Масты ўзаемнага разумення
17.02.2011
—
Новости Общества
Гісторык, перакладчык, краязнаўца Алесь Баркоўскі старанна будуе культурныя стасункі паміж Беларуссю і Саха-Якуціяй
Гадоў дваццаць мы знаёмыя, ды і цяпер я цвёрда не ўпэўнены, якую ж мову лічыць у Алеся Баркоўскага роднай. На беларускую ён перакладаў творы Міхаіла Лермантава, Уладзіміра Высоцкага і (з польскай) Тадэвуша Лады-Заблоцкага, на рускую — беларускага празаіка і драматурга Францішка Аляхновіча, польскага празаіка і нарысіста, ураджэнца Пінска Рышарда Капусцінскага (выбраныя раздзелы яго рамана “Імперыя”, прысвечаныя Сібіры), беларускага і польскага падарожніка і этнографа Адама Каменскага-Длужыка, на якуцкую — прысвечаныя Усходняй Сібіры артыкулы беларускага пісьменніка Сяргея Палуяна. Як бачым, Алесь Баркоўскі — асоба, па меншай меры, трохмоўная.
І нарадзіўся беларусіст не ў Беларусі, а ў пасёлку Асятрова Іркуцкай вобласці: туды накіравалі на работу яго бацьку пасля заканчэння школы Міністэрства ўнутраных спраў у Ашхабадзе. Паходзілі бацькі з Міханавіч, што пад Мінскам, у 1963-м з Сібіры яны пераехалі ў Дзяржынск, Алесь па даўняй традыцыі называе горад Койданавам. Там юнак закончыў школу. Затым яго зноў паклікалі сібірскія прасторы: вучыўся на суднавадзіцельскім аддзяленні Якуцкага рачнога вучылішча, працаваў у Ленскім і Якуцкім параходствах, здабываў золата на Алдане.
І што самае цікавае: увесь час, будучы ў аддаленні ад прарадзімы, Алесь Баркоўскі не забываў пра яе. З яго актыўным удзелам у Якуцку была заснавана беларуская суполка “Суродзіч”, выдавалася газета “Паўночнае зьзянне”. У штомесячніку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў “Кантакты і дыялогі” друкаваліся яго артыкулы пра ўспрыманне ў Якуціі творчасці Янкі Купалы і Максіма Танка. Ён знайшоў у якуцкіх архівах мноства дакументаў пра беларусаў, сасланых у Сібір пасля паўстання 1863 года, на пачатку ХХ стагоддзя. Асаблівыя заслугі Алеся Анатольевіча — у высвятленні біяграфіі і збіранні творчай спадчыны беларускага, рускага і якуцкага паэта і даследчыка Івана Ласкова, што нястомна выступаў за праўдзівае адлюстраванне якуцкай мінуўшчыны.
Алесь Баркоўскі — чалавек шчодрай душы, ён робіць Бацькаўшчыне каштоўныя падарункі. Неяк пабачыўшы, што ў музейнай экспазіцыі “Беларусы ў свеце” пры Цэнтры імя Францішка Скарыны не стае якуцкага матэрыялу, прывёз кнігі і брашуры, а потым перадаў і вялікі збор перакладаў беларускай літаратуры на іншыя мовы. Калекцыя займала цэлую шафу! Яе так і называлі: “шафа Баркоўскага”. Нядаўна гэты збор перайшоў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
І зусім нядаўна Алесь Баркоўскі двойчы заглянуў у рэдакцыю газеты “Голас Радзімы”. У Дзяржынску ён цяпер даглядае хворую маці. Але такі няўрымслівы чалавек не можа доўга заставацца без літаратурнай працы. І ён пачаў… ператвараць у кнігі прывезеныя з Якуціі рукапісы. Кожная з іх выдадзена “ў Койданаве”, “у друкарні Кальвіна, накладам 8 экземпляраў для хатняга ўжытку”: раздрукавана на ратапрынце і пераплецена. Па адным экземпляры кожнага з 16 (!) новых выданняў ён прывёз у Мінск, перадаў як падарунак у навуковую бібліятэку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Астатнія сем камплектаў прызначаны для іншых бібліятэк і архіваў Мінска і Якуцка.
Што ў гэтых 18 тамах сапраўднага культурнага моста паміж Беларуссю і Саха-Якуціяй? Чатыры кнігі прысвечаны спадчыне Івана Ласкова. Гэта — пасмяротна складзены зборнік яго вершаў і паэм “Кніга блуканняў”, выдадзены з рукапісу раман “Эпілог” (пра беларускага ўдзельніка паўстання 1863 года, закінутага лёсам у Сібір), беларускі пераклад “стралецкай быліны” XVII стагоддзя “Пішчальнікі не пішчаць” — аб прыгодах беларускага і якуцкага падлеткаў на шляху да Ленскага астрога і, урэшце, падрабязная бібліяграфія твораў Ласкова і яго дзённікі. Усё гэта, разам узятае, — надзейная аснова для будучых друкаваных выданняў пісьменніка.
Пералік новых імёнаў і твораў, уведзеных Алесем Баркоўскім ва ўжытак, можна доўжыць і доў-жыць. Адзначу яшчэ толькі адно выданне, якое мяне асабліва зацікавіла ды і расчуліла. Гэта — “Выбраныя працы па эвенах і іншых народах Поўначы” майго земляка, ураджэнца і цяпер жыхара Астравецкага раёна Сцяпана Казлоўскага. Ён многа падарожнічаў па Якуціі, апісваў і замалёўваў побыт яе народаў, знайшоў сярод юкагіраў сваё асабістае шчасце. Вялікую каштоўнасць маюць успаміны гэтага вандроўніка пра сустрэчы з Максімам Танкам, працытаваныя там яго лісты. Аказалася, што ў свае маладыя гады, прабываючы ў Вільні, паэт ведаў бацьку Сцяпана Казлоўскага, члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, разам з ім удзельнічаў у падпольнай рабоце.
Чытаеш такое з думкай, што свет сапраўды глабалізуецца, становіцца цесным. Дзе тыя эвены і юкагіры, а дзе Астравецкі раён… І тым больш радуе, што знаходзяцца людзі, якія будуюць паміж імі масты ўзаемнага разумення. Мовы розныя, а быццё — агульнае. А яшчэ думаецца: як шмат можа зрабіць для збліжэння народаў нават адзін таленавіты чалавек.
Адам Мальдзіс