Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?

Источник материала:  

Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?Паводле легенды, менавіта 7 чэрвеня 1926 года ў Барселоне быў пушчаны першы трамвай. Ярка-чырвоны вагон паехаў па рэйках на здзіўленне і забаву паспалітаму люду. У гэты ж дзень на скрыжаванні Гран Вія і Байлен пад трамвай патрапіў невядомы стары жабрак. Небараку завезлі ў новую лякарню Святога Крыжа, дзе ён і памёр неўзабаве, не прыходзячы ў прытомнасць. Старога ўжо збіраліся пахаваць у агульнай магіле, як раптам адна жанчына ўскрыкнула: "Госпадзі, дык гэта ж Антоніа Гаўдзі!"

Сёння асоба архітэктара Антоніа Гаўдзі і ягоныя творы прыцягваюць у Барселону каля 20 мільёнаў турыстаў штогод.

 

"Хлопчык непазбежна хутка памрэ"

У беларускай літаратуры мы маем аднаго героя, які адназначна мае прыналежнасць да горада — слаўны рагачовец Гервасій Выліваха з навелы "Ладдзя Роспачы" Уладзіміра Караткевіча. Маем і мясціны, якія звязваем з імёнамі выключна канкрэтных людзей — Мікалаеўшчына Коласа, Віцебск і Лёзна Шагала, Янава (Іванава) Напалеона Орды, Нясвіж Радзівілаў...

Барселона — гэта горад Гаўдзі.

— Слухай, а вось гэты Гаўдзі, ён што, быў галоўным архітэктарам Барселоны? — пачуў гэтымі днямі на вуліцы пытанне аднаго рускамоўнага турыста да другога.

У тым і рэч, што не быў. Больш за тое, кар'ера Гаўдзі пачалася са скандалу, звязанага менавіта з гарадскімі ўладамі Барселоны. Муніцыпалітэт замовіў архітэктару-пачаткоўцу стварыць ліхтары для Каралеўскай плошчы. Гаўдзі залупіў такі кошт, што гарадскія галовы пачалі квахтаць, як куры. Гэтыя ліхтары і сёння ўпрыгожваюць горад, але з тае пары муніцыпалітэт НІКОЛІ больш не звяртаўся да дона Антоніа.  

Агульны выгляд будоўлі храма.

Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?Сам лёс Гаўдзі поўны містыкі і супярэчнасцяў. Смерць пільнавала Антоніа ад самага нараджэння. Ён з'явіўся на свет 25 чэрвеня 1852 года ў мястэчку Рэус, непадалёк ад Барселоны. Яго ахрысцілі ўжо на наступны дзень — хацелі ўратаваць душу немаўляці, бо баяліся, што ён не будзе жыць: цяжарнасць маці была складанай, роды таксама. Да таго ж, перад гэтым сям'я ўжо пахавала дваіх немаўлят. Аднойчы Антоніа падслухаў гутарку бацькі і маці з лекарам, які казаў, што "хлопчык непазбежна хутка памрэ". Антоніа застаўся жыць, хоць хваробы і дапякалі яго ўсё жыццё: у трыццаць ён выглядаў нашмат старэйшым за аднагодкаў, у пяцьдзясят — глыбока старым.

Аднак у маладосці Антоніа быў сапраўдным дэндзі: аматар лайкавых пальчатак і чорных шаўковых цыліндраў, руды з блакітнымі вачыма. Дзяўчаты вар'яцелі ад гэтага хлопца, аднак Гаўдзі так і застаўся самотным. Нейкі час ён заляцаўся да настаўніцы Пепеты Марэў, аднак, калі прапанаваў ёй набрацца, тая адказала, што ўжо заручаная. Пасля быў кароткі раман з маладой амерыканкай, які скончыўся тым, што яна вярнулася ў Амерыку. Архітэктар вырашыў, што гэта знак, і лёс ягоны — адзінота. Гэта дазволіла цалкам прысвяціць сябе творчасці — стварэнню неверагодных для свайго часу архітэктурных формаў. Дык што ж такога збудаваў Гаўдзі, што вабіць у Барселону мільёны турыстаў?

Саграда Фаміліа: 1882—2030(?)

Упершыню я пабачыў гэты храм у падручніку "Сусветная культура", калі вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Не паверылася нават адразу, што такі цуд можа недзе існаваць у сапраўднасці!.. Я стаў шукаць іншыя здымкі і звесткі, і калі пераканаўся — стаў марыць сюды патрапіць.

— Наступная станцыя — Саграда Фаміліа, — абвяшчаюць у вагоне метро. І такое адчуванне, што абвяшчаюць: "Наступная станцыя — рэзідэнцыя Пана Бога".

Я выйшаў з метро — і аслупянеў. Відаць, гэта самы велічны і незвычайны храм, які мне даводзілася бачыць у сваім жыцці. Што я бачыў падобнае? Першае, што прыходзіць у галаву, — касцёл Святой Ганны ў Вільні. Ён, праўда, у шмат разоў меншы, па-беларуску камерны — аднак стыль пабудовы, формы і манера нечым падобныя. Пазней, калі я пабачыў здымкі будаўніцтва, — я ўспомніў храм у Сар'і на Верхнядзвіншчыне. Той самы касцёл, які пасля паўстання Каліноўскага перадалі праваслаўным з фармулёўкай "з прычыны асаблівай прыгажосці". Адна частка Саграда Фаміліа нагадвае яго вельмі моцна. А Сар'я, дарэчы, збудаваная на сорак гадоў раней!.. Ты глядзіш на фасад Нараджэння і беларусацэнтрычна марыш, што менавіта Сар'я натхніла Гаўдзі на Саграда Фаміліа...  

Саграда Фаміліа: фасад Жарсцяў

Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?У Саграда Фаміліа два ўваходы. Адзін — для асобных турыстаў. Яго лёгка знайсці — чарга пачынаецца яшчэ на суседняй вуліцы. Другі — для арганізаваных груп (ад 20 чалавек). Побач са мной праходзіць сям'я, якая вязе сваё дзіця (на выгляд гадоў 15) у інвалідным вазку. Дзяўчына на касе адразае:

— Даруйце, але тут толькі для груп!..

Тыя разварочваюцца і засмучаныя з'язджаюць, але ахоўнік, які назіраў за сцэнай, даганяе іх і без чаргі праводзіць праз сувенірную краму, адкуль можна патрапіць адразу да ўвахода ў храм. Як у нас кажуць, і немцы розныя былі.

Самае цікавае, што Саграда Фаміліа пачаў будаваць не Гаўдзі, а архітэктар дэль Вільяр. У 1882 годзе была закладзеная крыпта — гэта мусіў быць звычайны храм, якіх шмат. Аднак у першапачатковага архітэктара ўзніклі нейкія непаразуменні з замоўцамі — і ў 1883 годзе сюды прызначаюць Антоніа Гаўдзі (між іншым, па-каталонску ягонае імя пішацца, як і па-беларуску — Антоні), 31-гадовага архітэктара-пачаткоўца.

Ад першаснага праекта спадар Гаўдзі пакідае толькі крыпту, якую вымушана дабудоўвае. Увесь астатні праект спазнае кардынальныя змены, да непазнавальнасці. Храм, які задумаў Гаўдзі, мусіў поўніцца сімваламі і знакамі. Дванаццаць вежаў прысвячаюцца апосталам, цэнтральная з крыжом — Хрысту. Кожная дэталь фасада — таксама сімвал, як і ўся ўнутраная аздоба.

У 1886 годзе Гаўдзі з упэўненасцю кажа, што праз 10 гадоў храм будзе скончаны. Сёння 2010 год, і паводле самых смелых разлікаў будоўля можа фінішаваць гадоў праз дваццаць, у 2030 годзе. Як на маё вока, дык калі параўнаць, што ёсць і што павінна быць, то збудавалі пакуль недзе трэцюю, калі не чацвёртую частку. Даволі хутка і сам майстар зразумеў, што пагарачыўся з прагнозамі, стаў параўноўваць Саграда Фаміліа са славутымі храмамі Сярэднявечча, якія будаваліся стагоддзямі. Бачыце, як бывае: пачаў будаваць не ён, скончыць не ён, у будоўлі ўдзельнічаюць сотні рабочых і дзясяткі архітэктараў, а запомніцца для ўсяго свету і застанецца ў стагоддзях ён — Антоніа Гаўдзі.

...Пры жыцці майстар паспеў скончыць дарэшты толькі адзін фасад — фасад Божага Нараджэння. Аднак і тут даверху была збудавана толькі адна званіца. Адметна, што кожны персанаж на фасадзе мае рэальны прататып. Немаўля Іісус — унук аднаго з будаўнікоў, Юда — вартаўнік-п'янюга, Понцій Пілат — тлусты пастух коз, цар Давід — прыгажун-тынкоўшчык, восліка пазычыў мясцовы гандляр. Каб паказаць сцэну "забіванне немаўлят", Гаўдзі хадзіў у анатамічны тэатр, рабіў злепкі з мёртванароджаных дзяцей...

Пасля гібелі майстра храм дабудоўваецца спачатку вучнямі, а цяпер ужо проста паслядоўнікамі Гаўдзі. Работы ўскладняе акалічнасць, што дон Антоніа не вельмі любіў пакідаць чарцяжы, многае выношваў у галаве, многае ўдасканальваў у працэсе. Да таго ж, у 1936 годзе ў майстэрні Гаўдзі быў пажар, які многае панішчыў...

62 тысячы рублёў за ўваход у храм

...Узбагачаны ведамі пра будаўніцтва Саграда Фаміліа, ты кіруешся ўсярэдзіну. Дзеля гэтага спатрэбіцца некалькі дозаў цярпення. Першая — адстаяць чаргу па квіток. Мне адносна пашанцавала — прыкладна праз паўгадзіны я меў запаветную паперку. Кошт яе — 12 еўра проста за ўваход (46.800 руб.) плюс 4 еўра за аўдыягіда — агулам 62.400 беларускіх рублёў. Але што тут казаць — калі вы прыехалі ў Барселону і пашкадавалі 16 еўра на наведванне Саграда Фаміліа — лічыце, што вы з'ездзілі дарма. І наступным разам можаце не выпендрывацца. Купацца ў моры можна і ў Адэсе.   Гэта адна з частак Саграда Фаміліа (фота канца ХІХ стагоддзя)...

Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?Аўдыягід ёсць на многіх мовах — каталонскай, іспанскай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай, партугальскай і рускай. Спадзяюся, да адкрыцця храма да іх дадасца яшчэ і беларуская. Аўдыягід даволі падрабязна распавядае, якая дэталь што значыць. Перавагі аўдыягіда — калі што не зразумеў альбо хочаш паглядзець яшчэ раз — цісні кнопку зноў і слухай.

Экскурсія пачынаецца з фасада Жарсцяў. Ён быў збудаваны паводле задумы Гаўдзі, але ажно праз 50 гадоў пасля смерці архітэктара. У 1986 годзе фасад упрыгожылі скульптуры, якія паказваюць усе падзеі Евангелля ад Тайнай Вячэры ды Узнясення Хрыста.

У сярэдзіне храма працягваюцца будаўнічыя работы.

— Вы маеце ўнікальную магчымасць стаць сведкамі будаўніцтва гэтага вялікага храма! Храм будуецца на вашых вачах! — спявае ў вушы аўдыягід.

Пасярод храма стаіць пад'ёмны кран з люлькай — і будаўнікі нешта там зварваюць наверсе... З таго, што ўжо зроблена, найцікавей пабачыць вітражы — і захапіцца тым, як вытанчана і прадумана Гаўдзі падбіраў колеры!.. Адначасова дасягнута і непаўторная гульня святла — і няма адчування, што каляровае шкло паглынае святло, не пускае яго ў храм. Гэтыя мазаічныя вітражы сталі адным з сімвалаў Барселоны — іх можна пабачыць на кубачках і магніціках, нататніках і алоўках, торбах і значках у сувенірных крамах.

Іншая цікавостка — калоны, выкананыя строга па запаветах Гаўдзі. Разумеючы, што пры ягоным жыцці будаўніцтва не будзе скончанае, майстар ільвіную долю часу пусціў не на тое, каб фізічна збудаваць як мага больш, але каб дасканала ўсё прадумаць. Дык вось, калоны гэтыя ўяўляюць сабой дрэвы, а ўсе разам ствараюць лес. На пэўнай вышыні яны пачынаюць разгаліноўвацца і нахіляцца — і апроч дэкаратыўнай функцыі (сапраўды выглядаюць як галінастыя дрэвы) выконваюць такім чынам большую інжынерную функцыю, бо лепш за звычайныя падтрымліваюць купал. Сам купал не мае суцэльнасці — ён выкананы як кроны дрэў, якія практычна шчыльна злучыліся ў адное цэлае. І толькі адтуліны між імі прапускаюць удзень святло сонца, а ўначы — зорнае неба.

Увогуле, неадрыўнасць творчасці Гаўдзі ад прыроды — асобная тэма. Калоны-дрэвы, дэталі-расліны, усемагчымыя жывёлы і расліны як элементы аздобы... А пачыналася ўсё ў дзяцінстве, калі хваравіты хлопчык Антоніа шмат часу бавіў у двух месцах — ці ў майстэрні бацькі-каваля (адкуль і пайшло адчуванне формы), ці проста на прыродзе, дзе да канца жыцця Гаўдзі чэрпаў вобразы і натхненне.

"Коля, я не разумею, ыяк да гэтай пары яны яго не дабудавалі!.."

— Прайдзіце да супрацьлеглага выхаду і злева пабачыце ліфт, — бадзёра кажа табе аўдыягід.

Аднак традыцыйна для папулярных турыстычных месцаў Барселоны апроч ліфта ты бачыш і даўжэзную чаргу да яго. На бар'ерчыках, якія ўпарадкуюць чаргу, ты заўважаеш у розных месцах таблічкі — "60 хвілін", "45 хвілін", "30 хвілін". Клапатлівыя супрацоўнікі падлічылі загадзя, колькі табе давядзецца стаяць, калі чарга сканчаецца ў тым ці іншым месцы. У гэтым выпадку, выглядае, хвілін 40. На справе — нават менш.

У самім ліфце, які імчыць цябе на верх званіцы, ты аддаеш супрацоўніку 2,5 еўра (9.750 рублёў), але іншага варыянта залезці наверх няма. Раней давалі падымацца па вінтавой лесвіцы, але цяпер "у мэтах бяспекі" — толькі на ліфце. Дзіўна, думаеш сам сабе ты, а чаму спускацца па ёй па-ранейшаму можна? Ці тут бяспека дазваляе — калі з турыста ўжо ўзялі ўсё, што магчыма?

Ведаеце, наверх варта злазіць. Тут няма спецыяльнай агляднай пляцоўкі — яе ролю выконвае тэхнічны масточак між дзвюма вежамі. На ім можна затрымлівацца, колькі хочаш, аднак гэта не вельмі зручна — масточак вузенькі, а ліфт прывозіць усё новых і новых аматараў Гаўдзі. А масточак, між іншым, нават нічым не закрыты, глядзіш з яго — а пад табой амаль 100 метраў твора вялікага майстра. Адсюль, з масточка, можна пабачыць, як ідзе будоўля храма — на даху працуе некалькі дзясяткаў будаўнікоў. Сярод будматэрыялаў ты са здзіўленнем заўважаеш цэглу "з дзірачкамі", якая ў нас лічыцца таннай і няякаснай. Няма на іх Антона Астаповіча з Беларускім дабраахвотным таварыствам аховы помнікаў!..

Дарэчы, мае здагадкі былі не беспадстаўнымі. У 2008 годзе больш за 400 інтэлігентаў, дзеячаў культуры Іспаніі падпісалі калектыўны зварот з просьбай спыніць будаўніцтва Саграда Фаміліа. Дзеячы культуры лічаць, што твор вялікага архітэктара стаў ахвярай няўмелай, неахайнай рэстаўрацыі ва ўгоду турыстычнай індустрыі.

— Коля, я не разумею, як да гэтай пары яны яго не дабудавалі!.. — чуеш ты зразумелае аднекуль зверху, спускаючыся па знакамітай вінтавой лесвіцы ў вежы храма.

— Дык ім гэта самім нявыгадна! — адказвае нябачны Коля з веданнем справы. — Вунь колькі турыстаў прэцца паглядзець на іх недабудаваны храм, дык нашто спяшацца?! Яны тым часам за гэтыя грошы ўжо палову Барселоны пабудавалі!..

...а гэта храм у вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна

Які беларускі храм натхніў барселонскага архітэктара Антоніа Гаўдзі?Коля правакуе ў тваёй галаве нескладаныя матэматычныя падлікі. Уваход каштуе ад 12 да 16 еўра, пад'ём наверх 2,5. Возьмем для круглага ліку сярэдняе 15 (пераважная большасць наведнікаў карыстаюцца аўдыягідамі). Есць звесткі, што за год Саграда Фаміліа наведваюць пад 3 мільёны турыстаў. Памнажаем — і атрымліваем, што храм прыносіць каля 45 мільёнаў еўра штогод (каля 58 мільёнаў долараў). Плюс яшчэ продаж усялякіх сувеніраў. Салідная сума. Напэўна, сапраўды пры жаданні можна было б будаваць хутчэй... Для параўнання: на аднаўленне Нясвіжскага замка ўсяго выдаткавана каля 70 мільёнаў долараў.

"Каб анёлам было прыемна"

...Называючы Саграда Фаміліа аўтаматычна храмам, ты раптоўна ловіш сябе на думцы, што гэта ніякі не храм. Храм — гэта дзе моляцца Богу. А гэта, хутчэй, вялікі помнік Хрысту ды Святым, помнік генію Гаўдзі. А калі пачаць тут маліцца — турыстам жа нязручна будзе, ды і прыбытак скароціцца.

Цікава, што думаў на гэты конт Антоніа Гаўдзі? Ці разлічваў ён на такое, калі хадзіў па вуліцах Барселоны з жалезнай конаўкай і збіраў грошы на будоўлю? Калі ў канцы жыцця перабраўся жыць у майстэрню пры будоўлі, каб не губляць час на штодзённыя паходы дадому? Калі казаў, што гэта — ягонае служэнне, якое мусіць выглядаць гэтак, "каб анёлам было прыемна".

Запытацца ў самога Гаўдзі, але ў крыпту Саграда Фаміліа, дзе пахаваны архітэктар, патрапіць. Відаць, там яшчэ не паставілі аўтамат для прыёму манет.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

 

←Похищен владелец холдинга "Инком-авто"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика