Мы хацелі б атрымаць бабулін ордэн...

Источник материала:  

У нумары "Звязды" ад 11 чэрвеня быў змешчаны артыкул Генадзя Баркуна "1945: вяртанне на Беларусь... коней". Коратка нагадаем, што гаворка ў ім на падставе архіўных дакументаў вялася пра папаўненне пагалоўя коней у нашай краіне ў перыяд 1944-1945 гадоў. Так, на 1 студзеня 1945 года ў Беларусі іх налічвалася ўсяго 577 138 галоў, або 49,7 працэнта ад даваеннай колькасці, пісаў аўтар. Да канца 1945 года пагалоўе коней павялічылася амаль на 80 тысяч у большай ступені за кошт трафейных коней і коней ад расфарміраваных часцей Чырвонай Арміі. Пра тое, як доўжыўся гэты шматмесячны цяжкі конскі марафон з тэрыторыі Германіі і Польшчы ў нашу краіну, і распавядаў падрабязна Генадзь Баркун.

Апроч іншых архіўных звестак напрыканцы артыкула ён прывёў і своеасаблівы "падсумоўваючы" дакумент, які сведчыў пра паспяховае выкананне пастаўленай задачы — прынятую 25 снежня 1945 года пастанову ЦК КП(б)Б "Аб прадстаўленні да ўрадавай узнагароды калгаснікаў, спецыялістаў жывёлагадоўлі і работнікаў партыйных, савецкіх і зямельных органаў Беларусі, якія асабліва вызначыліся пры выкананні задання ўрада па перагонцы жывёлы". У прыватнасці, згодна з ім, ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджваліся 12 чалавек. І сярод іх аўтар першай называў Бар'яш Ганну Архіпаўну — старшую табуншчыцу калгаса "Лесен" Акцябрскага раёна Бабруйскай вобласці. Паведамлялася, што пад яе кіраўніцтвам быў забяспечаны перагон у свой раён 100 коней без страт у дарозе.

І вось праз некалькі дзён пасля выхаду гэтага артыкула ў рэдакцыю патэлефанавала ўнучка названай гераіні — Святлана Мікалаеўна Модус з гарадскога пасёлка Акцябрскі. Звярнулася яна з пытаннем: дзе нашчадкі Ганны Архіпаўны маглі б забраць яе ордэн? Заяўніца сцвярджала, што ні дачка, ні яна сама як унучка ніколі не чулі, што гэтая ўзнагарода была ўручаная. На жаль, сама гераіня артыкула ва ўзросце 84 гадоў пайшла з жыцця яшчэ ў 1991 годзе. Але ж ордэн, калі яго не ўручылі, недзе павінен быць, меркавала заяўніца...

Пытанне, што прагучала, не такое простае, як можа падацца на першы погляд. Пачаць трэба хоць бы з таго, што да ўзнагароды (мы зараз гаворым пра савецкую ўзнагародную сістэму: гэта важна, пра што распавядзём крыху ніжэй больш падрабязна — С.Р.) маглі прадстаўляць міністэрствы і ведамствы СССР, цэнтральныя органы агульнасаюзных грамадскіх арганізацый, Саветы Міністраў саюзных рэспублік. Гэта, калі гаварыць спрошчана, нібы той пратакол намераў, хадатайніцтва. У нашым выпадку яна выкананая — мы бачым пастанову ЦК КП(Б)Б якраз адносна прадстаўлення групы грамадзян да ордэнаў і медалёў. А вось само ўзнагароджанне адбывалася на падставе Указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Гэта нам пацвердзілі і ў аддзеле дзяржаўных узнагародаў упраўлення кадраў і дзяржаўных узнагародаў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і ў 2-м аддзеле (так званым узнагародным) 2-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абарона. Аўтар матэрыялу Генадзь Баркун ўдакладніў нам, што меў на ўвазе як раз прадстаўленне. Словы "сярод узнагароджаных", "узнагароджаны", "удастоены" не азначаюць фактычнае ўручэнне грамадзянам дзяржаўных узнагарод, але іх ужыванне ў згаданым кантэксце, як нам падаецца, у пэўнай ступені дапушчальнае, паколькі сам факт прадстаўлення чалавека да ордэна ці медаля ўжо можна назваць падзякай, узнагародай.

