Паважаныя мужчыны, дастаньце сваю "заначку"

Источник материала:  

Калі на вуліцы ў гэтыя надзвычай марозныя сёлета лютаўскія дні не зусім прыемна, то ў цяпліцах Мінскага прадпрыемства "Кветкі сталіцы" — сапраўдны райскі куток: і ўтульна, і прыгожа; і навокал — моцна настоены кветкавы водар...

Паважаныя мужчыны, дастаньце сваю "заначку"— Не палохае такое надвор'е вашы кветкі, не прымарожвае іх? Ці атрымаюць жанчыны вашы кветкі да 8 Сакавіка? — пытаемся ў кіраўніка гэтага райскага кутка Сяргея Міргалоўскага.

— Дык для таго мы і знаходзімся тут пастаянна, каб усё было ў парадку. А жанчыны атрымліваюць нашы кветкі круглы год. Але, зразумела, цяпер для нас самы напружаны час. Ужо цяпер штодзённа адпраўляем у рэалізацыю па 6—7 тысяч руж, цюльпанаў, лілій, фрэзій. Пра дні ж на самы пярэдадзень свята лепш увогуле не ўзгадваць. Кветкі патрэбны ўсім і тэрмінова... Але, вядома ж, гэта вельмі прыемнае для нас напружанне. А ўвогуле, выкажу такое назіранне: нашы мужчыны апошнім часам сталі яўна больш уважлівымі, больш галантнымі. Пра гэта можна смела меркаваць: сёння кветкі на 8 Сакавіка атрымліваюць практычна ўсе жанчыны. Вы ўсякім разе, амаль усе...

Варта дадаць да слоў Сяргея Мікалаевіча. Карацей кажучы, паважаныя мужчыны, даставайце сваю "заначку", не пашкадуйце колькі тысяч рублёў, прыхаваных для іншых мэт. А на прадпрыемстве "Кветкі сталіцы" — заўсёды да вашых паслуг.

Каля ЦЭЦ-4 раскінуліся цяпліцы Мінскага кветкавага прадпрыемства. Прычым менавіта раскінуліся. Побач са старымі цяпліцамі плошчай 2 гектары два гады таму ўведзены першы пускавы комплекс новых цяпліц (таксама на 2 гектары), з якіх зразаюць цяпер за год каля 2 мільёнаў руж; вось-вось будуць уведзены ў строй другі і трэці комплексы (на 2 і 1,8 гектара), у адным з якіх тут будуць займацца, так бы мовіць, традыцыйным кветкаводствам, а ў другім — вырошчваць расаду кветак, прызначаных для аздаблення вуліц і плошчаў сталіцы (дарэчы, на прадпрыемстве таксама вырошчваюць кветкі ў гаршчэчках). Як падкрэсліваў яго галоўны інжынер Аляксандр Арцямчук, тут будзе ўстаноўлена аўтаматызаваная лінія, якая дазволіць эканоміць працу многіх людзей. Увогуле, адзначаныя комплексы ўзведзены ў адпаведнасці з найбольш прагрэсіўнай на сёння галандскай тэхналогіяй; усе працэсы па вырошчванні кветак будуць камп'ютарызаваныя.

У выдатках, якія ідуць на вырошчванне кветак, зразумела, найбольшую ўдзельную вагу займаюць энерганосьбіты — яны ў структуры сабекошту займаюць не менш за 40 працэнтаў. Пры гэтым, як падкрэсліваюць на прадпрыемстве, цана на энергарэсурсы за год уздымалася двойчы, у той жа час кветкавая прадукцыя не даражэла. Карацей кажучы, звышпрыбыткаў на прадпрыемстве таксама не маюць пры, здавалася б, яўнай выгаднасці гэтай справы.

— Імкнёмся змяншаць выдаткі. Так, у сакавіку ўвядзём у строй дзве когенерацыйныя ўстаноўкі, якія будуць забяспечваць нас уласнымі электраэнергіяй і цяплом, прычым у 3 разы таннейшымі ў параўнанні з цэнтралізаванымі крыніцамі, — казаў Сяргей Міргалоўскі. — Наша задача таксама — прапанаваць пакупніку найлепшае з таго, што мае сёння рынак. На прадпрыемства прыходзяць не толькі сучасныя тэхналогіі кветкаводства, але і цікавыя, разнастайныя гатункі кветак, прычым кветкавы асартымент абавязкова падладжваецца пад густы пакупнікоў. Напрыклад, нашы ружы ніколькі не горшыя за так званыя галандскія. (Чаму так званыя? Як патлумачылі іншыя спецыялісты прадпрыемства, Галандыя сама купляе тыя ж ружы ў Эквадоры, Калумбіі і іншых краінах і потым наладжвае ў сябе буйныя кветкавыя аўкцыёны.) Пры гэтым, у адрозненне ад "галандскіх", нашы ружы — заўсёды свежыя.

Паважаныя мужчыны, дастаньце сваю "заначку"Значнае абнаўленне і расшырэнне цяплічнай гаспадаркі выклікае ў мінскіх кветкаводаў і клопаты іншага кшталту: тут цяпер намячаюць шляхі для экспарту сваёй прыгожай і далікатнай прадукцыі.

Аднак хопіць пра эканоміку кветкавага пытання. Адкажам на іншыя з іх, больш актуальныя на сёння. Што выбраць з таго, што прапануюць на прадпрыемстве? Мы, у прыватнасці, спыталіся пра гэта ў яго спецыялістаў. Цікава, што прадстаўнік той паловы чалавецтва, якая падносіць кветкі, параіў цюльпаны (маўляў, жаночае свята абвяшчае надыход вясны, а цюльпаны якраз і ёсць чыста вясенняя кветка), а вось прадстаўнік другой паловы, хто прымае гэтыя кветкі (просім прабачэння: прадстаўніца) выбрала ружы. Карацей кажучы, каб не памыліцца, лепш за ўсё падарыць і тое, і другое. Так бы мовіць — оптам.

І на заканчэнне назавём гандлёвыя кропкі прадпрыемства "Кветкі сталіцы" ў Мінску. Такім чынам, гэта:

вул. Прытыцкага, 39

 пр-кт Незалежнасці, 55

 станцыя метро "Усход"

 вул. Казлова, 14

 вул. Чырвоная, 14

 вул. Маскоўская, 20 (Дом быту)

 вул. Я. Коласа, 53

 вул. Мантажнікаў, 27

 вул. Ташкенцкая, 7

 Камароўскі рынак — сектар 4, рад 1, кіёск № 3

Іван БАРАНОЎСКІ, Марына БЕГУНКОВА (фота).

УНП 190586669.

←Бизнес в помощь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика