Аўгустоўскі канал пакуль не трапіць у спіс сусветнай спадчыны
Пра гэта паведаміў дырэктар аддзялення Міністэрства культуры па ахове і рэстаўрацыі
— Гэта сумеснае рашэнне польскага і беларускага бакоў па адкліканні гэтай прапановы для яе дапрацоўкі. Эксперт, які быў у верасні мінулага года, зрабіў некаторыя заўвагі. І хоць заўвагі не вельмі істотныя, але ёсць такая практыка: лепш зняць прапанову і дапрацаваць, чым чакаць рашэння, якое можа быць павернута ў любы бок. Потым змяніць адмоўнае рашэнне камітэта сусветнай спадчыны вельмі складана.
Міністэрства культуры Польшчы і Беларусі далі ўжо рэкамендацыі сваім прадстаўніцтвам у ЮНЕСКА, і гэта прадстаўніцтвы ў Парыжы прынялі рашэнне аб дапрацоўцы прапановы па ўключэнні Аўгустоўскага канала ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Дакументацыя па Аўгустоўскім канале (помніку культуры 19 стагоддзя) для ўнясення ў спіс сусветнай спадчыны была падрыхтавана 2,5 гады таму, і падпісаная міністрамі культуры Беларусі і Польшчы. Заява была падрыхтавана супольна, паколькі 80 км канала знаходзіцца на польскім баку, а 20 км — на беларускім.
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя