Дзе жыве міласэрнасць?
Нефармат
Калі не ведаеце, то я вам скажу: у Столінскім раёне. На шчасце, не толькі ў ім. Але там ёсць адзін канкрэтны адрас, па якім можна знайсці жанчыну. Яе завуць Лідзія Паддубная, яна жыве ў вёсцы Харомск...
Цяпер стала модна праяўляць міласэрнасць і спагаду. То тут, то там чуем пра дабрачынныя акцыі, ахвяраванні, дапамогу дзіцячым дамам і прытулкам. На слыху апошнім часам грандыёзная акцыя па падтрымцы анкалагічна хворых дзяцей, якую ўзначаліла ў суседняй краіне расійская актрыса Чулпан Хаматава. Чулпан разам з багатай і ўплывовай бізнэс-лэдзі разгарнулі вялікую работу, найперш сталі біць трывогу. Ім удалося заручыцца падтрымкай на гады прэзідэнта-прэм'ера Пуціна. І вось за бюджэтныя сродкі ў Маскве ўзвялі новы дзіцячы анкалагічны цэнтр сусветнага ўзроўню. Актывісты ж дабрачыннага фонду працягваюць збіраць грошы на дарагія замежныя лекі для пацыентаў, якія лечацца не толькі ў Маскве, але па ўсёй вялікай Расіі. Несумненна, гэта вялікая, высакародная справа.
Ёсць і на нашай зямлі нямала прыкладаў падобнага кшталту. І заўсёды былі. Нядаўна ў кніжцы пра сям'ю Багдановіча давялося прачытаць пра сучасніцу маці паэта -- жонку мінскага губернатара. Першая дама губерні курыравала, як тады было прынята, прытулкі і багадзельні. Грошы яна, здаралася, збірала арыгінальным спосабам. У тыя часы, відавочна, таксама праводзіліся нарады накшталт цяперашніх выканкамаў. Калі прыбывалі ўдзельнікі сходу, жонка губернатара падыходзіла найперш да таго, каго павінны былі асабліва ўшчуваць. Кандыдат на праборку, вядома, не скупіўся, гатовы быў на ўсё, толькі б як-небудзь палепшыць сваё становішча, -- ён даваў прыстойную суму для бедных. Наступны -- такім ужо быў этыкет -- не мог даваць менш за папярэдняга. Такім чынам збіралася пэўная сума, якая ішла на падтрымку дзіцячых прытулкаў, бальніц, іншых падобных устаноў. Можа цяперашнім жонкам уплывовых людзей варта было б вывучыць той вопыт?
Зараз міласэрнасць набыла крыху іншыя абрысы і, так бы мовіць, калектыўны характар. Перад Новым годам і Калядамі, напярэдадні дня абароны дзяцей то там, то тут прамільгне інфармацыя, што работнікі пракуратуры наведалі прытулак, супрацоўнікі яшчэ адной сілавой структуры паехалі ў дзіцячы дом, падшэфныя ўстановы маюць ДАІ і Дэпартамент аховы... Банкі падтрымліваюць школы-інтэрнаты, санаторыі, спартыўныя школы. Часам даводзіцца чытаць або глядзець па тэлевізары, як буйныя прадпрыемствы ладзяць дабрачынныя візіты ў прытулкі, дзіцячыя дамы і інтэрнаты для састарэлых. Гэта правільна. Часцей і часцей у кантэксце эканамічнай палітыкі можна сустрэць катэгорыю -- сацыяльная адказнасць бізнэсу. Усё гэта прыгожа, правільна, своечасова. Але... у падобныя паездкі бізнэсмены, служачыя, сілавікі любяць захапіць аператара, фотакарэспандэнта, клапоцяцца, каб добрая справа не засталася па-за ўвагай сродкаў масавай інфармацыі. Нельга іх у гэтым папракаць. Бо ўсялякая папулярызацыя дабрачыннасці заклікана служыць прыкладам.
Але я хачу гаварыць сёння пра іншае, пра тую міласэрнасць, якая не імкнецца да вядомасці, якая ад пачатку жыве ў нашых людзях. Такіх, як Лідзія Фёдараўна Паддубная.
Сваіх праблем і свайго гора на век гэтай жанчыны хапіла. Але міма чужога яна не прайшла. Каб дапамагчы дачцэ, якая засталася адна з чатырма дзецьмі, пабудаваць дом, падняць дзяцей, Лідзія Фёдараўна доўгі час трымала чатыры каровы. Вазіла ў Столін прадаваць малако. Былі ў яе там пастаянныя кліенты. Сям'я адных такіх літаральна на яе вачах развалілася. Муж з жонкай развяліся, ён з'ехаў з горада, яго 90-гадовая маці экс-нявестцы таксама аказалася непатрэбнай. Тады Лідзія Фёдараўна забрала Ефрасінню Самсон да сябе і стала даглядаць. Зараз бабульцы 92 гады, у яе пачаліся сур'ёзныя праблемы з памяццю. Але 70-гадовая Лідзія Паддубная не ўяўляе, як можна кінуць чалавека. У яе па-ранейшаму вялікая гаспадарка, яна працаўнік, якіх і на вёсцы сёння пашукаць, расказалі суседзі. Сама ж гаспадыня трапіла ў бальніцу. Сэрца падвяло, не справілася самастойна з дрэннай весткай. Цяжка захварэў старэйшы ўнук, па гэтай прычыне яго нават камісавалі з арміі. Вось бабулі стала дрэнна (яна якраз працавала на агародзе), "хуткая" забрала. Зараз гаспадарку, а таксама старэнькую жанчыну глядзіць дачка Лідзіі Фёдараўны, суседзі дапамагаюць. Але ніхто не сумняваецца, што пасля выпіскі гаспадыні ўсё будзе па-ранейшаму. Зноў яна будзе мыць, карміць, даглядаць, па сутнасці, чужога чалавека.
Шмат людзей у нас пакуль што цяжка дажываюць свой век. У некаторыя прытулкі, дамы састарэлых, бальніцы сястрынскага догляду ёсць чэргі. А старой нямоглай бабулі Ефрасінні са Століна на жыццёвым шляху проста сустрэўся чалавек з добрым сэрцам.
Святлана ЯСКЕВІЧ.