Грамнічную свечку нельга пазычаць

Источник материала:  

"Грамніца" — гэта абрадавы прадмет, які выконваў ролю абярэга, амулета і нават талісмана.

  Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе, і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым — на галаве жонкі і ўсіх астатніх членаў сям'і па ўзросце. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям'і і судакраналіся з полымем, тым самым быццам бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту.

  Пасля "вогненнага асвячэння" дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абыходзіў усе куты хаты, зноў крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога "выпальвання" заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах.

  Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа самы абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні.

  Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах выконвалі наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі або разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю жывёлу ад сурокаў.

Дбайныя гаспадыні не абміналі такое вялікае свята для выканання асобных рытуальна-магічных дзеянняў, скіраваных на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў:

  Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачнымі.

  Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў.

  Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым у гэты дзень сем раз паесці.

  Старыя людзі раілі: "Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія дамы, сваякам, родным асобам, што жывуць у іншай сям'і".

  У дзень Грамніц у храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Грамнічная вада лічылася раўназначнай той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Ушли во льды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика