Бліны — сімвал сонца

Источник материала:  

З лёгкай рукі некаторых этнографаў ХХ ст. у навуковых працах знайшла пашырэнне думка пра тое, што галоўная страва Масленіцы — бліны — сімвалізавала сабой абуджэнне сонца. З гэтым меркаваннем можна пагадзіцца толькі часткова, таму што культ Сонца не быў дамінуючым у складаным комплексе святочных рытуальна-абрадавых дзеянняў. Калі ж улічыць, што ў структуры Масленіцы значнае месца займалі "пахавальныя" гульні, то міжволі напрошваецца думка аб тым, што бліны перш-наперш былі абрадавай стравай памінальных трызнаў.

Якраз ад масленічных святкаванняў бярэ пачатак добра вядомы фразеалагізм "першы блін камяком". Яшчэ раніцай, калі гаспадыня выпякала самы першы блін, яна клала яго на асобны сподак і ставіла ў чырвоны кут пад абразы. Вечарам жа, як толькі трэба было распачынаць трапезу з нагоды ўшанавання памяці продкаў, гаспадар адносіў раніцай прыгатаваную "даніну" на гарышча і ставіў каля акенца.

Калі гаспадар вяртаўся да стала, усе прысутныя паварочваліся да абразоў, і пачыналася малітоўная частка рытуалу. Уголас усе дамачадцы чыталі "Ойча наш", "Багародзіцу", памінальную малітву.

Пасля гэтага дамачадцы ціха і пачціва садзіліся за стол у адпаведнасці з правіламі стагоддзямі выпрацаванага этыкету. Мужчынская палавіна сям'і садзілася каля сцяны, жаночая — насупраць. Маці падавала бацьку куццю, той чэрпаў тры лыжкі і перадаваў гаршчок далей. Кожны з прысутных, уключаючы дзяцей, павольна, не спяшаючыся, з падкрэсленым адчуваннем годнасці паўтараў распачаты бацькам рытуал.

Аднак зразумела, што ўсе з нецярплівасцю чакалі галоўных прысмакаў святочнай вячэры, асабліва бліноў, якія можна было макаць у смятану, масла, у патэльню са скваркамі. Вядома ж, не абыходзілася без рытуальнай чаркі і працяглых успамінаў пра тых, аб кім жывая людская памяць утрымлівала ўжо напалову сапраўдныя і напалову легендарныя падзеі.

На трэці дзень "ахвяру" памерлым родзічам — той самы блін — аддавалі птушкам, каб яны пачаставаліся самі і, паляцеўшы ў вы-рай, перадалі продкам прывітанне ад тых, хто не забыўся пра свой род.

Лічылася, калі на Масленіцу напячы бліноў больш за ўсіх, то ў хаце "паселіцца" шчасце. Бліны, якія выпякалі на Каляды, сімвалізавалі багаты ўраджай у наступным годзе. Каб у гаспадарцы былі добрыя коні, валы, каровы, авечкі і г.д., у дзень ушанавання святога Уласа гаспадыня выпякала аладкі. Бліны, якія называлі "богавымі анучамі", пяклі на Ушэсце. На Спаса пяклі блінцы з мукі новага ўраджаю і абавязкова з макам, арэхамі і яблыкамі. Бліны, якія выпякалі на Пакровы, павінны былі "запекчы" ўсе куты ад зімовай сцюжы і вятроў. Пяклі бліны на вяселлі. Цешча частавала блінамі зяця, калі ён прыязджаў да родных жонкі на "пярэзвы".

Дбайная гаспадыня ведала: нельга есці першы блін — ён прызначаўся продкам (жывому гэты блін стане камяком у горле). Аказваецца, што і апошні блін, які яна выпякала, таксама патрабаваў асаблівай увагі. Лічылася, "каб заўжды хата была багата", апошні блін трэба пакінуць на патэльні.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Паважаныя мужчыны, дастаньце сваю "заначку"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика