Чырвоная пастка для фуры
Кіроўца фуры Валерый быў вельмі здзіўлены, калі вярнуўся да сваёй вялікай машыны. Яе левае пярэдняе кола моцна "абдымаў" чырвоны металічны блакіратар, здымаць які давялося з дапамогай нарада ДАІ. Дарэчы, грузавік, агульная маса якога перавышае 3,5 тоны, кіроўца пакінуў на вуліцы Быхаўскай у Гомелі — побач са сваім домам, а не на стаянцы.
Міліцыянераў выклікаў сам — па тэлефоне, які ўказаны на прыладзе-пастцы. Такім чынам Валерый асабіста даведаўся, што ў краіне ўступілі ў дзеянне змяненні ў правілы дарожнага руху. І зараз сваімі грашыма давядзецца расплачвацца за парушэнне правілаў стаянкі. Памер штрафу за першае вызваленне складае Br175 тысяч. Калі парушэнне кіроўца паўторыць на працягу года — заплаціць ужо 10 базавых. Цяпер гэта Br350 тысяч. Валерый часта ездзіць за мяжу і гаворыць, што раней такія блакіратары на колы грузавікоў-парушальнікаў бачыў толькі ў Англіі, а вось цяпер упершыню ў Беларусі яны з'явіліся ў Гомелі.
Каб кіроўца заўважыў прыладу абавязкова, яму яшчэ і на лабавое шкло прылепяць дадатковую інфармацыю. Між іншым, у ДАІ памятаюць пра адказнасць з абодвух бакоў. Начальнік Дзяржаўтаінспекцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Макушэнка гаворыць, што калі кіроўца паспрабуе самастойна зняць блакіратар, то будзе пакараны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Але ж калі міліцыянеры пашкодзяць машыну — таксама будуць прыцягнуты да адказнасці.
Зараз у кожным раёне Гомеля ёсць транспартныя стаянкі для грузавых аўтатранспартных сродкаў. Але яны часта пустуюць. Хоць, акрамя стварэння перашкод на дарозе, у асобных выпадках церпяць і самі кіроўцы вялікіх машын. Бывала, што зламыснікі тэнт разрэжуць і выцягнуць, што змогуць. Бывала, што акумулятары з фур знімалі...
Між іншым, на Гомельшчыне толькі летась адбылося пяць аварый з цяжкімі наступствамі з-за таго, што кіроўцы легкавых аўтамабіляў рабілі наезды на грузавікі, якія былі кінуты на дарозе. Зразумела ж, што і для грамадскага транспарту на вузкіх вуліцах вялікага горада фуры ствараюць вялікія праблемы. Пакуль Гомельская абласная Дзяржаўтаінспекцыя закупіла 10 прылад-пастак. Гавораць, хопіць на ўсіх — у бліжэйшы час не толькі ў Гомелі, але і ў вялікіх райцэнтрах, такіх, як Светлагорск, Мазыр, Жлобін, Рэчыца, таксама будуць блакіраваць парушальнікаў, якія замест платных стаянак аддаюць перавагу абочыне.
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.