Бабскія Розгары

Источник материала:  

Вытокі

Ужо не першы год на старонках розных перыядычных выданняў друкуюцца артыкулы, прысвечаныя найбольш вядомым каляндарным святам. Аднак склалася так, што практычна кожная наша новая паездка па Беларусі адкрывае для нас абрады, якія здавён бытавалі ў той ці іншай мясцовасці, але не былі вядомыя шырокай грамадскасці. 17—18 сакавіка 2010 г. мы наведалі Дубровенскі раён, правялі семінар па праблемах захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а заадно пабывалі ў в. Баева і шмат гадзін правялі разам з мясцовымі знаўцамі народных традыцый, запісалі ад іх некалькі дзясяткаў абрадавых песень, занатавалі шэраг асаблівасцяў правядзення каляндарных святаў і сямейна-родавых абрадаў. Але сапраўднай знаходкай для нас аказаўся падрабязны аповед пра мясцовую традыцыю выканання абраду "Розгары".

Ва ўсіх сваіх публіацыях мы шмат увагі надаём рэгламентацыям, звязаным з паводзінамі розных удзельнікаў тых ці іншых святаў у залежнасці ад узросту, сямейнага становішча, сацыяльнага статусу і полу чалавека. Вымалёўвалася дакладная сістэма культурных прадпісанняў, звязаная самым непасрэдным чынам са зместам абрадавых дзеянняў.

Яшчэ раз нагадаем, як размяжоўваліся прадстаўнікі розных узростаў, калі траплялі ў тыя ці іншыя абрадавыя сітуацыі. Напрыклад, капаць магілу і апускаць труну з нябожчыкам у магілу мелі права мужчыны толькі пасля 40 гадоў. Або як толькі труну з нябожчыкам апусцяць у магілу, прысутны люд выконвае рытуал апошняга з ім развітання. Уважліва і ўдумліва пастаўцеся да апошняга правіла: сям'я памерлага зямлю ў магілу не кідае, таму што яна развітваецца з нябожчыкам пацалункамі і абдыманнем — гэтаксама як пры сустрэчы або развітанні з жывымі. Той жа, хто не цалаваў памерлага на развітанне, кідае тры жмекнькі зямлі, гэтым самым адштурхоўваючы "смерць" ад сябе.

Сустрэчы ў Дубровенскім раёне выразна паказалі, што ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей, пра якую ніхто і ніколі не гаварыў як пра ўдзельнікаў памінальных абрадаў на працягу года. Давайце ўзгадаем: на восьмым тыдні пасля Вялікадня ў многіх мясцовасцях Беларусі адзначаўся "Русальны тыдзень" — свята, прысвечанае ўшанаванню рана памерлых дзяцей, незамужніх дзяўчат, маладых жанчын, якія зацяжаралі, а затым скончылі жыццё самагубствам.

Аказваецца, у в. Баева і некаторых суседніх з ёй вёсках быў спецыяльны дзень, калі ў цэнтры ўвагі былі жанчыны, якія цяжка хварэлі і так і не змаглі нарадзіць дзяцей, якія тайна зрабілі аборт, якія зачалі дзіця, але не вынасілі яго патрэбны час і ў іх быў "скідыш" (выкідыш), якія зачалі дзіця, але парушылі пэўныя забароны (напрыклад, прадпісанне не прасці і не ткаць у калядныя вечары або не секчы нічога сякерай, не вязаць у час цяжарнасці), у выніку чаго нараджалася дзіця, якое вельмі хутка памірала.

"Бабскае свята" адзначалася на восьмы дзень пасля Тройцы, або ў першы панядзелак пасля заканчэння Русальнага тыдня. Вельмі моцнае абрадавае спалучэнне: спачатку трэба ўшанаваць-памянуць заўчасна памерлых дзяцей, а назаўтра аддаць даніну павагі жанчынам з няшчаснай мацярынскай доляй!

Зранку гэтыя жанчыны выконвалі штодзённыя гаспадарчыя справы, а затым, бліжэй да дзевяці гадзін раніцы, рыхтавалі сабе спецыяльны венік з крапівы. Па памерах ён нагадваў бярозавы венік, якім вымяталі двор. Крапіўны венік насаджвалі на палку, каб можна было пакласці на плячо, і з ім адпраўляліся ў загадзя падрыхтаваную лазню. Жанчыны збіраліся "вяткамі" — групамі, гуртамі: нехта ў адной лазні, нехта — у іншай. Венікі залівалі на непрацяглы час кіпенем, а пасля гэтага пачыналі парыцца. Жанчыны, якія расказвалі пра незвычайны абрад, заўважылі, што кожнае рытуальнае дзеянне абрадніц суправаджалася спецыяльнымі формуламі-прыгаворамі, аднак, на жаль, яны ўжо не памятаюць тых магічных слоў. Хоць, магчыма, у гэтых словах была нейкая ўласная тайна, звязаная з памяццю пра бяду-здарэнне, і гаварыць пра яе пабочным людзям было зусім непажаданым.

