Стыхія
Моцны вецер за мінулыя суткі абясточыў больш як 1,3 тыс. населеных пунктаў
Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Паводле аператыўных даных, з-за парываў ветру (да 25 м/с) 8-9 лютага пацярпелі восем населеных пунктаў у Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Пашкоджаны дахі чатырох жылых дамоў, аднаго аб'екта сацкультбыту, аднаго вытворчага і двух сельскагаспадарчых будынкаў.
Паводле даных ДВА "Белэнерга" на тэрыторыі рэспублікі было абясточана 1318 населеных пунктаў (у 257 электразабеспячэнне на ўчарашні дзень яшчэ не было адноўлена).
У Мінску па вул. Казінца ў выніку раставання снегу, моцных ападкаў і ўздзеяння ветру пашкоджаны чатыры апоры атракцыёна (рэйкавыя санкі), адбыўся сход земляной масы са схілу гарналыжнага цэнтра "Сонечная даліна".
Ураган "Нікалас" са скорасцю кур'ерскага поезда — больш як 100 км/гадз — пранёсся праз Балтыйскае мора і Фінскі заліў, учора яго цэнтр размяшчаўся над Маскоўскай вобласцю, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.
Дарэчы, паводле даных шматгадовых назіранняў, скорасць ветру 25 метраў за секунду ў тым ці іншым населеным пункце Беларусі адзначаецца адзін раз у пяць гадоў.
Дрэвы падалі на лініі электраперадач і аўтамабілі8 лютага моцным шквалістым ветрам на тэрыторыі Гродзеншчыны парушылася электразабеспячэнне ў 252-х населеных пунктах, паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення МНС. У рэгіёне зафіксавана 28 выпадкаў падзення дрэў на лініі электраперадач.
Абясточана 8 фермаў, 304 трансфарматарныя падстанцыі, пашкоджана 41 лінія электраперадач. Па стане на ўчарашнюю раніцу трэба было аднавіць электразабеспячэнне ў 106 населеных пунктах, у тым ліку на трох фермах, дзе працавалі электрагенератары. Паводле папярэдніх звестак, пашкоджана 16 пабудоў, з дахаў сарвана каля 3 тысяч лістоў шыферу.
Дрэвы, якія трапілі пад удар стыхіі, падалі не толькі на лініі электрападач, але і ў чатырох выпадках перакрылі дарогі, а таксама пашкодзілі чатыры легкавыя машыны ў абласным цэнтры. Людзі, дзякуй богу, траўмаў не атрымалі.
Акрамя таго, у некаторых месцах парывістым ветрам пашкоджаны дарожныя знакі і святлафорныя аб'екты. У такіх умовах Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў быць асцярожнымі падчас руху на адкрытых участках дарог, каб своечасова спыніцца ў выпадку з'яўлення абломкаў дрэў. Таксама не варта паркаваць аўтамабілі паблізу дрэў, асабліва старых.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
10,5 тысячы куранятвыратавалі ад вернай гібелі спецыялісты МНС. Жыццё сямідзённых птушак, якія належаць сельскагаспадарчаму філіялу "Дудзічы" ААТ "Калінкавічыхлебапрадукт", размешчанаму ў вёсцы Буда Калінкавіцкага раёна, аказалася пад пагрозай пасля таго, як ураган "Нікалас" пакінуў без энерга- і цеплазабеспячэння птушнік.
Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, моцны вецер знёс дах санітарна-прапускнога пункта прадпрыемства. Шыфер, які ноччу злятаў з пабудовы, пашкодзіў лініі электраперадач. Птушаняты засталіся без святла і цяпла. Выратавальнікі сумесна з мясцовымі энергетыкамі аператыўна падключылі да электрычнай сеткі будынка перасоўны генератар і такім чынам аднавілі энерга- і цеплазабеспячэнне аб'екта. Кураняты не пацярпелі. Зараз у гаспадарцы вядуцца аднаўленчыя работы. На Гомельшчыне, дзе пацярпела 15 раёнаў, удакладняюцца маштабы пашкоджанняў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.