«Натуральны» і «экалагічны» прадукт: ці можна ставіць знак роўнасці
Ці даводзілася вам бачыць на ўпакоўках спецыяльныя значкі, якія пацвярджаюць экалагічную бяспечнасць /натуральнасць прадуктаў? Гэтае пытанне было адрасаванае ўдзельнікам сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася ў рамках партнёрскага праекта "Устойлівае спажыванне для паляпшэння якасці жыцця", які выконваецца беларускімі экалагічнымі арганізацыямі, што ўтвараюць сетку "Зялёнае партнёрства", Беларускім таварыствам абароны спажыўцоў і арганізацыяй з Нідэрландаў Mіlіеukоntаkt Іntеrnаtіоnаl.
Рэспандэнтам дэманстравалі карткі з выявай маркіровак, а тыя павінны былі ўказаць на маркіроўкі, якія ім сустракаліся, і, па магчымасці, патлумачыць, што яны азначаюць. Самая лепшая распазнавальнасць аказалася ў знака "натуральны прадукт" — яго ведалі больш як 52 працэнты рэспандэнтаў.
Маркіроўка харчовай прадукцыі знакам "натуральны прадукт" была ўведзена ў Беларусі Дзяржстандартам з 1 чэрвеня 2008 года і рэгламентуецца ТКП 126—2008.
— Знак "натуральны прадукт" можа змяшчацца толькі на прадукцыі, вырабленай з натуральнай сыравіны жывёльнага, расліннага або мінеральнага паходжання без прымянення метадаў геннай інжынерыі і штучных харчовых дабавак, — тлумачыць начальнік аддзела тэхнічнага нармавання і стандартызацыі харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Людміла СКОРЫНА. — Да натуральнай харчовай сыравіны жывёльнага паходжання адносяць прадукты, атрыманыя ад жывёлін, вырашчаных без прымянення антыбіётыкаў, стымулятараў адкорму і гарманальных прэпаратаў, а да натуральнай сыравіны расліннага паходжання — сыравіну, вырашчаную без прымянення стымулятараў росту, пестыцыдаў і метадаў геннай інжынерыі. Такія прадукты адпавядаюць самым жорсткім патрабаванням.
Пітная вада, расфасаваная ў ёмістасці, павінна адпавядаць гігіенічным нарматывам, што прымяняюцца да вады для дзіцячага харчавання. Разліў мінеральных водаў павінен быць непасрэдна на месцы падземных крыніц. Забараняецца транспарціроўка мінеральных вод перад іх разлівам, як не дапускаецца і дадатковая іх апрацоўка. Адна з абавязковых умоў для атрымання знака "натуральны прадукт" — наяўнасць на прадпрыемстве сертыфікаванай сістэмы менеджменту якасці ці бяспечнасці харчовых прадуктаў.
Рашэнне пра атрыманне вытворцам права наносіць знак "натуральны прадукт" прымаецца калегіяльна камісіяй, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Дзяржстандарта, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды, Мінсельгасхарча, канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні. Сертыфікат на права маркіроўкі выдаецца тэрмінам на тры гады. Пры прэтэнзіях да якасці — магчымае ануляванне сертыфікату.
На сёння права маркіроўкі знакам "натуральны прадукт" атрымалі 66 прадпрыемстваў — ім выдадзены 177 сертыфікатаў (з іх 48 — за 10 месяцаў бягучага года). Самую вялікую групу "натуральных" прадуктаў складаюць малочныя прадукты: малако, кефір, прастакваша, смятана, тварог, сыр, масла. Ёсць сярод уладальнікаў такой маркіроўкі таксама мясныя паўфабрыкаты, пельмені, кансервы для дзіцячага харчавання (пюрэ, сокі, нектары), хлебабулачныя вырабы, вада, соль, яйкі і нават марожанае і шакалад.
Прайшоў пэўны час, пакуль спажыўцы не пачалі, нарэшце, заўважаць "зялёную кропку". У Магілёве ў гандлёвых арганізацыях сталі з'яўляцца так званыя "экалагічныя паліцы" або "экалагічныя куткі". Калі была створана першая экалагічная паліца, гаспадарам магазіна даводзілася літаральна кожную гадзіну папаўняць гандлёвы прылавак прадукцыяй са знакам "натуральны прадукт", бо тая вельмі добра раскуплялася — адна справа "шукаць" натуральныя прадукты сярод іншага разнастайнага асартыменту тавараў, і зусім іншая — знайсці ўсё патрэбнае на адной паліцы. Акрамя таго, побач ляжалі буклеты, лістоўкі і каляндарыкі з карыснай інфармацыяй для спажыўцоў. Сапраўдным энтузіястам у справе стварэння экалагічных паліц стала рознічная гандлёвая сетка Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Аднак, на думку прадстаўнікоў грамадскіх экалагічных арганізацый і спажывецкай грамадскасці, нягледзячы на вонкавую "экалагічнасць" знака "натуральны прадукт" патрабаванні да прадукцыі, якая можа на яго прэтэндаваць, празмерна мяккія ў параўнанні з іншымі экалагічнымі маркіроўкамі.
— Адразу скажу, што мы горача падтрымліваем з'яўленне на нашым рынку натуральных прадуктаў, аднак не можам не бачыць і слабых месцаў у працэдуры прысваення новай маркіроўкі, — тлумачыць сваю пазіцыю старшыня Магілёўскага экалагічнага грамадскага аб'яднання "ЭНДА", эксперт праекта ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні" Андрэй ПАХОМЕНКА. — Па-першае, працэдура прысваення сертыфікату — непразрыстая, мы ўпэўненыя, што ў камісію абавязкова павінны ўваходзіць хоць бы ў ролі назіральнікаў прадстаўнікі экалагічных арганізацый і арганізацый, якія займаюцца аховай правоў спажыўцоў. Пакупнікі становяцца ўсё больш адукаваныя і не жадаюць проста слепа давяраць знаку на ўпакоўцы — яны хочуць быць упэўненымі, што іх не падманваюць у чарговы раз. Я прывяду толькі некалькі цытат спажыўцоў з інтэрнэт-форумаў...
<І>"Што мяне ўразіла, так гэта прысутнасць знака "натуральны прадукт" на ўпакоўцы Тэтра Брык Асептык з малаком пітным стэрылізаваным і тэрмінам прыдатнасці 6 месяцаў. Гэта значыць, першапачаткова натуральны прадукт запакоўваюць у асептычную ўпакоўку, і ніхто мяне не пераканае, што малако тэрмінам паўгода — натуральны прадукт. Ды нас у чарговы раз дураць!"
"Дзіўна, але марожанае "Пламбір класічны з водарам ванілі" таксама, аказваецца, натуральны прадукт???"
"Нядаўна заўважыла, што на гандлёвай марцы "Пятруха" стаіць знак "Натуральны прадукт". Калі шчыра, то для мяне заўсёды курыца асацыявалася з гармонамі і гэтак далей. Аказваецца, ёсць у нас і натуральная прадукцыя. Хацелася б, каб гэта адпавядала рэчаіснасці..."
— Прызнаёмся, у нас таксама ёсць шэраг пытанняў. Напрыклад, ці можна лічыць натуральным прадуктам малако, атрыманае ад каровы, якая сілкавалася кормам з поля, дзе праводзілася апрацоўка кукурузных пасеваў пестыцыдамі або праводзілася пратраўліванне насення перад пасевам? — дадаў Андрэй Пахоменка. — Калі морква вырошчвалася непадалёку ад хімічнай вытворчасці, але пры гэтым не апрацоўвалася пестыцыдамі, ці можна аднесці такую гародніну да "натуральных прадуктаў"? Ці можна на соку з яблык, што збіраліся ў насельніцтва, пісаць "натуральны прадукт"? Мы мяркуем, што для прысваення знака "натуральны прадукт" яблычнаму соку трэба ведаць, ці выкарыстоўваліся ў працэсе пасадкі саду і пазней стымулятары росту і пестыцыды, ці ўтрымліваюцца ў глебе, на якой расце сад, пестыцыды ці іншая "хімія"?
Адсутнасць у вытворчым працэсе антыбіётыкаў, стымулятараў адкорму, гарманальных прэпаратаў, стымулятараў росту, пестыцыдаў, метадаў геннай інжынерыі павінна пацвярджацца дакументальна, напрыклад, шляхам аналізу бухгалтарскай дакументацыі. Акрамя таго, калі на адным і тым жа прадпрыемстве вырабляюцца два віды прадукцыі, якая нязначна адрозніваецца адна ад адной (натуральнай і "ненатуральнай") , то ёсць верагоднасць для спекуляцый. І гэта выклікае ў пакупніка недавер не толькі да прадукцыі, але і да маркіроўкі.
На сённяшні дзень згодна з ТКП 126—2008 у дэкларацыі, падпісанай кіраўніком арганізацыі, заяўнік павінен гарантаваць, што пры вытворчасці харчовых прадуктаў выкарыстоўвалася сыравіна, атрыманая без прымянення пестыцыдаў, антыбіётыкаў, стымулятараў росту раслін і адкорму жывёлін, гарманальных прэпаратаў і генетычна мадыфікаваных арганізмаў. Аднак эколагаў выключна дэкларатыўны прынцып не задавальняе. Няўжо ў нашай краіне шмат гаспадарак, якія цалкам адмовіліся ад антыбіётыкаў і пестыцыдаў?
— Вы можаце сумнявацца, гэта ваша права, — парыруе Людміла Скорына, — але я ўпэўнена, што ветэрынар ці інспектар па раслінаводстве, які выдае даведку аб чысціні сыравіны, нясе адказнасць за свой подпіс. І паколькі сертыфікацыя добраахвотная, то поўную адказнасць за праўдзівасць усіх звестак нясе непасрэдна вытворца харчовых тавараў.
Людміла Скорына канстатавала, што да экалагічнага земляробства беларусы яшчэ не дайшлі. Хоць у многіх еўрапейскіх краінах, і нават у суседняй Літве экалагічнае земляробства сёння актыўна развіваецца. У Еўрасаюзе для экалагічнага земляробства створана прававая база. Дарэчы, у Літве ёсць "экалагічныя прадукты" і "прадукты выключнай якасці". Першыя атрымліваюцца ў фермерскіх гаспадарках, якія практыкуюць экалагічнае земляробства. У беларускай стандартызацыі паняцце "экалагічна чысты прадукт" пакуль адсутнічае. Таму тавары са знакам "натуральны прадукт" можна аднесці да прадуктаў палепшанай якасці. Магчыма, гэта пераходная стадыя ад звычайных да экалагічна чыстых прадуктаў.
Трэба дадаць, што саміх вытворцаў недавер з боку эколагаў і спажыўцоў да іх прадукцыі крыўдзіць.
— У нас распрацаваныя схемы хімкантролю і біялагічнага кантролю ўсёй сыравіны, якая паступае на прадпрыемства, — запэўнівае інжынер па якасці ААТ "Бабулін гладыш" Юлія ГУЗКОВА. — Таксама мы праводзім аўдыты на фермах і ў гаспадарках, якія пастаўляюць нам сыравіну, выязджаем з прадстаўнікамі гарвыканкама і аблвыканкама. Кожны тыдзень нам прадастаўляецца даведка аб здароўі статку. Акрамя таго, на прадпрыемстве ў нас ёсць свой ветурач, які адсочвае чысціню сыравіны і паказчыкі бяспечнасці гатовай прадукцыі. І калі да нас трапляе малако з антыбіётыкамі, то можаце не сумнявацца, што мы вяртаем яго пастаўшчыку.
А вось ААТ "Савушкін прадукт", якое адным з першым паклапацілася пра атрыманне права на маркіроўку "натуральны прадукт", добраахвотна ад гэтай маркіроўкі адмовілася: пакупнікі ўжо заўважылі, што "зялёная кропка" знікла з упаковак любімых тавараў. Але гэта зусім не азначае, што пагоршылася іх якасць. Прычына, як высветлілася, заключаецца ў тым, што ў Расіі, куды экспартуецца "львіная доля" прадукцыі брэсцкіх вытворцаў, беларускую маркіроўку "натуральны прадукт" не прызнаюць. Там ёсць свае экалагічныя знакі, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. І пакуль падыходы да маркіроўкі "натуральных прадуктаў" у Беларусі і Расіі не будуць узгодненыя, "Савушкін прадукт" не вернецца да "зялёнай кропкі".
Надзея НІКАЛАЕВА.