Распушчаныя валасы

Источник материала:  

Магія падабенства, на падставе якой фарміраваліся шматлікія абрадавыя дзеянні сямейна-родавых рытуалаў, патрабавала ад парадзіхі развязаць усе вузлы, каб палегчыць з'яўленне дзіцяці на гэты свет. Такім чынам, яна ў абавязковым парадку павінна была распусціць свае валасы. Але і гэты пераходны стан будзе кароткачасовым. Праз сорак дзён пасля нараджэння дзіцяці маці павінна прайсці абрад уцаркаўлення, каб зняць грэх, звязаны з зачаццем і нараджэннем немаўляці. Вось тут ёй і прыйдзецца давесці да ладу свае валасы.

 Распушчаныя валасы жанчыны заўсёды былі знакам "няўключанасці" іх уладальніцы ў свет традыцый і прынятых грамадствам культурных каштоўнасцяў.

 Каб увайсці ў кантакт з Космасам ці душамі нашых далёкіх продкаў падчас калядных варожбаў, дзяўчаты таксама павінны былі распусціць валасы, развязаць усе "вузлы" і зняць з сябе ўсе ўпрыгожанні, таму што ўсе яны мелі форму кола і выконвалі ролю магічнага абярэга, "замыкалі" яго гаспадара ад агрэсіі навакольнага асяроддзя. У гэтым сэнсе становіцца зразумелай неабходнасць зняць галаўны ўбор на некалькі імгненняў пры сустрэчы двух людзей на вясковай вуліцы. Гэта быў жэст, які сведчыў пра адкрытасць намераў у момант вітання знаёмага ці незнаёмага чалавека.

 Нярэдка нашы продкі расцэньвалі проставалосасць як прыкмету нячыстай сілы. У адной з замоў гучыць пэўны пералік "праблем", ад якіх варта абараніцца: "Выратуй мяне ад ведзьмака і ад дзеўкі гладкавалосай, і ад бабы проставалосай...".

 Сарваць, зняць з жанчыны галаўны ўбор азначала зганьбіць не толькі яе, але і яе сям'ю: "Нярэдка адбываліся судовыя працэсы па абвінавачванні ў нанясенні жанчыне ганьбы" — знаходзяць этнографы ў судовых запісах ХІХ-ХХ стст.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Дзе жыве міласэрнасць?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика