Педагагічная адукацыя для настаўніка — неабавязковая?

Источник материала:  

Пытальнік

Паважаная "Звязда", у нашым Валожынскім раёне ў школах працуюць спецыялісты без педагагічнай адукацыі. Аднак у раённай газеце, адказваючы на пытанне, ці маюць права спецыялісты без профільнай педагагічнай адукацыі (эканамісты, юрысты і іншыя) выкладаць у школах, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова дала катэгарычны адказ: "Адназначна — не! І ў школах раёна такога прэцэдэнту няма. Адукацыйны працэс і работа з дзецьмі патрабуюць ад выкладчыкаў не толькі тэарэтычных ведаў, але і псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі". Хачу прывесці канкрэтныя факты: раней у Забрэзскай школе (яе ўжо закрылі), а цяпер у Гародзькаўскай школе працуе Алена Вячаславаўна Кучук. У яе няма педагагічнай адукацыі, але яна выкладала матэматыку, нямецкую мову, хімію, а зараз выкладае біялогію. Гэты выпадак не адзінкавы. У школах выкладаюць "настаўнікі" пасля заканчэння курсаў, нават пасля курсаў ЕШКА. А калі ў школу прыязджаюць праверкі, то такіх "настаўнікаў" без педагагічнай адукацыі проста хаваюць. Вядома, яны дысцыпліну трымаюць, зарплату атрымліваюць, а вось ведаў дзецям не даюць. Цікава, ці хацела б начальнік адзела адукацыі, каб яе дзеці вучыліся ў такіх "настаўнікаў"? У Яршэвіцкай школе, напрыклад, зараз чакаюць юрыста, які будзе выкладаць там дзецям гісторыю.

Між іншым, калі ў школу прыходзяць маладыя спецыялісты, яны вымушаны працаваць не па сваёй спецыяльнасці. Ім прапануюць пасаду педагога-арганізатара ці штосьці іншае. Зразумела, што тыя адпрацоўваюць два гады па размеркаванні, а затым з'язджаюць. Ці ў калектыве іх проста "з'ядаюць".

Гуд Ф.К.,>Падневічы, Валожынскі раён.

За высвятленнем фактаў, выкладзеных у лісце, мы звярнуліся да начальніка аддзела адукацыі Валожынскага райвыканкама Галіны Сматровай. І вось пра што нам удалося даведацца. Алена Вячаславаўна Кучук, якая згадвалася ў звароце ў рэдакцыю, і сапраўды закончыла не педагагічную ВНУ, а Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут, факультэт лясной і садова-паркавай гаспадаркі. Зараз выкладае ў Гародзькаўскай школе біялогію (раней выкладала яшчэ і хімію), таксама ў яе ёсць палова стаўкі педагога-псіхолага. Цяпер яна праходзіць перападрыхтоўку па спецыяльнасці "педагог-псіхолаг" у Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі (другі курс). Яе педагагічны стаж складае 10 гадоў і 7 месяцаў. У 2006 годзе ёй была прысвоена другая катэгорыя. У Яршэвіцкую школу і сапраўды прыйшоў новы настаўнік гісторыі. Балашка Алег Аляксеевіч закончыў у 1983 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (гістарычны факультэт) і мае спецыяльнасць "Выкладчык гісторыі і грамадазнаўства". А юрысту, які цікавіўся ў аддзеле адукацыі магчымасцю працаўладкавацца ў школу настаўнікам, было адмоўлена.

Ва ўпраўленні кадравай палітыкі Міністэрства адукацыі журналісту "Звязды" патлумачылі, што выпадкі, калі ў школы прыходзяць спецыялісты без профільнай педагагічнай адукацыі, і сапраўды маюць месца. Але такія спецыялісты абавязкова праходзяць перападрыхтоўку ў інстытутах развіцця адукацыі ці ў іншых установах адукацыі, заканчваюць курсы павышэння кваліфікацыі, атрымліваюць педагагічную адукацыю завочна... Гэта асабліва актуальна для малакамплектных сельскіх школ. Менавіта ў такіх школах адзін настаўнік можа выкладаць адначасова некалькі дысцыплін, бо інакш у яго не будзе нагрузкі, а школа, у сваю чаргу, не зможа знайсці прадметніка на невялікую колькасць гадзін. "Для таго, каб атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю, спецыялісту, які працуе ў школе з дзецьмі, патрэбны не толькі педагагічны стаж, які не замяняе педагагічную адукацыю, але і перападрыхтоўка па педагагічнай спецыяльнасці, правядзенне адкрытых урокаў. Таму, калі ў настаўніцы ёсць другая кваліфікацыйная катэгорыя, значыць, яна змагла пацвердзіць сваю прафесіянальную кампетэнтнасць", — выказала сваё меркаванне начальнік упраўлення кадравай палітыкі міністэрства Зоя Южык.

←Отпущен на свободу племянник Ярослава Романчука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика