І ляцеў ён на раялі, націскаўшы на педалі...

Источник материала:  

Чым выклікана настальгія па нямым кіно і тапёрскім мастацтве?

А вы ведаеце, што пад экранам кінатэатра "Ракета" ў Мінску без справы, нерухома, а магчыма як напамін, стаіць старое тапёрскае піяніна?!. Аднак магчыма, што стаіць недарэмна: дух тапёраў дагэтуль жывы і рвецца скрозь клавішы ў прастору. Ці то на раялях, ці то, можа, на машынах часу новыя, сучасныя тапёры акампануюць старому нямому кіно, ладзяць так званыя кінаканцэрты, вылечваюць нашу настальгію... Па свеце ладзяцца тапёрскія фестывалі: ад Кемерава да Сан-Францыска. Апошнім часам у Мінску адбываецца адзін кінаканцэрт за другім, газеты ўжо паспелі назваць гэтую з'яву "моднай" і задумацца, ці не адкрываецца ў тапёрскага мастацтва "другое дыханне"?

Кіно маўчыць — раяль крычыць

Аўтары нямых камедый прыдумалі штуку: "пузатае" піяніна, якое на кінаэкране не стаіць, як наканавана чалавекам магутнаму інструменту, а свавольна падае, смешыць гледачоў! Чарлі Чаплін першым праехаўся прама на фано з гары, адкуль інструмент бультыхнуўся ў возера і патануў — гэткая махіна! Пасля ў нямых фільмах раяль спускалі ўніз па лесвіцах, выкідвалі з вокнаў, коўзалі на ім па праспектах — усё дзеля забавы аўдыторыі. Піяніна на экране, вядома ж, разбівалася, рассыпаючы чорна-белыя клавішы і выпростваючы струны, спачатку абсалютна нема, потым неяк няясна, а пазней трэск, бум, бах, грукат рабіліся ўсё гучнейшымі, ды яшчэ і герой-комік пачаў паспяваць да таго, як з акна да зямлі даляціць дарагушчае піяніна, пракрычаць з экрана: "За што мне гэтае?!".

І ляцеў ён на раялі, націскаўшы на педалі...Колькі раяляў было разбіта ў кіно невядома, аднак гэты класічны "гэг" можна залічыць сімвалам таго, што здарылася з мастацтвам тапёраў пасля з'яўлення гуку ў кіно: тапёры, тыя, хто суправаджаў сеансы нямых фільмаў жывой музыкай, граючы часцей за ўсё на старых піяніна (адсюль і назва прафесіі: "тапёр" (фр.) — "грукатаць" — прыходзілася па клавішах), сталі не патрэбны кіно — і знікла прафесія, і знікла тапёрскае мастацтва... Трэск, бум, бах, грукат! Але гледачам асалода: з'яўленне гуку было натуральнай эвалюцыяй кінематографа...

Нямое кіно непераўзыдзенае ў выяўленчых эксперыментах ды экспрэсіўнасці акцёрскай гульні! Рэжысёр Квенцін Таранціна ў скандальным постмадэрнісцкім гімне кінамастацтву "Ганебныя" зацвердзіў "усемагутнае" кіно ў вечнасці нечакана з дапамогай таго самага класічнага, "разбуральнага" "гэга". У гэтым ваенным фільме нібыта складаецца рэйтынг спосабаў барацьбы з фашыстамі, і перамагае бабуля, якая скінула раяль з акна на ворага... Апошнім часам пайшла хваля сапраўднай цікавасці і да тапёрскага мастацтва. Натуральна, вобраз сучаснага тапёра цалкам адрозніваецца ад таго, пра які мы можам прачытаць у апавяданнях Чэхава ці Тургенева: яны апісваюць, як пагардліва ставілася грамадства да тапёраў, напрыклад, сапраўдны скандал і нават бойку магла выклікаць заўважаная размова дзяўчыны з вышэйшага свету з тапёрам-служкай. Зрэшты, тыя тапёры яшчэ не перайшлі ў кіназалы і гралі на танцавальных вечарынах. Пазней у свеце склаўся іншы вобраз: большасць кампазітараў, якія стваралі музыку для нямых фільмаў, былі сур'ёзнымі класічнымі музыкамі, і сваю працу ў кіно яны разумелі як новую і фінансава выгадную сферу класічнай музыкі. Нават выказвалася меркаванне, што вялікія кампазітары, такія як Вагнер ці Чайкоўскі, чыя музыка адрознівалася выключным драматызмам і эмацыйнасцю, калі б жылі ў эру з'яўлення кінематографа, абавязкова зразумелі б тыя магчымасці, якія надае музыцы "ўсемагутнае" кіно, і з задавальненнем сачынялі б ноты для тапёраў! Тапёры ж выдатна імправізавалі, чым заслугоўвалі павагу кінагледача.

— Сучасныя тапёры ўжо не носяць камізэлек і капелюшоў, пераабуліся з чаравікаў з лакавымі насамі ў белыя спартыўныя туфлі, змянілі піяніна на сэмплеры, але пакінулі самае галоўнае — прыглушаны, задуменны бляск у вачах... — кажа Валянцін Грышко, музыка, генеральны прадзюсар "MTV у Беларусі", які паспрабаваў акампанаваць нямому кіно. — Вазьміце ў рукі гітару, выключыце гук у тэлевізары — і, я ўпэўнены, нечакана для сябе вы здолееце агучваць нават экстранныя выпускі навінаў!

Валік Грышко супрацоўнічаў з гуртом "Усе", які складаўся з Графа (бас і прагамінг) і Арцёма Раменнага (гітара).

— Усіх нас узрадавала тое, што нам выпала агучваць любімы фільм і Фрэдзі Мэркюры "Метраполіс" рэжысёра Фрыца Ланга: гэты фільм надзвычай адпавядаў стылістыцы нашай музыкі — мінімалістычнай, меладычнай, крыху электроннай... Па праўдзе кажучы, мы, падаецца, нічога і не рабілі на сцэне: чорна-белыя футурыстычныя вобразы на экране і подых гледачоў самі выцягвалі музыку з-пад нашых пальцаў... Мы проста ў захапленні напаўабароту глядзелі фільм... Часам музыка настолькі дапаўняла фільм, што ў нас саміх дух займала! У пацвярджэнне — дружныя апладысменты і ўзрушаныя воклічы з залы!..

Час — назад!

Самае прыемнае для гледача ў сучасных тапёрскіх кінаканцэртах — гэта адчуванне цеснай сувязі сябе з мінулым, з гісторыяй, такое рэальнае, што нават губляешся... Грукат, бах, бум, трэск, і зноўку кіно абсалютна нема: гэта зачароўвае — быць удзельнікам музычнай падзеі, якая паварочвае час назад!..

Такую магчымасць далі вечарыны класічнага і сюррэалістычнага кіно, якія ў мінскім кінатэатры "Перамога" агучыў кампазітар-тапёр з Санкт-Пецярбурга Арсеній Трафім. Асаблівасць гэтай падзеі ў тым, што калі звычайна на кінаканцэртах музыкам прапаноўваецца паэксперыментаваць з агучваннем фільмаў, то Арсеній Трафім, аўтар праекта "Сучасная тапёрская кіназала", займаецца напісаннем і выкананнем музыкі да нямых фільмаў прафесійна, пастаянна. Ён кіраўнік элітарнага праекта: загадзя абвяшчае гледачам, што на яго выступленнях адбываецца змяшэнне кінатэатра і філармоніі, таму пасля сямі гадзін, як пасля трэцяга званка, не пажадана заходзіць у кіназалу.

Арсеній Трафім мае прафесійную музычную адукацыю — скончыў аддзяленне джазава-акадэмічнага фартэпіяна, ды дадаткова атрымаў спецыяльнасць "гукарэжысёр", спецыфіка якой цяпер дазваляе агучваць фільмы не толькі з дапамогай музыкі, але і дадатковых штучных шумоў і грукатаў. Музыка, якую ён піша да нямых фільмаў, не стылізацыя пад прыёмы і звычкі тапёраў-акадэмістаў пачатку ХХ стагоддзя: яна гучыць сучасна і мадэрнова, але пры гэтым, як правіла, не перашкаджае фільму распавядаць гісторыю свайго часу, толькі дадае разнастайных музычных колераў да чорна-белага кіно.

Сам кампазітар-тапёр распавядае, што шмат якія аўтары авангардных фільмаў раней забаранялі тапёрам акампанаваць сваім кінашэдэўрам, бо тая музыка, якую прынята было тады выконваць у кінатэатрах, не была эксперыментальнай, а значыцца, не здолела б падтрымаць інавацыйнасць авангардысцкіх маніфестаў. Адной з галоўных функцый сваёй дзейнасці "Сучасная тапёрская кіназала" называе асветніцкую. Але ж адчувалася, што, на жаль, нечага не хапала для таго, каб дапамагчы сучаснаму гледачу з "кліпавым" мысленнем успрыняць і прыняць выдатныя авангардысцкія кінаэксперыменты амаль стогадовай даўніны...

Затое Арсеній Трафім, як і было заведзена каля ста гадоў таму, запісвае ноты па сцэнах! Цікава, што з 1924 года захавалася спецыяльная інструкцыя — "Настроі нямых фільмаў" знакамітага кампазітара Эрна Рапі, якая змяшчала 52 "настроі" (клішэ, якія звычайна адбываліся на экране), распісаныя па ангельскім алфавіце з прыкладнымі нотамі: "аэраплан" (aіrplane), "гурт" (band), "бітва" (battle), "птушкі"(bіrds), "званок" (call) і г.д. Згодна з гэтым метадам, музыка мог адным вокам сачыць за экранам, а другім вокам — за алфавітам і, такім чынам, хутка знаходзіў тое, з чаго можна было б пачынаць агучваць сцэну. Пачаць, а потым ужо — таленавітая музычная імправізацыя!

Іграць — нібыта вагоны разгружаць

Гэтая сустрэча паказала, што ахвотных паглядзець нямое кіно пад музыку ў Мінску зусім нямала! Ды ў нас ёсць прыхільнікі тапёрскага мастацтва не толькі сярод публікі. Самі беларускія музыканты з вялікай ахвотай адгукаюцца на падобныя эксперыменты.

Калісьці Музей гісторыі беларускага кіно запрашаў на сеансы піяніста, каб музыкай стварыць патрэбную атмасферу перад нямым фільмам. Урэшце, у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек 26 мая падчас Міжнароднага фестывалю лялечных тэатраў акцёр Віталь Краўчанка "з'явіўся на сцэне з пафасна-музычна-тэатральным вывяржэннем гукаў на табурэтцы пад тапёра (Даша Мароз) "Істэрыі не будзе!" па творах А.М. Вярцінскага".

Адбылася не адна праграма ў кінатэатры "Перамога", падчас якіх класіцы нямога кіно акампанавалі вядомыя беларускія гурты. Напрыклад, "Метраполіс" (1926 г.) Фрыца Ланга ці "Голем" (1920) Паўля Вегенера агучвалі музыкі Валік Грышко, "Каханне і спорт", "Drum XTZ", Глеб Галушка і "HDDN Name". Нямецкі фільм "Кабінет доктара Калігары", рэжысёра Роберт Вінэ ішоў пад гурт "Рацыянальная Дыета". Гурт "Князь Мышкін" агучваў фільм "Дзяўчына са скрынкай" (1927) Барыса Барнэта. А вось Андрэй Іваноў з гурта "Zartіpo" сваёй музыкай нагадаў савецкую класіку — фільм "Кастрычнік" (1927) Сяргея Эйзенштэйна...

Леанід Нарушэвіч, лідар гурта "Князь Мышкін", успамінае:

— Нашае выступленне ў "Перамозе" прыйшлося на ўсплёск грыпу ў Мінску, таму гледачоў было так сабе, не шмат, але пляскалі ў далоні яны гучна!

Мы выступалі ў якасці тапёраў таксама на сеансах у Таганрогу і Маскве.

І калі-небудзь мы абавязкова выступім зноўку ў якасці тапёраў.

Тапёрская музыка патрабуе велізарнай увагі ад выканаўцы, тым больш, калі гэтая музыка імправізацыйная і моцна стамляе... Прафесія тапёра ў свой час была яшчэ тая, цяжкая, амаль як вагоны разгружаць.

Эпоха нямога кіно беззваротна сышла, і падобныя калажы цікавы сёння выключна як эксперымент. А можа ўсё-такі ёсць нейкая настальгія па той эпосе — нямога кіно?

На жаль, у Мінску няма рэтра-кінатэатра ці кінатэатра "паралельнага пракату", хоць даўно час, а пакуль тапёрскія кінаканцэрты — гэта адзіная магчымасць на вялікім экране паглядзець класіку нямога кіно.

Наталля Дашкевіч.

←Не можешь — не берись

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика