Заяўкі на педагогаў дашкольных устаноў не задавольваюцца нават напалову

Источник материала:  

Змест дашкольнай адукацыі і спецыфіка работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту патрабуюць ад педагагічных работнікаў самай высокай кваліфікацыі. Аднак у апошнія гады сітуацыя з кадрамі працягвала пагаршацца. Так, толькі за мінулы год, па звестках галіновага прафсаюза, колькасць вакантных пасад павялічылася дадаткова на 17,9 працэнта: з 3126 у 2009 годзе да 3687 летась. Не хапае па краіне 731 выхавальніка (у 2009 годзе — 626), 641 медыцынскага работніка (у 2009 годзе — 590), 576 памочнікаў выхавальнікаў (у 2009 годзе — 250) і 263 кіраўнікоў па фізічным выхаванні (у 2009 годзе — 209).

— Да негатыўных тэндэнцый трэба аднесці і скарачэнне ў дашкольных установах колькасці педработнікаў, якія маюць профільную адукацыю больш чым на 10 працэнтаў за апошнія тры гады, — паведаміў на калегіі Міністэрства адукацыі намеснік міністра адукацыі Казімір ФАРЫНО. — На жаль, мы вымушаны канстатаваць адток з сістэмы дашкольнай адукацыі кваліфікаваных кадраў...

Асабліва складаная сітуацыя ў беларускай сталіцы. Вакансіі прапануюцца там выпускнікам няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў з наступнай іх перападрыхтоўкай, аднак прыступіць да работы з дзецьмі маладым спецыялістам даводзіцца ўжо ў жніўні. Летась, напрыклад, з 400 заявак , што паступілі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка ад Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама былі задаволены толькі 100, прычым непасрэдна выпускнікоў факультэта дашкольнай адукацыі сярод размеркаваных было толькі 40 чалавек. Для размеркавання іншых выпускнікоў факультэта ў Мінск перашкодай стала адсутнасць у іх пастаяннай сталічнай рэгістрацыі. У сярэднім па краіне заяўкі рэгіёнаў на маладых спецыялістаў былі задаволены толькі на 43,8 працэнта, а ў сталіцы — і ўвогуле толькі на 6,2 працэнта.

У некаторых рэгіёнах у дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці, якія павінны забяспечваць рознабаковыя адукацыйныя паслугі, у тым ліку скіраваныя на развіццё творчых здольнасцяў дзяцей, працуюць выхавальнікі, якія маюць толькі агульную сярэднюю адукацыю і завочна навучаюцца ў ВНУ. Натуральна, што іх кваліфікацыі недастаткова.

Увогуле сёння стала звычайнай практыкай прыцягваць да работы ў дашкольных установах студэнтаў пятых курсаў ВНУ, работнікаў, якія не маюць сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а сумяшчаюць работу з навучаннем і скончылі два курсы ВНУ ці займаюцца на апошнім курсе сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Інакш як можна ўкамплектаваць дашкольныя ўстановы выхавальнікамі?

Яшчэ адна негатыўная тэндэнцыя, якую не абмінуў у сваім выступленні Казімір Фарыно, — цякучка кадраў. Адпрацаваўшы па размеркаванні належныя два гады ў дзіцячым садку, маладыя спецыялісты, а таксама спецыялісты, якія маюць іншую педагагічную адукацыю (настаўнікі—прадметнікі) шукаюць больш прэстыжную і высокааплатную работу. Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя ў Мінску і Мінскай вобласці, бо ў сталічным рэгіёне ў выпускнікоў навучальных устаноў, асабліва тых, хто навучаўся на платнай аснове, ёсць значна больш магчымасцяў для працаўладкавання на іншыя спецыяльнасці, прычым на пасады з больш высокімі заробкамі.

Цяпер сярэднямесячная заработная плата выхавальніка складае 850 тысяч рублёў, а памочніка выхавальніка — 560 тысяч рублёў. Натуральна, што гэта таксама ўплывае на адток кадраў. Асабліва праблема дэфіцыту кадраў абвастрылася пасля зніжэння ў работнікаў дашкольных устаноў працягласці асноўнага адпачынку. Праўда, Казімір Фарыно агучыў аптымістычную навіну: сёння ва ўрадзе знаходзіцца праект пастановы, які прадугледжвае вяртанне ранейшай працягласці адпачынку педагогам дашкольных устаноў — 42 дні. Напэўна, трэба паспяшацца з прыняццем гэтага дакумента, бо лета ўжо на парозе...

Казімір Фарыно паведаміў таксама, што прыём на ўсе факультэты дашкольнай адукацыі ў ВНУ і ССНУ на бюджэтныя месцы сёлета будзе павялічаны на 12—15 працэнтаў. Аднак паралельна са значным павелічэннем набору на спецыяльнасці, дзе рыхтуюцца кадры для дашкольных устаноў, трэба ствараць і ўмовы для прыцягнення ў ВНУ якаснага абітурыента, а таксама ствараць умовы для замацавання кадраў у дашкольных установах. Інакш ніколі не ўдасца залатаць "кадравыя дзіркі"...

Надзея НІКАЛАЕВА.

(Працяг тэмы ў наступных нумарах.)

Даведка "Звязды":

толькі 21,5 працэнта педагогаў дашкольных устаноў маюць вышэйшую і 31,1 працэнта — сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці "Дашкольная адукацыя". Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 15,3 працэнта педагогаў дашкольных устаноў.

←Мужчина, заступившийся за безбилетника, оштрафован на 700 тысяч

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика