"Не знайсці мацней саюза:Дзе мастак, там недзе і муза..."
...Мо, прыдумка, а мо і праўда было. Бацька з дарослым сынам у дарогу сабраліся — загадзя білеты купілі, паклажу узялі, на вакзал прыехалі, нават на платформу прыйшлі (ці прыбеглі?..). А цягнік — галоўнае, перад саменькім носам у іх! — дзверы зачыніў і... паехаў. "Пасажырам" мову адняло! У абодвух рукі апусціліся (чамаданы — адпаведна — вобзем)...
Першым да памяці бацька неяк дайшоў: руку адвёў і сыну ў вуха як дасць! Той аж пахіснуўся! Пытае:
— Тата, за што?.. Чаму?
Той у адказ:
— А што рабіць мне?! Што рабіць, га?!
Згадзіцеся: складанае пытанне! І адказаў на яго ну вельмі часта нямашака. Прычым не толькі ў нейкіх экстрэмальных сітуацыях. Нават падумаўшы. Ну напрыклад: надрукавалі мы чарговы конкурсны здымак, папрасілі чытачоў прыдумаць подпіс. А тут жнівеньская спёка. Аж асфальт стаў плавіцца, не тое што мазгі... Не да вершаў людзям! У выніку — замест соцень варыянтаў (як заўсёды было) у рэдакцыю дзясяткі прыйшлі. І "што рабіць", як той казаў? "Аглядаць"? Як быццам, не варта, бо няма чаго, лічы. А не аглядаць — нельга: людзі ж пісалі, стараліся. Таму...
І зноў жа байка ў тэму. Мужык адзін хваробу нажыў — ні самому паглядзець, ні другім паказаць (гемарой называецца). Дзень з ім прамучыўся, два, тры... Не праходзіць сам па сабе! Падаўся ратунку шукаць. А ў аптэцы, як вядома, жанчыны за прылаўкам стаяць. Не будзеш жа ім пра свой... Пра сваю хваробу расказваць. Выгляд зрабіў, што гэта ён некаму лекі бярэ: у кішэню заціснуў і ходу — як прымаць, не спытаўся. Рашыў: па адной пілюлі тры разы ў дзень. Як большасць...
Але ж яму ну вельмі кепска было! Таму ён па тры прымаў, каб хутчэй спрацавала...
Марна...
Зноў у аптэку падаўся: той самай кабеце пустую ўпакоўку ад свечак паказаў, — папрасіў, каб такую ж поўную дала. Яна тут жа, ад слова! Хоць і здзівілася... А назаўтра той самы хворы зноўку ідзе. І па тыя ж лекі... Ну кабета і не стрымалася, пытае:
— Вы ясце іх, ці што?!
Мужык таксама не стрымаўся (ведама, хворы), кажа:
— Не, я іх у з... засоўваю!
...Пасмяяліся? То цяпер пагодзіцеся: няма горш, як не ведаеш і "што рабіць", і як...
Горш за тое — не думаеш, не пытаешся! Ну вось глянуў на конкурсны здымак спадар Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна і чамусьці вырашыў, што на ім — нейкі рынак. Тады цалкам лагічна было б меркаваць:
<І>Адпачыць прылегла Маня,
Спіць і сніць пры гэтым
Падвясныя сталяванні
І еўрапакеты...
Трэба сказаць, для восені актуальныя сны ў жанчыны. Бо гэта ж задавальненне якое, калі ў хаце не толькі прыгожа, але і цёпла!
Адно — не таннае. Задавальненне. Гэта вам кожны скажа, хто рамонтам займаўся — столі мяняў, вокны, падлогі, дзверы... Адкуль радкі спадара Гаўрыша з Пастаўшчыны:
Змаглася муза мастака:
А грошай — не чакаецца...
Вунь жонка Колькі-маляра
У золаце купаецца.
Ад гэтага відовішча ды жанчына, згадзіцеся, можна і не заснуць, бо з пэндзлем жа і адзін, і другі, а вынікі розныя. Горш за тое, як прызнае Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч з в. Любань Лунінецкага раёна, сумныя:
Гляджу на здымак гэты
І думаю:
цяпер паэты
Ды мастакі зусім не ў модзе
(У нашым споеным народзе)...
А заспяваеш пад фанеру, —
То грошай возьмеш да халеры.
Вядомасці, зазначым, таксама. Бо прозвішчы тых, хто песні выконвае (нават "фанершчыкаў") на радыё ды тэлебачанні гучаць, прозвішчы ж аўтараў слоў і музыкі — амаль што не. Чаму? Версія адказу (а заадно і подпісу да здымка) у спадара Гарачова:
Дзяцінства праляцела
і юнацтва,
Цяпер во старасць
да зямліцы гне...
А да вяршынь
высокага мастацтва
Магчыма дасягнуць
хіба што ў сне.
Большасці людзей. Але ж ёсць адзінкі — пісьменнікі, паэты, кампазітары, мастакі, якія насамрэч дасягаюць! І радасць працы, Кузьма Чорны пісаў, патрабуе, каб усё, што добра зроблена, было заўважана і адзначана.
Але ж нам гэта не дужа ўласціва (мо таму, што талентаў зашмат?). Сведчаннем таму, як ні крыўдна, і наша, конкурсная пошта — ліст з той жа вёскі Даўнары:
Мастакоў мясцовых хеўра
Прадае свае шэдэўры.
Ды адзінай пакупніцы
Ля іх твораў добра... спіцца,
Бо карцін тых — нібы сена!
Значыць, потым скінуць цэны.
Пра іх жа, тыя цэны прозай расказала спадарыня Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна: у сталіцу неяк ездзіла — па тэатрах пахадзіла, па музеях. У мастацкі салон завітала. Прыгожыя карціны там! Шмат! Але ж і кошты... А на вуліцы, бачыць, маладыя мастакі стаяць са сваімі творамі. Ёй пейзаж адзін спадабаўся. Спытала: "Пачым?" "Сорак...", — кажа хлапец. Яна па кашалёк — тут жа... "...Тысяч", — ён дадае. Карацей — не адбылася пакупка. Адкуль — парада (пакупнікам):
Мо спяшацца і не варта
Да далёкага Манмартра...
Зазірні спачатку, дружа
Да Палаца прафсаюзаў.
Там і цяпер (не тое, што тады) за гэтыя тысячы ўжо можна нешта купіць, — з веданнем справы піша Любоў Міхайлаўна.
А паглядзець на творы мастацтва ды асалоду атрымаць дык і наогул можна задарма. Як і... паспаць:
Нехта ходзіць любавацца,
Нехта ходзіць таргавацца,
Ну а нехта — адпачыць:
Дзякуй, хлопча, за карціну,
Не "спячэ" кабета спіну.
Можа, значыць, "адарвацца". Тым больш, калі для гэтага ўсе падставы ёсць, як лічыць спадарыня Пажога з Глыбоччыны:
Ах, кірмашовы вернісаж!
Там нацюрморт,
а там пейзаж!
...А тут, без абутку,
Гандлярка ляжыць:
Падаткі заплачаны, —
Соладка спіць.
І, заўважым, не апошняе аддала: нераспранутая, туфлікі побач...
Гэтак жа спакойна і соладка можна спаць яшчэ ў адным выпадку. Пра яго піша спадарыня Аляхновіч са Слуцка:
Баба гэтыя карціны (і зірніце, колькі! — Аўт.)
Прыцягнула з Украіны...
Зараз сілы набярэцца
І назад туды папрэцца.
"А што рабіць?! Што рабіць?", як той з вакзала казаў, калі ва Украіне і насамрэч шмат што танней. І можна паехаць, купіць, прывезці. Потым прадаць, зноў паехаць (спецыяльныя сумкі з'явіліся)... Хоць гэта і вельмі цяжка! Таму так дарэчы тут будзе... калыханка, якую склаў для пчолак-"чаўночніц" спадар Гарачоў:
Спі, мая куніца,
Спі, мая вавёрка,
Хай табе прысніцца
Пальма-дэ-Маёрка,
Ранішняя зорка,
Рыа, Каны, Ніца...
Спі, мая вавёрка,
Спі, мая куніца.
А між іншым, тую Пальму..., зорку, Ніцу і не ў сне было б добра ўбачыць!..
Аднак гэта, як многія кажуць, не з нашым шчасцем. Што з нашым? Як ні крыўдна — байка (ці ўсё ж праўда?) з канверта. Збіраюцца, значыць, мастакі на прыроду — пейзажы пісаць. Старэйшы пытаецца:
— Мальберты ўзялі?
— Узялі.
— А пэндзлі?
— Таксама...
— І палітру?
— Не, па літру, падумалі, мала будзе. Узялі па два...
Адкуль — спадар Гарачоў, вуснамі гандляра:
Нехта — дурань,
нехта — хітры,
Побач — воля і турма...
Ёсць палітра, ёсць паўлітра,
Ды натуршчыцы няма!
Што нелагічна, бо павінна быць... І недзе побач! Гэта спадарыня Тарасік з Мінска дакладна ведае:
Не знайсці мацней саюза:
Дзе мастак, там недзе й Муза
Яму думкі навявае...
А "навёўшы", — спачывае.
І ўжо тады, на думку Галіны Іванаўны Галаўко з мястэчка Калодзішчы Мінскага раёна часу губляць не трэба:
Мастак не спіць,
ён стаіць, мяркуе,
Як здзейсніць новы
хітры манеўр:
Прадаць партрэт,
пакуль спіць натура,
Затым падбіць...
На новы шэдэўр.
Удасца гэта ці не — залежыць ад Музы ("Так вядзецца праз вякі:
Музы там, дзе мастакі" А. Няхай, г. Мінск). Але ж калі яна такая, як піша спадар Ліпень з Іўеўшчыны, то лепш не будзіць. І не чакаць, пакуль прачнецца. Бо... рызыкоўна:
Гэта "мілая" жанчына
Спіць не тварам да сцяны.
Таму міма — лепей з дрынам,
Калі до́́рагі штаны.
Але ж на гэтай, крыўднай (прынамсі, для жанчын), ноце завяршаць чарговы агляд не хацелася б. Таму — дыялог:
Бог вярхоўны — богу Сонца:
— Не патрэбна, каб бясконца
Ты вадой Еўропу мыў...
Лепш спыніўся б, падсушыў...
Ды апошні знаў нямала:
Што Еўропа — да Урала.
Вось таму ад спёкі й млее
Беларусь з сястрой Расеяй.
Гэтыя радкі ў спякотным жніўні напісаў Мікалай Старых з Гомеля, напісаў да здымка, які гэтую млявасць, на яго думку, якраз і паказваў.
Яшчэ адно меркаванне ў Зоі Пятроўны Янучок з в. Нагорнае Клецкага раёна:
Цяпер фірмы дужа ў модзе
Пад назовам —
"Сем дзён свят"
Яе кадры на ўваходзе
Ноч працуюць, а днём "спят".
Загадкавыя, трэба сказаць, фірмы: і назва шмат чаго вартая, і што робяць (а тым болей ноччу) не зразумець... Але ж няма нічога тайнага, што не стала б яўным. Хоць некалі...
Так, пераможцам нашага конкурсу на папярэднім этапе, па меркаванні вялікага чытацкага журы, сталі спадары Гарачоў, Гаўрыш і сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыні Кусянкова з Рагачоўшчыны і Пажога з Глыбоччыны. З чым пагадзілася і журы рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца ў вёску Абруб.
Хочаце, каб да вас? Тады, калі ласка, пішыце. Коратка (не больш за 8 радкоў) і дасціпна.
Здымак дадаецца.
Валянціна Доўнар.
Фота Анатоля Клешчука.