Няцотнасць і няпарнасць
Да замужжа дзяўчаты часцей за ўсё прыбіралі валасы ў адну касу, але ў зборную суботу, перад самым вяселлем, сяброўкі распляталі дзявочую касу і перапляталі валасы нявесты ў дзве касы, што сімвалізавала прынцыповыя змены ў яе сацыяльным статусе: яна выходзіла замуж, пачынала жыць у пары. Напрыканцы вяселля вянок нявесты (якая пасля першай шлюбнай ночы стала жанчынай) свякроў перадавала першай дружцы або роднай сястры маладой.
Такім чынам, усе згаданыя вышэй рытуальна-абрадавыя сітуацыі міжволі прыводзяць нас да адназначнай высновы: калі гаворка ідзе пра жывых — пераважае сімволіка парнасці, калі ж ушаноўваюцца памерлыя — мы пастаянна сутыкаемся з няпарнасцю.
Набліжаюцца Восеньскія Дзяды. У гэты дзень многія наведваюць могілкі, як і на Радаўніцу. Аднак галоўнай падзеяй абраду ўшанавання продкаў павінен быць жалобны стол, які накрываюць дома ў адпаведнасці са строгімі канонамі традыцыі. Пры гэтым абавязкова трэба накрыць стол так, каб на ім стаяла няцотная колькасць страў (7—9—11—13—15—17 і нават 19) — знак ушанавання памерлых. Часцей за ўсё на Восеньскія Дзяды беларусы ставілі на стол 7 страў (няцотны лік), таму што ўшаноўвалі свой Род. А мінімальная колькасць пакаленняў, якую ахоплівала структура Роду, раўнялася сямі. Але ж каб не нашкодзіць жывым, якія прымаюць удзел у абрадзе ўшанавання, на стале адначасова павінны быць і знакі парнасці. Продкі пакінулі нам у спадчыну арыгінальнае выйсце з гэтай сітуацыі: кожную страву мы падаём на стол у дзвюх талерках. Знойдзена лагічнае вырашэнне праблемы: на стол пададуць 7 страў у 14 талерках. Усё дакладна, калі ўзгадаць, што парнасць гэтая пачыналася яшчэ з моманту наразання хлеба: па два кавалачкі кожнаму прысутнаму.
У святочны або будны дзень вы наведалі храм і захацелі паставіць рытуальны знак пашаны і памяці — свечкі. Але ж колькі іх павінна быць? Зноў-такі звяртаемся да добра знаёмага рытуальнага прадпісання: кожны павінен ушаноўваць свой Род аж да сёмага калена (тры пакаленні, якія жылі паперад нас: бацькі, дзяды, прадзеды, і тры пакаленні, якім жыццё далі мы: дзеці, унукі, праўнукі). Такім чынам, для таго, каб ушанаваць свой Род аж да сёмага калена, трэба паставіць дзве свечкі: адну за здароўе, другую — за супакой душы.
А якой гадзіне трэба выносіць нябожчыка з хаты? На Беларусі да нашых дзён прытрымліваюцца (часам ужо не разумеючы сутнасці з'явы) звычаю выносіць нябожчыка ў 12 або ў 14 гадзін. Гэта яшчэ адно пераканаўчае пацвярджэнне размежавання свету жывых (сімволіка цотнасці) і "свету" мёртвых (сімволіка няцотнасці).
Усе прыведзеныя вышэй прыклады пераканаўча сведчаць: у традыцыйнай культуры беларусаў сімвалам жывых была цотнасць, сімвалам мёртвых — няцотнасць.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.