра сваё жыццё.
— Жыву адзін. Жонка ў 91-м памерла, а я ўжо 9 гадоў хварэю — сэрца падарваў. Працаваў сумленна і перастараўся. Граматы, дыпломы, медаль з ВДНГ, а цяпер думаю, што не трэба было так старацца, можа, здаровым быў бы, а то інвалід.— Кепска аднаму?
— Жыву з сабакам ды катом, можна было б пайсці да жанчыны на кватэру, але ж у мяне свая хата, ды і рабіць трэба, а сілы няма. Пусціць іншую бабу да сябе, то абдзярэ і пойдзе....
— А як сёння ў сельгаскааператыве?
— Неяк выжывае, можа, за кошт свіней. Свінакомплекс вялікі...
— Братоў Аўдзеяў ведаеце?
— Добрыя хлопцы. Выбудаваліся, паглядзіце, як жывуць, адным словам — фермеры. Спраўныя.
Пенсія ў Маліноўскага 695 тысяч, і я пацікавіўся, ці не цяжкавата выпісваць газету.
— Цяжка, але і далей выпісваць буду. Ну як без газеты! Стараюся неяк выкраіць. Сынам таксама даць тысячу трэба, не дасі, то могуць не прыйсці....
Ад Маліноўскага я зазірнуў у мясцовую краму, якая знаходзіцца побач з праўленнем СВК "Шчэпічы". У краме можна танцаваць, бо тавар толькі ўздоўж сцен. Каля адной — безалкагольныя напоі і піва, ля другой — макароны, цукар. На ўваходзе — гарэлка, каўбаса... Беднавата.
Падышоў да праўлення, а там развяваецца сцяг, узняты ў гонар даяркі МТФ... Чаму Аўдзеі не робяць гэтага? Чаму ў іх няма Дошкі гонару?
Вяртаўся да чыгуначнага прыпынку па той жа цэнтральнай вуліцы і не мог пазбавіцца ад пачуцця нейкай раздвоенасці жыцця. Каля праўлення ўсё яшчэ ўздымаюць чырвоны сцяг, а там фермеры жывуць ужо ў іншым вымярэнні — іх сацыялістычны камуфляж не цікавіць. Адны ў вёсцы дажываюць свой век, а другія жывуць надзеяй. Але калі ў Шчэпічах паклалі такі асфальт, то, напэўна ж, з верай у будучыню.
Аляксандр Аўдзей у Баранавічы не прыехаў, але патэлефанаваў, і мы ўдакладнілі некаторыя моманты.
— Аляксандр Уладзіміравіч, у Шчэпічах давялося пачуць, што калі б вам далі волю, то прыхапілі б усю калгасную зямлю...
— У 2005 годзе старшыня Клецкага райвыканкама прапанаваў узяць палову калгаса. І калі б жаданне было, то ўзялі б.
— А чаму не захацелі? Было б дзе развярнуцца.
— Па-першае, давялося б мяняць усю структуру вытворчасці, але гэта палова справы. Скажыце, а як памяняць псіхалогію людзей, якія прывыклі працаваць у калгасе? Па-другое, а хіба рэфарматараў у нас любяць? Ужо былі нармальныя фермеры, якія ўцягнуліся ў рэарганізацыю калгасаў, а затым вельмі шкадавалі. З рэформамі ў нас можна і турмы паспытаць.
— Яшчэ казалі, што фермер пакуль заплаціць — усе жылы выцягне. Гэта не пра вас?
— У мяне пастаянна працуе 3 чалавекі. Адзін з 1996 года, а двое — з 98-га, і калі б ім кепска было б ці нешта не падабалася, то маглі б даўно развітацца. Яны спецыялісты і могуць на любой тэхніцы працаваць. А які, скажыце, сэнс трымаць абібока, ад якога ніякай карысці? Гэта ў калгасе можна прашлындацца цэлы дзень, а затым ісці да касы.
— Фінансава-эканамічныя праблемы як адбіліся на вашай гаспадарцы?
— А так, як і на ўсіх гаспадарках. Жывём пакуль што на грошы, заробленыя ў мінулым сезоне. Але жыццё нельга прыпыніць ніякім крызісам.
— Прадукты даражэюць, то для вытворцаў сельгаспрадукцыі гэта быццам бы і някепска?
— Калі даражэюць прадукты, то даражэе і жыццё ў цэлым. Хіба салярка і бензін у цане не выраслі?
— Некалькі слоў пра сваю гаспадарку.
— На траіх у нас 350 гектараў. Вырошчваю цукровыя буракі, пшаніцу і моркву. Тэхніка на 70 працэнтаў беларуская, але ёсць і замежная. Які ўраджай? Пакуль яго не рэалізаваў, не атрымаў грошы, то які сэнс падлічваць цэнтнеры? Ды і няма сэнсу гнацца за цэнтнерамі. Няхай на гектар іх будзе меней, але з меншымі затратамі на вытворчасць. Са збытам прадукцыі няма праблемы. Дзяржзаказ на буракі і пшаніцу, а моркву здаём на кансервавы завод, адпраўляем у Мінск...
Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.
Клецкі раён.