ВУП за 11 месяцаў вырас на 7,2 працэнта
Паводле звестак Мінэканомікі, тэмп росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі за 11 месяцаў гэтага года склаў 107,2 працэнта да ўзроўню студзеня—лістапада леташняга года. У параўнанні са студзенем—кастрычнікам 2010 года адзначаны прырост на 0,4 працэнта.
Прырост да ўзроўню дзесяці месяцаў абумоўлены больш высокімі тэмпамі росту ў студзені—лістападзе базавых галін: прамысловасць (110,6 працэнта супраць 110,5 у студзені—кастрычніку), сельская гаспадарка (адпаведна 102 і 100,7 працэнта), будаўніцтва (аб'ём будаўніча-мантажных работ — 117,2 і 116), а таксама далейшай актывізацыяй на спажывецкім рынку краіны. Рознічны тавараабарот павялічыўся на 17,1 працэнта. Тэмп росту рэалізацыі платных паслуг насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі ў студзені—кастрычніку гэтага года забяспечаны на ўзроўні 109,8 працэнта да мінулагодніх студзеня—кастрычніка. Вытворчасць спажывецкіх тавараў у краіне таксама расце: у студзені—лістападзе яна дадала 12,8 працэнта, у тым ліку харчовых — 11,1 працэнта, нехарчовых спажывецкіх тавараў — 15.
Ігар ГРЫШЫН.