Паколькі спасылак на Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, як мы ўжо сказалі, няма, першая і галоўная задача — праверыць па картатэцы: ці быў сам факт узнагароджання і ці ўручалася сама ўзнагарода. Тут мы вяртаемся да згаданай вышэй савецкай узнагароднай сістэмы. Яе правапераемніцай з'яўляецца ўзнагародная сістэма Расійскай Федэрацыі. Канкрэтна дапамогу можа аказаць упраўленне па дзяржаўных узнагародах Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Заяўніцы трэба будзе зрабіць запыт з просьбай, паведаміўшы імя, імя па бацьку, прозвішча, год нараджэння, месца пражывання бабулі, дату прадстаўлення да ўзнагароды і яе назву.

Калі факт узнагароджання пацвердзіцца, можна будзе пераходзіць да другой часткі пошукаў — высвятляць, ці была ўручаная ўзнагарода. Калі не, па якой прычыне. Потым трэба будзе пераходзіць да пошукаў у архівах (да гэтай тэмы мы вернемся пазней, калі атрымаем адказ на наш запыт з галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абароны). Толькі вось што датычыцца жадання нашчадкаў атрымаць уласна сам ордэн... Вядома, такія выпадкі нават праз 65 гадоў пасля вайны ёсць (і будзем спадзявацца, што нашым заяўнікам таксама пашанцуе ў гэтым сэнсе). Аднак найбольш верагодным падаецца варыянт (паўторымся яшчэ раз, калі пацвердзіцца сам факт узнагароджання) атрымання ўнучкай ордэнскай кніжкі да ўзнагароды бабулі.

Трэба сказаць і некалькі слоў пра саму ўзнагароду. Ордэн Чырвонай Зоркі быў заснаваны пастановай Прэзідыума ЦВК СССР ад 6 красавіка 1930 года. У Статуце ордэна сказана, што ён заснаваны для ўзнагароджання за вялікія заслугі ў справе абароны Саюза ССР як у ваенны, так і ў мірны час, у забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі. Па сутнасці гэта баявы ордэн, прызначаны для ўзнагароджвання найперш ваеннаслужачых.

З аднаго боку, сам факт прадстаўлення чалавека кіраўніцтвам Беларусі за выкананне задання ўрада па перагонцы коней менавіта да гэтага ордэна (пры тым, што на той момант ужо меўся дастаткова шырокі пералік працоўных ордэнаў і медалёў для ўзнагароджвання) сведчыць пра тое, наколькі важнай такая задача была ў далёкім ужо 1945 годзе. З другога боку, пасля заканчэння вайны мінула паўгода, пасля вызвалення Беларусі — паўтара, жыццё ў рэспубліцы ўвайшло ў мірнае рэчышча... Магчыма, і ў гэтым была нейкая свая прычына, якая паўплывала на ход падзей?..

...Прыкладна пра гэта мы яшчэ раз пагутарылі са Святланай Мікалаеўнай. Яна коратка прыгадала ўспаміны бабулі пра той час, пра тыя цяжкасці, з якімі даводзілася тады сутыкацца людзям, што пераганялі коней. Не пакідаючы без увагі нашы далейшыя пошукі, сышліся на тым, што ўжо сам факт згадвання прозвішча бабулі ў гістарычнай пастанове аб прадстаўленні да ордэна, цяперашняя публікацыя Генадзя Баркуна на падставе архіўных дакументаў — ужо своеасаблівая ўзнагарода, даніна памяці Бар'яш Ганне Архіпаўне як чалавеку, што зрабіў свой слынны унёсак у аднаўленне жыцця ў пасляваеннай Беларусі, і падстава для гонару для ўсіх яе цяперашніх нашчадкаў...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Не можешь — не берись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика