Заснуць з задавальненнем, прачнуцца — бадзёрым

Источник материала:  

У канцы сакавіка наша краіна пяройдзе на летні час. Стрэлкі гадзінніка трэба будзе перавесці на адну гадзіну наперад. Змяненне прывычнага рытму сну ў пэўнай ступені ўплывае на арганізм чалавека. Як адзначае кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры псіхатэрапіі БелМАПА Ірына Байкова, перавод часу на адну гадзіну кампенсуецца арганізмам на працягу тыдня. У гэты перыяд адаптацыі ў настроі людзей магчымыя эмацыйныя хістанні, можа з'явіцца раздражняльнасць, цалкам верагоднае парушэнне рытму сну. Ён становіцца перарывістым, могуць узнікнуць цяжкасці з засынаннем. У такім выпадку рэкамендуецца папрымаць лекавыя травы, якія валодаюць заспакаяльным дзеяннем: валяр'ян, мелісу, хмель. Можна з іх рабіць чай.

Свае цяжкасці могуць быць і з ранішнім прачынаннем: цяжар і кружэнне ў галаве, адсутнасць апетыту, знясіленне і інш. Ігнараваць такія сімптомы не варта, лепш навучыцца прыстасоўвацца да іх.

Напрыклад, прычынай такіх непрыемнасцяў можа быць перапад артэрыяльнага ціску. Гэта здараецца тады, калі вы ўскокваеце па званку будзільніка быццам на пажар. Галава кружыцца, у вачах цямнее, у полі зроку мільгацяць мушкі, па целе поўзаюць мурашкі. Усё гэта хваравітае параджэнне мозга, якому не хапае кіслароду. Калі вы хутка ўстаяце з ложка, кроў адлівае ад галавы і верхняй паловы тулава, артэрыяльны ціск падае. Таму, прачнуўшыся, не спяшайцеся ўставаць, мінімум пяць хвілін паляжыце, пацягніцеся ўсім целам, папазяхайце. гэта дапаможа актывізаваць мазгавы кровазварот. Каб галава не закружылася, не рабіце рэзкіх рухаў, устаючы з ложка. Спачатку сядзьце, потым звесьце ногі і плаўна падыміцеся. Можна скарыстацца і такой парадай: перавядзіце сігнальную стрэлку будзільніка на 15—20 хвілін наперад. Нічога, што пад'ём зацягнуўся. Сэрцу і сасудам патрабуецца час, каб прыстасавацца да работы ў вертыкальным становішчы.

На прачынанне ўплывае і паніжаная тэмпература цела. Раніцай яна ў сярэднім на 0,6 градуса ніжэйшая, чым вечарам. Нізкая тэмпература — знак, што арганізм яшчэ не прачнуўся. Абмен рэчываў замаруджаны, ахоўныя сілы адпачываюць, унутраныя органы працуюць напаўсілы, страўнікавы сок не выдзяляецца.

У гэтым выпадку станьце пад гарачы душ, а калі добра прагрэецеся, зрабіце ваду настолькі прахалоднай, наколькі вы ў стане вытрымаць. Гэта дапаможа ўзбадзёрыцца і разбудзіць сонны арганізм.

Павышаны ўзровень цукру ў крыві таксама не робіць прачынанне камфортным. Справа ў тым, што раніцай колькасць глюкозы ў крыві самая высокая. Калі кроў насычаная цукрам, то есці не хочацца, і вы адмаўляецеся ад сняданку ці перакусваеце на хуткую руку. Шклянка соку з тостам, слоічак абястлушчанага ёгурту ці шматкі з малаком — вось і ўся ежа. Аднак праз гадзіну-паўтары ўзровень глюкозы пачынае зніжацца, абуджаючы "воўчы" апетыт, а да абедзеннага перапынку яшчэ вельмі далёка. Таму, каб не цярпець ад голаду на працы, снедайце сытна.

Аднак майце на ўвазе: ніякіх каш і ласункаў на сняданак — у іх шмат вугляводаў, якія арганізм пераўтварае ў глюкозу, а яе і так хапае ў ранішнія гадзіны. Тлушчы — вось у чым зараз сапраўды мае патрэбу ваш арганізм. Яны лепш за ўсё засвойваюцца ў пачатку дня, паколькі ў гэты час ліпаза (фермент, які іх расшчапляе) знаходзіцца на піку актыўнасці. Згараючы, тлушчы забяспечваюць арганізм біялагічным палівам да самага абеду. Ідэальны сняданак — бутэрброд з маслам, 2—3 лустачкі сыру, 5—6 арэхаў, сметанковы ёгурт, тварог, блінчыкі ці аладкі са смятанай, свежазавараны чай.

Прачынанне не будзе бадзёрым, калі існуе дэфіцыт эндарфінаў у кары мозга. Ад гэтых аптымізуючых рэчываў залежыць эмацыянальны тонус. Вечарам іх шмат, і вы глядзіце ў будучыню з аптымізмам. Да раніцы ўзровень эндарфінаў падае, і настрой зводзіцца да нуля.

Вам дапаможа кубачак кавы з некалькімі кавалачкамі шакаладу. Кафеін і шакалад павялічваюць выпрацоўку эндарфінаў, якія прыносяць адчуванне заспакаення.

Дарэчы, адна з самых частых прычын, што выводзяць нас з раўнавагі раніцай, — застойныя з'явы. У гадзіны сну кроў прылівае да галавы, а яе вадкая частка прасочваецца ў тканкі. Вынік — цяжкая галава з-за павышэння ўнутрычарапнога ціску, боль у вачах з-за росту ціску ўнутры вачэй, закладзенасць носа, непрыгожыя мяшкі пад вачыма.

Таму за 1,5—2 гадзіны да сну не ўжывайце чай, сокі, іншыя напоі. Ноччу ныркі адпачываюць, а выпітая вадкасць пераходзіць у падскурную клятчатку твару і цела, яблыкі вачэй і пад абалонкі галаўнога мозга. Выкарыстоўвайце высокія падушкі і адмоўцеся ад дзіцячай звычкі спаць на жываце, інакш раніцай вас напаткае галаўны боль. Калі ж ацёкаў не ўдалося пазбегнуць, выпіце каву, кефір, яблычны сок, морс з брусніц — яны валодаюць лёгкім мачагонным эфектам і выводзяць лішнюю ваду з тканак.

Вольга ШАЎКО.

←Байцы мінскага клуба «Патрыёт» пазнаёмілі палякаў з беларускай мовай

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика