Зборніца, Ізбор, Узбор
Субота на першым тыдні Вялікага посту насіла назву Зборавай суботы.
На Палессі ў гэты дзень выконвалі абрад "споведзі дзежкі". Дзяжу, у якой рыхтавалі рошчыну, накрывалі новым ручніком, абкурвалі воскам, а на дно клалі вугельчык. У гэты дзень у ёй не замешвалі цеста, бо лічылі, што "цяжка будзе ісці дзежцы на споведзь". Гэты абрад арганічна ўваходзіў у больш шырокае кола абрадавых дзеянняў, накіраваных на падрыхтоўку і пераход чалавека ў стан доўгатэрміновага ўстрымання ад скаромнага. Чалавек павінен быў ачысціць свой арганізм, удасканаліць-упарадкаваць свой духоўны свет, а таксама правесці абрад ачышчэння з асноўнымі побытавымі рэчамі. Усё гэта было накіравана на фізічнае і духоўнае абнаўленне, якое павінна было падрыхтаваць чалавека да самай неардынарнай падзеі года — святкавання дня Уваскрасення Ісуса Хрыста.
Нядзеля на першым тыдні Вялікага посту насіла назву Зборніца, Ізбор, Узбор. Асабліва гэтае свята распаўсюджана на Віцебшчыне.
Ужо сама назва гэтага святочнага дня сведчыць аб тым, што чалавек, які перажыў цяжкі зімовы перыяд, рыхтаваўся да пачатку вясновых сельскагаспадарчых работ. У некаторых валачобных песнях Збор стаіць на першым месцы сярод усіх гадавых святаў:
<І>А што напярод да й святы Ізбор...
А святы Ізбор да й лемяшы купіў.
Гэтым самым падкрэсліваецца яго значнасць у гадавым цыкле сельскагаспадарчых работ.
А яшчэ казалі, што "ў Зборніцу ўсе залётныя птушкі збіраюцца за морамі і адлятаюць бліжэй да нас — на столькі міляў, колькі дзён прайшло ад Грамніц да Зборніцы".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.