Грэчкі на наступны год можна вырасціць болей, а вось што рабіць з валютай?

Источник материала:  

Бліц-апытанне: як вы ацэньваеце эканамічную сітуацыю у краіне? Што далей рабіць з адсутнасцю валюты — аслабляць  ці дэвальваваць рубель, чакаць замежнага крэдыту або нічога не рабіць?

Віктар МАРГЕЛАЎ, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

— Я лічу, што трэба зрабіць дзве рэчы: пачаць жыць па сродках і перастаць падманваць адзін аднаго. Зыходзячы з гэтага трэба правесці комплекс мерапрыемстваў па аптымізацыі эканомікі (гэта доўгая песня), і, па-другое, правесці пажадана планамернае аслабленне рубля, калі на гэта ёсць грошы. Калі няма грошай, тады, на жаль, правесці яго аднаразова. Бо негатыўныя з'явы нарастаюць не па днях, а па гадзінах. І сацыяльныя з'явы могуць быць вельмі негатыўнымі: толькі што з нашай крамы пайшоў мужчына, які 40 хвілін скандаліў, чаму яму не дасталася цукру. Мы сёння прадалі двухтыднёвую норму і цукар скончыўся. Канечне, мы прывязём новы, але самі разумееце, мы не можам працаваць у такім экстранным рэжыме, калі людзі змятаюць з паліц усё.

Калі казаць пра імпартныя тавары, то сітуацыя такая: з асобнымі з іх ёсць пытанні, але ў асноўнай масе можна казаць пра павышэнне цаны і як мінімум на 25-30%. Кожны дзень імпарцёры аб'яўляюць новыя цэны: сёння па сланечнікавым алеі цэны змяніліся тройчы за дзень. Зразумела, гэта не можа не адбіцца на цэнах на прылаўку.

Ужо за мяжой наш беларускі рубель каціруецца не ніжэй за 4200. Мы павінны ўсталяваць рынкавую раўнавагу. Курс можа быць розны, бо могуць быць комплексныя мерапрыемствы. Напрыклад, як МВФ прапанаваў скараціць зарплату на 10-15% у дзяржсектары, тады ў гэтым выпадку курс мог апусціцца на 10-20%, не больш. Калі зарплату павышаць, то тады яшчэ большы курс долара будзе патрэбны да беларускага рубля.

Аляксандр КАЛІНІН, старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў":

— Трэба мяняць падыходы да кіравання эканомікай — адмаўляцца ад адміністрацыйнага рэгулявання эканомікай.

— Гэта працэс складаны і працяглы, а якімі павінны быць экстранныя меры?

— Дэвальвацыя нас не выратуе, гэта толькі на некалькі месяцаў. Але аслабленне, вядома ж, трэба праводзіць. У імпарцёраў зараз крытычная сітуацыя, шмат якія спынілі працу. Або закладваюць курс 4 тысячы.

— Як лічыце, аслабленне павінна быць разавае ці павольнае?

— Не, разавае нельга. Толькі паступовае.

Георгій БАДЗЕЙ, старшыня праўлення Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С. Куняўскага

— Калі няма валюты, дык хочаш не хочаш, але каб валюта з'явілася, то трэба аслабляць. Вось не было грэчкі, павысілася цана, дык хоць яна і дарагая, але можна купіць гэтую грэчку. Так і з валютай — гэта такі самы тавар, як і грэчка. І калі яе няма на рынку, то цана павінна расці... Але грэчкі на наступны сезон можна пасеяць болей і яна з'явіцца. А вось як вырасціць валюту — тут больш складаная сітуацыя. Я гэта да таго, што зрабіць аслабленне — мала, трэба зрабіць такія структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы, каб вырасла гэтая самая валюта. Неабходна ўдасканальваць і мяняць усю структурную палітыку.

Можна падлічыць адмоўнае знешнегандлёвае сальда па мінулым годзе, яно склала недзе каля 10 мільярдаў долараў, і суаднесці з нашым экспартам. Але гэта мае ўласныя разважанні дылетанта, які не валодае лічбамі золатавалютных запасаў краіны. Можа быць у нас ёсць іншыя крыніцы. Ды яны і ёсць — трэба праводзіць прыватызацыю, трэба прыцягваць крэдыты, гэта таксама як часовае падтрыманне. Тут трэба рабіць гэта ўсё ва ўзаемнай сувязі...

— Як пажываюць імпарцёры?

— А справа не толькі ў іх — і экспарцёры ў дастаткова складаным стане, асабліва што тычыцца тэхпераўзбраення, закупкі абсталявання і інш. Так што тут пытанне не толькі ў імпарцёрах, гэта тычыцца ўсёй эканомікі, бо камплектуючыя, сыравіну і матэрыялы таксама трэба закупляць.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Беларусь выполняет санитарные обязательства в рамках Таможенного союза - Арнаутов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика