Калодзеж і крыніца: паміж вадой нябеснай і падземнай
Калі акно і парог былі фактычна зонамі пастаяннай прысутнасці продкаў у жыллёвай прасторы жывых, то аб'екты, якія мелі форму лаза або нары — комін, калодзеж — найперш выступалі прамымі кантакцёрамі падчас абрадаў, непасрэдна скіраваных на выкліканне душ памерлых.
У абрадах выклікання дажджу важнае месца займалі калодзеж і крыніца. Фактычна яны станавіліся своеасаблівым цэнтрам Сусвету, вакол якога выконваліся розныя абрадавыя дзеянні.
"Апладняльная" вада можа прыходзіць на зямлю не толькі ў выглядзе дажджу — "слязы нябёсаў", але і выходзіць на паверхню з-пад зямлі, як падарунак падземных бостваў — "слязы глыбінь". Ва ўсходнеславянскіх павер'ях распавядаецца, што "адразу ж пасля стварэння свету, каб напоўніць зямлю морамі і рэкамі, Бог загадаў ісці дажджам, а птушкам загадаў разносіць ваду ў розныя крыніцы па ўсім свеце". Паводле народных уяўленняў, і не беспадстаўна (часам у крыніцах знаходзяцца каштоўныя рэчывы, мінералы), крынічную ваду лічаць лекавай, цудадзейнай і называюць "гаючай вадкасцю".
Асаблівая ўвага надавалася пошуку "ваданоснай жылы". Для гэтага выкарыстоўвалі розныя спосабы. У адным выпадку карысталіся дапамогай лазовай рамкі, якую падвешвалі на льняную нітку і павольна хадзілі па тым месцы, дзе прыкладна хацелі капаць калодзеж. У тым месцы, дзе рамка пачынала круціцца ў правы бок, рабілі пазнаку: убівалі бярозавы калок.
Другі варыянт быў больш старажытным і больш пашыраным на тэрыторыі рассялення беларусаў. Увечары на тым месцы, дзе збіраліся капаць калодзеж, раскладвалі патэльні. Калі раніцай, пры ўзыходзе сонца, патэльня пакрывалася вадзянымі струменьчыкамі, гэта азначала, што калодзеж на гэтым месцы будзе доўга паіць вадой усё сямейства; мала на патэльні "поту зямнога" — мала і вады будзе ў калодзежы; сухая патэльня — вады не будзе. Таксама спрыяльнымі для будаўніцтва калодзежа лічыліся тыя месцы, дзе расце бузіна і шчаўе.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.