Шмат пытанняў выклікае выкарыстанне веніка менавіта з крапівы. Яна якраз да гэтага часу набірала сваю моц, таму шырока выкарыстоўвалася ў ролі перасцярогі або ахоўнага абярэга ў купальскай абраднасці. Так, некалькі сцяблін крапівы вешалі ў варотах хлява, раскідвалі на падворку, каб мясцовыя ведзьмы не змаглі пранікнуць у хлеў і скрасці малако ў кароў. Крапіва-жыгучка цесным чынам звязана з эратычнымі матывамі ў фальклоры. Прымаўка "скакаць у крапіву" азначала саграшыць або згвалціць дзяўчыну. Адпаведна дзеці, якія з'явіліся на свет па-за шлюбам, называліся "крапіўнікамі". У такім разе становіцца зразумелым, што крапіўны венік як асноўны атрыбут абраду "Розгары" выконваў адначасова і ачышчальна-ахоўную, і прадуцыравальна-эратычную функцыі. Жанчыны, якія страцілі дзяцей, або тыя, якія іх не маглі зачаць, парыліся крапіўным венікам, каб вярнуць сабе дзетародную здольнасць.

Пасля таго як памыюцца, жанчыны апраналі на сябе чыстае адзенне, бралі кожная свой хатулёк з ежай і ўсе разам кіраваліся на край вёскі, туды, дзе расло жыта. Цікава тое, што ў склад абрадавай ежы ўваходзілі тыя ж стравы, якія дзяўчаты бралі з сабой на Тройцу, калі куміліся, і пазней на Купале. Галоўнае месца займала яечня — сімвал пераўтворанага жыцця, змянення статусу, пераходу ў іншую групу вясковых жанчын. Разам з яечняй быў хлеб, кавалак сала, нешта з хатняга печыва, абавязкова бутэлька гарэлкі.

На ўскрайку жытнёвага поля жанчыны рассцілалі посцілкі, раскладвалі прынесеную ежу, рассаджваліся і пачыналі своеасаблівае застолле. З аднаго боку, гэты абрадавы стол у пэўнай ступені нагадваў памінальны, таму што на пачатку жанчыны маліліся за страчаных дзетак, прасілі Бога дараваць ім гэты грэх, а з іншага — у ім былі выразныя элементы вясельнага стала. Нягледзячы на тое, што кожная з жанчын прыносіла свае стравы, яечню звычайна пускалі па крузе, каб кожны з прысутных узяў сваю долю (як і долю вясельнага каравая). Усе разам выпівалі па кропельцы гарэлкі, каб памянуць сваіх дзетак.

Праз нейкі час распачынаўся яшчэ адзін цікавы рытуал. Жанчыны ўставалі, браліся "па парах у абдымкі" і пачыналі парай качацца па жыце. Трэба было качацца да таго часу, каб кожная з жанчын тройчы апынулася на зямлі, на жыце. Нашы інфарматары расказвалі, што ў гэты час жанчыны нешта прыгаворвалі, аднак у сувязі з тым, што ў склад гурта дапускаліся толькі тыя, у каго здарылася бяда, то астатнія не ведалі тых замоў і малітваў. Аднак нам патлумачылі, што качацца па зямлі і жыце, якое ў гэты час выкідвала колас, трэба было дзеля таго, каб зямля дала ім сілу і здароўе, каб дапамагла, як і жыту, узгадаваць свой колас — сваё дзіця. Затым яны зноў садзіліся "за стол" і спявалі розныя песні — у асноўным ўжо пазаабрадавыя, пазнейшага часу, а таксама сіроцкія, у якіх быў адпаведны эмацыйны настрой. На наша пытанне адносна таго, ці не шкодзіла гэта жыту, жанчыны ўдакладнілі: яно толькі-толькі выкінула колас і было яшчэ мяккаке, а не крохкае, таму абавязкова падымалася і давала ўраджай. Яшчэ адно істотнае ўдакладненне. Незалежна ад таго, нараджаліся потым ў гэтых жанчын дзеці ці не, аднак яны усё адно штогод бралі ўдзел у абрадавым дзеянні.

Адвячоркам жанчыны збіралі "стол" і рушылі па вёсцы. А далей магло адбыцца тое, што часцей за ўсё здаралася на Масленіцу. Калі на вуліцы яны сустракалі мужчыну, то пачыналі лавіць яго і патрабаваць выкуп за тое, каб адпусцілі. Мужчына павінен быў адарыць жанчын цукеркамі, гарэлкай або грашыма. Калі ж ён не хацеў адкуплівацца, паводзіны жанчын станавіліся агрэсіўнымі. Яны са смехам пачыналі распранаць небараку: зцягвалі сарочку, маглі залезці ў штаны...

Аднак і на гэтым жаночае свята не заканчвалася. Сабраўшы выкуп, яны кіраваліся ў адну з вясковых хатаў (пра гэта загадзя дамаўляліся) і ладзілі сваё гулянне: танчылі, спявалі жартоўныя песні. Цікава тое, што на заключную частку абрадавых падзей прыходзіла вясковая моладзь і далучалася да святочнага гуляння: спявалі, скакалі, ладзілі ігрышчы.

Сення абрад гэты захаваўся ў спрошчаным выглядзе, аднак ён па-ранейшаму захоўвае сваю сакральную накіраванасць. Напрыклад, у суседняй вёсцы Ірвяніца ў гэты дзень жанчыны запрашаюць адна адну такімі словамі: "Ганна, пайшлі скідышаў памінаць!"

Сапраўды, чарадзейная зямля беларуская, і колькі б ні прайшло часу, яна ўсё адно будзе здзіўляць нас сваімі мудрымі людзьмі, абрадамі і святымі мясцінамі.

Аксана КАТОВІЧ,

Янка КРУК.

←Не можешь — не берись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика