Шлюбны дуэт развялі ў розныя камеры

Источник материала:  

Каля 170 сведак прыйшло на суд, дзе ў якасці абвінавачваных былі выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа, сужэнцы Святлана Аўраменка і Аляксандр Крывіцкі.

Навучэнцы каледжа, калегі і кіраўнікі расказвалі аб усім, што тычыцца крымінальнай дзейнасці настаўнікаў на працягу 8 гадоў. Нагадаем, што ў чэрвені мінулага года супрацоўнікі ўпраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці затрымалі выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа пры атрыманні незаконнай грашовай узнагароды ад навучэнца за спрыяльнае рашэнне па здачы экзамену. У дачыненні да яе заведзена крымінальная справа. Падчас расследавання з'явіўся новы фігурант — муж затрыманай, выкладчык той жа ўстановы. Суд высветліў, што шлюбная пара, выкарыстоўваючы свае пасады, наладзіла стабільнае атрыманне дадатковага "заробку". Сямейны бюджэт рэгулярна папаўнялі атрыманыя ад навучэнцаў хабары.

Як расказалі ў прэс-групе ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, на пачатковым этапе "навучання" да ведама студэнтаў даводзіліся адзіныя для ўсіх "тарыфы" аплаты за экзамены і курсавыя праекты. Так, у 2007-2008 гадах экзамен і курсавы праект "каштавалі" адпаведна 30 і 40 тысяч рублёў, у 2008-2009 гадах кошт на курсавы праект склаў 50, а ў 2009-2010 гадах — 60 тысяч рублёў. Як правіла, навучэнцам даводзілася плаціць неаднойчы. Крывіцкі з'яўляўся старшынёй камісіі, у кампетэнцыю якой уваходзіць размеркаванне педагагічнай нагрузкі паміж выкладчыкамі. Магчыма, менавіта таму за сужэнцамі былі замацаваны тыя прадметы, па якіх навучальным планам прадугледжвалася самая вялікая колькасць экзаменаў і курсавых работ. У выніку "навучанне" абыходзілася кожнаму ў некалькі сотняў тысяч рублёў. Грошы плацілі таксама і навучэнцы платных аддзяленняў. У шэрагу выпадкаў няпоўнагадовыя, не маючы крыніц даходу, на працягу семестра збіралі грошы, атрыманыя на кішэнныя расходы, каб у сесію паспяхова здаць іспыт. Некаторым сужэнцы дазвалялі "здаць" у доўг. Сведчанні навучэнцаў, якія давалі хабары, вельмі падобныя: "Заплаціў па "адзіным тарыфе" — і можна не здаваць экзамен".

У крымінальнай справе больш за дзвесце эпізодаў атрымання хабараў Аўраменка — адной ці ў змове з Крывіцкім. Выкладчыца вяла падрабязны ўлік сваіх незаконных прыбыткаў. Дуэт "працаваў" да таго моманту, пакуль іх дзейнасць не прыпынілі супрацоўнікі УКГБ па Гомельскай вобласці.

За атрыманне хабараў групай асоб па папярэдняй змове Святлана Аўраменка пакарана на пяць гадоў пазбаўлення волі. На паўгода менш правядзе за кратамі яе муж Аляксандр Крывіцкі. У сужэнцаў канфіскавана маёмасць, на тры гады яны пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з прыёмам залікаў і экзаменаў у навучальных установах. Прысуд уступіў у законную сілу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Мужчина, заступившийся за безбилетника, оштрафован на 700 тысяч

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика