На сумяшчэнне — без працоўнай кніжкі
Жаданне "перавесці" свой вольны час у дадатковыя грошы з'яўляецца цалкам натуральным. Прычым не сакрэт, што многія беларусы сапраўды спрабуюць шукаць падпрацоўкі, і ў тым ліку — уладкоўваюцца па сумяшчальніцтве. Між тым, як правільна гэта зрабіць з пункту гледжання заканадаўства, якія дакументы неабходныя для афармлення сумяшчальнікам і ці абавязкова паведамляць пра сумяшчальніцтва па асноўным месцы працы? Усё гэта стала тэмай другога этапу "інтэрактыўнага марафона" Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з удзелам намесніка міністра Валяр'яна Васільевіча КАРАЛЯ, дырэктара дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Анатоля Пятровіча САДАЎНІЧАГА, намесніка начальніка ўпраўлення прававога забеспячэння дэпартамента дзяржінспекцыі працы Вадзіма Якаўлевіча БРАТАША, галоўнага юрысконсульта ўпраўлення прававога забеспячэння дэпартамента Ірыны Уладзіміраўны ЗАЛУЦКАЙ, галоўнага дзяржінспектара працы ўпраўлення прававога забеспячэння і нагляду дэпартамента Аляксандра Аляксандравіча БУГЛАКА і начальніка ўпраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы міністэрства Івана Аляксандравіча КАРЧЭЎСКАГА.
@Якія дакументы павінны прадастаўляцца наймальніку падчас уладкавання па сумяшчальніцтве?
— Калі адбываецца ўладкаванне па сумяшчальніцтве да іншага наймальніка, то работнік абавязаны прад'явіць пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу. Плюс да таго, пры прыёме на работу, якая патрабуе спецыяльных ведаў, наймальнік мае права запатрабаваць прад'яўленне дыплома або іншага дакумента аб адукацыі ці прафесійнай падрыхтоўцы; а пры прыёме на працу з цяжкімі ці небяспечнымі ўмовамі — даведку аб характары і ўмовах працы па асноўным месцы. Што ж да ўладкавання па сумяшчальніцтве да "свайго" наймальніка, то тут можна запатрабаваць ад работніка толькі дадатковыя дакументы для пацвярджэння неабходнай прафесіі ці спецыяльнасці.
Пры гэтым варта звярнуць увагу, што пры прыёме сумяшчальніка наймальніку нельга патрабаваць дакументы, не прадугледжаныя заканадаўствам. У прыватнасці, нельга патрабаваць прад'яўлення працоўнай кніжкі, вайсковага білета і іншых дакументаў, неабходных падчас уладкавання на асноўнае месца.
@Ці робіцца запіс аб сумяшчальніцтве ў працоўнай кніжцы?
— Зноў жа: пры ўладкаванні па сумяшчальніцтве прад'яўляць працоўную кніжку не трэба. Як няма і неабходнасці рабіць у ёй адпаведны запіс. Запіс аб сумяшчальніцтве можа быць зроблены толькі па жаданні самога работніка.
Варта заўважыць, што калі-нікалі такое жаданне ў работніка насам- рэч ёсць — скажам, для пацвярджэння стажу пэўнай працы. У такім разе запіс у працоўную кніжку павінен рабіцца наймальнікам па асноўным месцы на падставе дакумента, які сведчыць аб працы па сумяшчальніцтве, і ў прыватнасці — на падставе загадаў аб прыёме і звальненні сумяшчальніка.
@Наколькі неабходна паведамляць асноўнаму наймальніку аб уладкаванні па сумяшчальніцтве?
— Для ўладкавання па сумяшчальніцтве згоды асноўнага наймальніка не патрабуецца. Як, дарэчы, няма ў заканадаўстве і нормы, якая абавязвала б работніка паведамляць асноўнаму наймальніку пра такое ўладкаванне.
@Ці можа заключацца з наймальнікам кантракт — з прадастаўленнем павышэння тарыфнай стаўкі ці акладу?
— З сумяшчальнікам можа заключацца як працоўны дагавор, так і кантракт — з прадастаўленнем павышэння тарыфнай стаўкі ці акладу. Прычым у такім выпадку мінімальны тэрмін кантракта таксама складае адзін год, а максімальны — пяць гадоў.
@Наколькі стасуецца з заканадаўствам уладкаванне па сумяшчальніцтве з выпрабавальным тэрмінам?
— Выпадкі, калі вызначыць выпрабавальны тэрмін нельга, прадугледжаныя ў Працоўным кодэксе. У прыватнасці, умова выпрабавання немагчымая ў дачыненні да работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў, маладых рабочых і маладых спецыялістаў пасля заканчэння навучальных устаноў, інвалідаў, часовых і сезонных работнікаў, работнікаў, што пераводзяцца ў іншую мясцовасць ці да іншага наймальніка, работнікаў, што прымаюцца па конкурсе ці па выніках выбараў. У той жа час забароны папярэдняга выпрабавання для сумяшчальнікаў заканадаўства не прадугледжвае.
@Ці ёсць якія-небудзь абмежаванні для сумяшчальнікаў?
— Пэўныя абмежаванні ёсць. Напрыклад, не дапускаецца займанне ў дзяржаўных арганізацыях на ўмовах сумяшчальніцтва дзвюх кіруючых пасад (апроч пасад майстроў і брыгадзіраў); забараняецца праца па сумяшчальніцтве асоб ва ўзросце да 18 гадоў, цяжарных жанчын, а таксама сумяшчальніцтва на работах са шкоднымі ўмовамі, калі такія ж умовы існуюць і на асноўным месцы; пры сумяшчальніцтве ў дзяржаўных органах забараняецца сумесная праца сваякоў, якая звязаная з непасрэднай падпарадкаванасцю і падкантрольнасцю; забараняецца прыём па сумяшчальніцтве на матэрыяльна адказныя пасады асоб, якія былі асуджаныя за карысныя злачынствы і маюць непагашаную судзімасць і г.д.
І ўсё ж ці не галоўнае абмежаванне наступнае: працягласць работы па сумяшчальніцтве не можа перавышаць паловы нармальнай працягласці працоўнага часу, якая вызначана заканадаўствам. Прасцей кажучы, праца па сумяшчальніцтве магчымая не больш чым на 0,5 стаўкі.
@Якая верагоднасць скасавання цяперашняга "ліміту" на час працы па сумяшчальніцтве ў будучыні?
— Абмежаванне часу працы па сумяшчальніцтве скіраванае на забеспячэнне права работніка на адпачынак. Таму скасаванне цяперашняга "ліміту" не плануецца.
@Ці можа сумяшчальнік працаваць у рэжыме ненармаванага дня?
— Паводле пастановы Савета Міністраў №1695 ад 10 снежня 2007 года, вызначаць рэжым ненармаванага працоўнага дня для сумяшчальнікаў забараняецца.
@Наколькі адпавядае заканадаўству ўладкаванне па сумяшчальніцтве адразу ў дзвюх арганізацыях?
— Абмежавання па колькасці месцаў працы ў заканадаўстве не прадугледжана — адпаведна, ёсць права працаваць па сумяшчальніцтве ў дзвюх ці нават у трох арганізацыях.
Сяргей ГРЫБ.
(Працяг будзе.)