Байцы мінскага клуба «Патрыёт» пазнаёмілі палякаў з беларускай мовай
Тайбаксёр Дзяніс Ганчаронак скончыў двубоі ў мястэчку Старогард Гданьскі двума сакрушальнымі накаўтамі. А яго трэнер Дзмітрый Пясецкі пасля турніра прэзентаваў палякам беларускамоўную версію сайта клуба "Патрыёт".
Пасля публікацый у "Звяздзе" матэрыялаў "Бітва за роднае слова", дзе апавядалася пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў шэрагу сфераў нашага грамадства, мінскі байцоўскі клуб "Патрыёт" прыняў рашэнне стварыць карпаратыўны інтэрнэт-сайт, дзе была б версія на роднай мове.
Такім чынам, старонка patrіotgym.com днямі прапісалася ў сусветным павуцінні.
Сайт мае тры моўныя версіі. Па-беларуску можна пачытаць інфармацыю аб клубе, прафайлы байцоў, звесткі пра трэнераў і іншае.
У дзень, калі сайт запрацаваў, галоўны трэнер "Патрыёта" Дзмітрый Пясецкі і баец Дзяніс Ганчаронак (90 кг) знаходзіліся ў польскім мястэчку Старогард Гданьскі, дзе стартаваў міжнародны прафесійны турнір Vіctory and Glory.
Дзяніс, неаднаразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і зорка нацыянальнай зборнай, змагаўся па прафесійных правілах (байцы надзяваюць толькі пальчаткі і абарону на пах). Пераможца павінен быў стаць лепшым у двух паядынках вечара.
Глядацкая аўдыторыя была агаломшана, калі Дзяніс за паўхвіліны цяжка накаўтаваў паляка Збігнева Ставіцкага: сапернік не адразу змог падняцца пасля цяжкага левага бакавога насустрач.Ужо праз дваццаць хвілін Ганчаронак выйшаў на рынг супраць мясцовай зоркі — кікбаксёра Лукаша Буткевіча. Беларус зрабіў падманны рух і, як паленам, прыклаў суперніка па галаве ўдарам правай нагі. Другі цяжкі накаўт...
Дзяніс стаў пераможцам прафесійнай чацвёркі, і яго чакае тытульны двубой за пояс Vіctory and Glory. Хоць гэта для беларускага цяжкавагавіка — размінка. У хуткім часе ён разам з нацыянальнай зборнай кіруецца ў Турцыю на аматарскі чэмпіянат Еўропы па тайскім боксе. А пасля, у пачатку лета, едзе ў Лас-Вегас, дзе сустрэнецца з мясцовай зоркай кікбоксінгу.
На паслятурнірным банкеце галоўны трэнер клуба "Патрыёт" Дзмітрый Пясецкі пазнаёміў польскую байцоўскую супольнасць з сайтам свайго клуба. Інтэрнэт-старонку "Патрыёта" стварылі самі байцы.
— Сайт patrіotgym.com функцыянуе на трох мовах — беларускай, англійскай і рускай. Па сутнасці, мы сталі першым беларускім спартыўным сайтам, які мае версію на роднай мове, — пахваліўся трэнер журналісту "Звязды". — Сайт ствараўся на хуткую руку, таму, магчыма, вы знойдзеце нямала памылак, якія ў хуткім часе будуць выпраўлены. Беларускамоўная версія з часам стане галоўнай.
— Чаму вы вырашылі зрабіць такі патрыятычны крок?
— Нашаму клубу няма і двух гадоў. Тым не менш ён займеў міжнародную вядомасць. У "Патрыёце" займаюцца Дзяніс Ганчаронак, Віталь Гуркоў (неаднаразовы чэмпіён свету па тайскім боксе ў сярэдняй вазе), зорка прафесійнага кікбоксінга Забіт Самедаў, які хутка дэбютуе ў так званых баях без правілаў, і іншыя. Але задача клуба "Патрыёт" — выхаваць не толькі паспяховага спартсмена, але і гарманічную асобу, чалавека, які зможа зрабіць унёсак у развіццё сваёй краіны. А на гэта здольны толькі той чалавек, які паважае сваю мову...
Рэакцыя палякаў на выступленне беларусаў у Староградзе Гданьскім таксама здзівіла.
Мясцовыя жыхары — вельмі своеасаблівыя. З 1769 года мястэчка знаходзілася пад панаваннем Прусіі. І толькі з 20-х гадоў мінулага стагоддзя тут зноўку пачалі ўладарыць палякі. У сучасным Старогардзе Гданьскім вы ўбачыце арыгінальнае перапляценне архітэктур — нямецкай 19-га стагоддзя і польскай 20-га. Такі ж і менталітэт мясцовых жыхароў — усходне-заходні, месцамі выбуховы.
Але я не пачуў ніводнага шавінісцкага воклічу з трыбун. Ніякіх абсвістванняў і ўлюлюканняў, аднолькавая рэакцыя на гімны — як на польскі, так і на беларускі. На тле палітычных канфліктаў такое добразычлівае стаўленне да беларускіх спартсменаў — паказальны момант. Нават у мясцовай прэсе пра Дзяніса Ганчаронка напісалі з захапленнем. Журналісты і госці турніра прызналі беларуса найлепшым байцом усяго міжнароднага турніру.
— Гледачы нармальна мяне сустракалі, пасля турніру падыходзілі і фатаграфаваліся, знаёміліся, — заўважае баец Дзяніс Ганчаронак. — Для мяне таксама не мае значэння нацыянальнасць суперніка ці колер скуры...
Палякі, якіх некаторыя лічаць фанабэрыстымі і задзірыстымі, могуць даць беларусам прыклад. Не раз падчас міжнародных байцоўскіх турніраў ці футбольных матчаў у Мінску мне даводзілася чуць ад некаторых нашых "балельшчыкаў" ганарлівыя рэмаркі наконт іншаземцаў. Моцныя людзі так не паступаюць.
Дай Божа, калі-небудзь высілкі людзей, якія дбаюць пра здаровы беларускі патрыятызм, прывядуць да таго, што мы адчуем сябе паўнавартаснай і сапраўды талерантнай нацыяй.
Яўген ВАЛОШЫН,
Мінск — Старогард Гданьскі.