За мяжу. І шэсць пенсій "наперад"

Источник материала:  

Твае правы

Сітуацыі, калі чалавек у паважным узросце прымае рашэнне выехаць на пастаяннае месца жыхарства з Беларусі, узнікаюць не так часта. Тым не менш такія выпадкі ёсць, і шмат у чым яны з'яўляюцца аб'ектыўнымі, бо не сакрэт: многія маюць за мяжой тых жа сваякоў. Словам, прычына часта зразумелая. Аднак пытанні ўзнікаюць з іншым: што будзе з беларускай пенсіяй? І разабрацца з гэтым мы паспрабуем з дапамогай намесніка начальніка аддзела прызначэння і выплат пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольгі Анатольеўны ШЫНГІРЭЙ.

Індэксацыі не будзе

Варта адразу ж заўважыць, што грамадзяне, якія выязджаюць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, маюць права атрымаць сваю пенсію за шэсць месяцаў наперад.

— Сума выплаты складзе памер 6-разовай пенсіі за месяц, у якім грамадзянін быў зняты з рэгістрацыйнага ўліку ў нашай краіне па месцы жыхарства — за выключэннем выпадкаў, калі іншы парадак прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі, — удакладняе Вольга Шынгірэй. — Прычым надалей гэта сума не індэксуецца — нягледзячы на тое, што ў наступныя шэсць месяцаў можа быць праведзены пераразлік пенсій.

Да апошняга не цягнуць

Для атрымання пенсіі перад выездам на пастаяннае жыхарства за мяжу неабходна звяртацца ў раённыя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры гэтым грамадзянам Беларусі трэба напісаць заяву, прад'явіць пашпарт для пастаяннага пражывання за мяжой, які выдаецца органамі ўнутраных спраў, і адрасную даведку аб месцы жыхарства з адрасна-даведачнага бюро тых жа органаў унутраных спраў. А пакет дакументаў для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства — зноў жа заява, адрасная даведка аб месцы жыхарства і пашпарт ці іншы дакумент, якія прызначаны для выезду за мяжу і выдадзены адпаведным органам дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці ці звычайнага месца жыхарства.

Пры гэтым поўны пакет дакументаў упраўленнем ці аддзелам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне павінен быць разгледжаны на працягу 10 дзён.

— Здараецца, што ў грамадзяніна адраснай даведкі аб месцы жыхарства няма, — заўважае Вольга Шынгірэй. — У такім выпадку запытаць гэтую даведку ў адрасна-даведачным бюро могуць непасрэдна органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Такі запыт робіцца на працягу 5 дзён пасля паступлення заявы на пенсію. Аднак тут ёсць адна ўмова: на запыт павінен даць згоду сам пенсіянер. Бо ўвогуле такая інфармацыя з'яўляецца канфідэнцыяльнай.

Трэба мець на ўвазе і наступны нюанс. Пенсія за шэсць месяцаў наперад, якую па тых або іншых прычынах не ўдалося атрымаць перад выездам з Беларусі, за мяжу не пераводзіцца. Адпаведна, з афармленнем выплаты нельга цягнуць да апошняга.

За мінусам "авансу"

— Часам здараецца, што пенсіянер пераязджае на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, але праз пэўны час па тых або іншых прычынах змяняе сваё рашэнне і ўсё ж вяртаецца ў Беларусь, — заўважае Вольга Шынгірэй. — У такім выпадку для аднаўлення выплат у нашай краіне ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне неабходна падаць заяву. Пры гэтым аднаўленне выплат пачнецца з наступнага месяца за тым, за які пенсіянер ужо атрымаў грошы "наперад", але не раней за дзень рэгістрацыі па месцы жыхарства ў нашай краіне.

Што будзе за мяжой?

Пасля атрымання 6-месячнай пенсіі ў Беларусі і выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу выплаты ў нашай краіне спыняюцца. Таму ўзнікае пытанне: ці можна разлічваць на пенсію ў іншых дзяржавах?

— Краіны, куды пераязджае пенсіянер, будуць рабіць выплаты паводле свайго нацыянальнага заканадаўства ці паводле міждзяржаўных дамоўленасцяў толькі ў выпадку наяўнасці спецыяльных пагадненняў з Беларуссю, — тлумачыць Вольга Шынгірэй. — Прычым падобныя пагадненні на сёння заключаны толькі з дзяржавамі колішняга Савецкага Саюза — і тое за выключэннем Эстоніі, Азербайджана і Грузіі.

Пры часовым выездзе — штомесяц

І, нарэшце, яшчэ адна распаўсюджаная з'ява. Пенсіянер выязджае за мяжу на вельмі працяглы час — скажам, на месяц ці нават на паўгода. Аднак пры гэтым не выязджае з Беларусі на пастаяннае месца жыхарства. Што будзе з пенсіяй у гэтым выпадку?

— У такім выпадку ставіць пытанне аб выплаце пенсіі за шэсць месяцаў наперад нельга, — адзначае Вольга Шынгірэй. — Налічэнне пенсіі ў Беларусі будзе рабіцца ў звычайным рэжыме — кожны месяц.

Сяргей ГРЫБ.

←Отпущен на свободу племянник Ярослава Романчука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика